Рука Вадзіма была халодная, мокрая, слізкая, як жывая рыбіна. За намі ўжо бег ахоўнік. Нельга было даць Вадзіму выслізнуць. Я паглядзеў на яго і ўскрыкнуў ад нечаканасці. На яго месцы была старая бабуля з гнілымі зубамі. Яна глядзела на мяне і смяялася. У мяне па целе пайшлі дрыжыкі. Цяпер рука была сухая і мяккая, як прагнілая бульба. Не ведаю чаму, але я не адпусціў яе і працягваў бегчы.
Ахоўнік быў усё бліжэй. Рука старой сама выслізнула, а я ўсё працягваў бегчы. Я прыкладаў усё больш і больш намаганняў, ды толькі заставаўся на тым самым месцы. Было такое адчуванне, што я бягу ў вадзе, якая запавольвае ўсе мае рухі. Вырашыў дапамагаць рукамі, нібыта адштурхоўваючыся ад паветра.
Ахоўнік быў амаль побач. Мяне ахапіў жах. Па гадзінніку заставалася яшчэ хвіліна. Ён ударыў мяне чымсьці па назе. У гэтым месцы я адчуў моцны боль, не вытрымаў і паваліўся. Побач стаяў Вадзім у форме ахоўніка з нейкай палкай. А Мона Ліза, ператварыўшыся ў старую, якую я трымаў за руку, гучна смяялася. Смех аддаваўся рэхам па ўсім Луўры…
Прачнуўшыся, я адчуў, што ўсё маё цела мокрае ад поту.
Пры ўваходзе мяне спыніла вахцёрка, але, пазнаўшы, усміхнулася і нічога не сказала. Я падняўся на трэці паверх у пакой, дзе жыў Вадзім. Яго не было дома, і дзверы адчыніў яго сусед. Унутры пахла кавай.
– Прывітанне!
– Здароў!
– Вадзіма няма, але ён зараз прыйдзе. Я мушу ісці па справах. Пачакай крыху, паглядзі тэлік.
– Ок!
– Сумаваць не будзеш?
– Не, дзякуй.
У невялікім пакоі я застаўся адзін. Ён адрозніваўся ад іншых у гэтым інтэрнаце. Тут ніколі не было студэнцкага гармідару. Усё было прыбрана, ніякага смецця, заўсёды чыста. Прайшло толькі шэсць хвілін, але я ўжо не мог сядзець без справы.
Каля ложка стаяў ноўтбук Вадзіма. Не ведаю чаму, але ён ніколі не даваў мне ў ім лазіць. Я не звяртаў на гэта асаблівай увагі, ды зараз, у адзіноце, мне стала вельмі цікава, што ён ад мяне хавае.
Нічога, што б прыцягнула маю ўвагу, я не знайшоў. Я прагледзеў амаль усе файлы, нават схаваныя. І толькі на дыску С я знайшоў папку з назвай «вомвоа». У ёй было шмат відэа, музыкі і толькі адзін дакумент, які называўся «Мая лабараторыя».
Дакумент пачынаўся наступным чынам «Эксперымент № 1…». У мяне адразу ўзнікла думка, што ён дзесьці паспеў сцягнуць мой нататнік з запісамі аб эксперыментах і перапісаў усё сабе ў камп’ютар. Мяне ахапіла злосць, якая змянілася разгубленасццю: значыць, ён ведае, што з’яўляецца аб’ектам майго эксперыменту.
Але потым я заўважыў, што гэтыя эксперыменты маюць іншыя назвы. Апошні эксперымент ішоў пад назвай «At amicus at inimicus». Я чытаў урыўкамі і не мог адразу нічога зразумець: «…я даў яму адчуць, што ў нашых стасунках ён галоўны, дзеля таго, каб…», «…паступова дамінуючая роля перайшла ад яго да мяне, што не стала для яго відавочным…».
Перачытаўшы зноў, я зразумеў, што там пісалася пра мяне. Не Вадзім быў аб’ектам майго эксперыменту, а я аб’ектам ягонага. Я думаў, што ў мяне ўсё пад кантролем, але аказалася, што мной самім кіруюць, а ўсе ягоныя змены былі ім жа самім і запланаваныя. Было пачуццё спустошанасці. Першы раз за сталае жыццё мне захацелася плакаць, але я стрымаўся. Зноў захлынула злосць. Захацелася адпомсціць. Зараз я быў на крок наперадзе. Думкі перабівалі адна адну…
Ішоў дождж. Вокны запацелі, і на іх добра было што-небудзь маляваць: сонейка, кветкі, або ўласнае імя, як любяць гэта рабіць малыя дзеці, адным словам, усё, што пажадаеш.
Васіль павольна вадзіў пальцам па акне, вымалёўваючы рысы чалавечка. Гэта быў дзіцёнак, невялікага росту, хлопчык з кароткімі і даволі густымі валасамі. Хоць хлопчык і быў намаляваны схематычна, але зачароўваў вока сваёй незвычайнай натуральнасцю, нібы нябесны анёл кіраваў рукой Васіля.
Васілю было больш за шэсцьдзесят гадоў. Ён быў сіратой, таму сваякоў ён не меў. Яго маладосць не была насычаная падзеямі: жыццё было манатонным, і ў гэтым назіралася вусцішная стабільнасць. І так атрымалася, што з юнацтва і да старасці ў яго ніколі не было сапраўдных сяброў. І не таму, што ён быў дрэнным, благім, не. Васіль быў чалавекам скрайне сціплым і шчырым, а гэта ў сучасным грамадстве не вельмі цэняць. Людзі заводзілі з ім стасункі толькі дзеля таго, каб скарыстацца з яго дабрыні, атрымаць з яго хоць якую карысць.
Усё сваё жыццё Васіль сумленна працаваў, ставіўся да людзей шчыра, ніколі нікога не ашукаў. Потым выйшаў на пенсію, а на сабраныя грошы марыў набыць невялікую ўтульную хатку ў вёсцы, дзе хацеў схавацца ад гарадской мітусні.
Васіль знайшоў акурат тое, што ідэальна адпавядала ягоным марам і ўжо загарэўся купіць гэты маёнтак, на які натрапіў у газеце. Але жыццё такое непрадказальнае і несправядлівае да сваіх дзяцей. У той час, калі Васіль падыходзіў да канторы, дзе было дамоўлена падпісаць дагавор аб куплі дома, на яго напалі два бамбізы. Яны адабралі ў яго ўсе грошы, а самога збілі да паўсмерці. Пасля гэтага мара перабрацца ў вёску сталася недасяжнаю, і то Васіль дзякаваў Богу, што застаўся жывы.