– Кідай ты яе, не будзь як дурань. Тым больш што яна ў іншым горадзе. Што з яе возьмеш. Знайдзі сабе новую дзяўчыну. Не вельмі разумную, але і не поўную тупіцу. Галоўнае, каб была прыгожая і не даставала. Забаўляйся!

– Як ты?

– Так. Дзяўчаты, жанчыны для таго і існуюць, каб атрымліваць ад іх радасць, а не пакутаваць ад іх, як ты.

– Але мы з ёй яшчэ са школы. Мне і яе шкада.

– Калі ты сапраўды да яе адчуваеш штосьці накшталт кахання, табе тым больш трэба з ёй завязваць. Трэба пазбавіцца ад гэтай ілюзіі, ад гэтай слабасці. Ды ўвогуле не бойся, што яна пра цябе падумае, не бойся, што пра цябе падумаюць іншыя. Плюй на ўсіх. Паступай так, як будзе лепш табе. Трэба станавіцца моцнай асобай, калі не хочаш жыць, як маса. Будзеш ты як лайно, альбо будзеш сапраўднай асобай, залежыць толькі ад цябе. Сартр казаў, што чалавек не нараджаецца героем ці баязліўцам. Усё вызначаюць учынкі. Сёння ты баязлівец, а заўтра герой, усё залежыць ад учынкаў.

– Дзякуй табе! Дзякуй, што так клапоцішся пра мяне.

Я хацеў сказаць: «Канечне, мы ж сябры», ― але паспеў стрымацца. Трэба было перавесці размову на іншую тэму, і я спытаў:

– А аб чым ты марыш?

– Я мару бегма прагледзець увесь Луўр за 9 хвілін 59 секунд.

– Калі шчыра, ты ўжо спазніўся, банда аўтсайдэраў паспела тое ж самае значна хутчэй.

– А ты аб чым марыш?

– Мары – гэта для слабых. Павінныя быць толькі мэты. Калі ў цябе ёсць мара, ты прызнаешся ў сваёй слабасці ды нікчэмнасці. Так што, пазбаўляйся ад мар. Едзь у Парыж і вазьмі Луўр хаця б за 9 хвілін 9 секунд. Дарэчы, гэта не было маёй мэтай, але я спрабаваў.

– Атрымалася?

– Не зусім. Я не паспеў дабегчы і да Моны Лізы, як мяне схапіла ахова ды больш ужо не пускала ўсярэдзіну. А ўвогуле я б хацеў стаць бессмяротным, а потым… а потым памерці.

Пасля гэтага мы гучна рассмяяліся на ўсю вуліцу і яшчэ доўга не маглі супакоіцца…

* * *

Я купіў нам з Вадзімам яшчэ па бутэльцы піва. У гэты вечар у бары «Малако» было няшмат людзей, і нам нават знайшлося месца прысесці. Там-сям сядзела багемная моладзь. Хтосьці гуляў у карты «Uno», хтосьці проста размаўляў ды піў які-небудзь кактэйль. Недалёка ад уваходу сядзеў Клінаў з Кудзяненкам, і я чуў урыўкі іх размовы.

Кудзяненка расказваў пра нейкую порнаакторку, якая збіралася для рэкорда зрабіць некалькі соцень мінетаў, але на шэсцьдзесят пятым страціла прытомнасць, і рэкорд не быў пастаўлены. Якраз у гэты момант Вадзім вярнуўся з прыбіральні і ўзяўся за сваё піва. Бутэлька хутка скончылася.

– Ну што, яшчэ па бутэльцы? А то нешта не ўстаўляе.

– Ты ж казаў учора, што ў цябе зусім няма грошай.

– Ну дык не было. Потым я ў Каці тысяч сорак узяў.

– З чаго б гэта ў Каці?

– Мы з ёй як бы спаткаемся.

– Ну дык ты малайчына, канечне. Маю параду паслухаў. І даўно?

– Ужо некалькі месяцаў.

– А чаму не расказваў?

– Ды так. Што тут расказваць?

– І часта ты ў яе грошы бярэш?

– Калі няма, то і бяру. Ну, яшчэ яна, бывае, у якой-небудзь кафэшцы заплаціць. Што ты прывязаўся?

Вадзім дапіў ужо чацвёртую бутэльку піва, але яшчэ не ап’янеў. Раней ён напіваўся і з адной. Ён усё больш і больш мяняецца. Мяняецца ягоны характар, мяняецца ягоная манера размаўляць з людзьмі, мяняюцца ягоныя інтарэсы, ён па-іншаму стаў апранацца. Цяпер у Вадзіме цяжка было пазнаць таго сціплага, непрыкметнага студэнта, якога я першы раз убачыў.

– Канечне, усе цудоўна, але калі дзяўчына плаціць за хлопца, гэта не зусім нармальна.

– Ты мяне яшчэ вучыць, можа, будзеш? Дастаў! Ты жывеш нейкімі шаблонамі. Што нармальна, а што не, вырашаю я сам. Хтосьці, памятаецца, казаў, што трэба ствараць уласную мараль. А зараз я гляджу, што ты такі ж, як і маса. Ты жывеш агульнай мараллю і агульнымі шаблонамі.

Мяне збянтэжылі словы Вадзіма, я не ведаў, што адказаць, таму паспрабаваў перавесці размову на іншую тэму.

– Не хочаш пагуляць у «Uno»?

– Мы ж не дзеці ў цацкі гуляць. Ёсць шмат больш цікавых спраў. Пара б ведаць. Ладна, трэба ісці.

Мы выйшлі з бара і пайшлі ў бок метро. Дзьмуў моцны вецер і я падумаў, што трэба было ўзяць што-небудзь цёплае. У пераходзе сядзеў нейкі ці то п’яніца, ці то бяздомны. Я паглядзеў на яго, і Вадзім гэта заўважыў. Ён паглядзеў на мужчыну з пагардай.

– От быдла, разлёгся тут. Аж брыдка. Хоць ты іх усіх за горад вывезі ды расстраляй.

– Навошта?

– «Падаючага падштурхні» ў мадыфікаванай версіі.

Гэта адзінае, што ён сказаў. Мне здалося, што я разумею, чаму ніхто не дапамагае такім, як ён. Яны даюць іншым пачуццё ўласнай перавагі. Даюць магчымасць перабіць непрыемнае адчуванне, што ты нішто.

* * *

Праз некалькі дзён мне прысніўся сон. Мы з Вадзімам нібыта былі ў Луўры. Нікога, акрамя нас, не было. Я хацеў дапамагчы яму паставіць рэкорд. Мы беглі з адной залы ў другую. Вадзім увесь час адставаў, як быццам наўмысна. Схапіўшы яго за руку, я, пераводзячы дых, сказаў: «Давай хутчэй, засталося чатыры хвіліны. Больш такое паўтарыць нам ніхто не дасць».

Як дзіцёнка цягнуў я Вадзіма за руку, але ён не вельмі спяшаўся. У роце я адчуў смак рыбы. Гэта мяне вельмі здзівіла, бо я не люблю рыбу. Гадзіннік паказваў, што засталося толькі тры хвіліны, а мы яшчэ не падняліся і на другі паверх.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже