Ён любіў пагартаць свае старыя нататнікі, параўнаць, наколькі змяніўся за апошнія год-два, альбо пяць гадоў, як змяніліся яго інтарэсы і планы. Часам настальгія прыводзіла ў меланхалічны стан, а часам зусім наадварот – дазваляла знайсці цікавыя запісы, якія натхнялі на арыгінальныя ідэі. У любым выпадку, Жыль успрымаў гэтыя вяртанні ў мінулае як вельмі прадуктыўныя працэдуры рэфлексіі, якім планаваў надаваць асаблівую ўвагу пасля пераезду, калі ўвесь свой час зможа аддаваць выключна працы ды самаразвіццю. Пачынаючы ўжо з першых дзён у яго склаўся графік, з якога Жыль стараўся не выбівацца.

<p>Набліжэнне</p>

За дзвярыма была невялікая зала цёмна-чырвоных таноў, дзе стаялі дзве шырокія канапы, пяць крэслаў і столік на нізкіх ножках. Франка патлумачыў, што менавіта тут звычайна адбываюцца сходы персаналу клінікі, якія праходзяць у даволі нефармальнай і нязмушанай атмасферы. Структура залы была скразная, і акурат наступныя дзверы вялі ў кабінет чалавека, які ўзначальвае клініку. Яшчэ некалькі крокаў, і Андрэй нарэшце атрымае больш-менш канкрэтныя ўстаноўкі.

Да гэтага моманту склалася адчуванне, быццам ён прыехаў на адпачынак, да таго ж тут нічога не нагадвала пра медыцынскую структуру. Ён прывык да адзінай уніформы як персаналу, так і пацыентаў, строгіх правілаў, выразнага распарадку дня, халоднай атмасферы такога роду месцаў. У гэтым жа месцы ўсё зусім інакш: пафасная атмасфера з шыкоўным інтэр’ерам, дактары ходзяць у звычайнай вопратцы. Пацыентаў Андрэй яшчэ ўвогуле не бачыў. Хлопец пачынаў ужо забываць мэту прыезду ды магчымую ролю ў дадзенай установе, але слова «клініка» вяртала да рэальнасці.

Папярэдне пагрукаўшы, Франка адчыніў дзверы і прапусціў Андрэя наперад. «Заходзьце, заходзьце» ― пачуўся голас з кабінета. Добры твар Штомпка расцягнуўся ва ўсмешцы. Гэта быў невысокага росту чалавек з вялікім ротам і шырока пастаўленымі вачыма, бліскучай лысінай ды густой сівой барадой. Ён працягнуў сваю велізарную руку, якая жалезнымі абцугамі сціснулася ў прывітанні. Нягледзячы на вясёлую добразычлівасць гаспадара кабінета, Андрэя ахапіла моцнае хваляванне. Ён не ведаў, куды схаваць рукі, то складаў іх за спінай, то на грудзях, то хаваў у кішэні, погляд бегаў, словы запляталіся, голас змяніўся да непазнання. За акном бачыўся двор, і ў галаве паўстала думка, што за ім маглі назіраць падчас прагулкі каля возера.

– Андрэй, знаёмцеся, дырэктар клінікі – Уладзіслаў Штомпка, ён вас скаардынуе і ўсё растлумачыць. Цяпер я вас пакіну, але калі ўзнікнуць пытанні, звяртайцеся.

– Добра.

– Дзякуй вам, Базалья. Калі ласка, папрасіце Тадэвуша потым зайсці да мяне.

– Канечне.

Франка выйшаў, а лагодны доктар прапанаваў прысесці. Толькі цяпер Андрэй паспеў мімаходзь агледзець кабінет. Уздоўж сцен стаялі высокія, да самай столі, шафы з кнігамі і тэчкамі. Стол быў завалены паперамі. На падаконні стаяў невялікі бюст у антычным стылі. Насупраць акна знаходзіліся яшчэ адны дзверы, якія, хутчэй за ўсё, вялі непасрэдна ў калідор.

– Андрэй, ну як вам тут, якія першыя ўражанні?

– Маляўнічае месца. Пакуль агледзеў не ўвесь палац, але тое, што паспеў ужо ўбачыць, мяне вельмі ўразіла.

– Вас, пэўна, здзіўляе, чаму клініка знаходзіцца ў такім месцы, і чаму няма дактароў у белых халатах?

– Так, ды і не толькі гэта. Дакладней кажучы, я практычна нічога не ведаю пра вашу клініку за выключэннем таго, што сёння бачыў.

– Спадзяюся, вас такая невядомасць не адпудзіла. Справа ў тым, што гэтага патрабуе асаблівасць нашай установы. Мы знаходзімся ў прамежкавай пазіцыі, як бы паміж бальніцай, рэабілітацыйным цэнтрам і псіхіятрычнай клінікай. Думаю, не будзе перабольшаннем, калі скажу, што гэта ўнікальная клініка, якую складана, ды і не трэба ўпісваць пад якую-небудзь агульнапрынятую катэгорыю. Шмат у чым такое становішча звязана з асаблівасцямі нашых пацыентаў. Разумею, што псіхічныя адхіленні самі па сабе ўжо даюць падставы казаць пра некаторыя асаблівасці, незвычайнасць. Але тут мы маем выпадкі, з якімі яшчэ ніхто і ніколі не сутыкаўся, ва ўсякім разе, у псіхіятрычнай практыцы. Нашы пацыенты маюць фізічныя адхіленні або калецтвы, якія сталі вынікам іх псіхічнага захворвання. Аднак не хвалюйцеся, для персаналу клінікі гэта не ўяўляе аніякай пагрозы. Напэўна, пакуль што я кажу расплывіста і вы не зусім уяўляеце, з чым будзеце працаваць, але ў далейшым паступова ўвойдзеце ў курс справы і з усім асвоіцеся.

Магчыма, не зусім правільна, што мы загадзя не паведамілі пра ўмовы працы тут, і, хутчэй за ўсё, вы б адмовіліся, але інакш немагчыма. Існаванне дадзенай установы засакрэчана. Пра існаванне нашай клінікі, за выключэннем тых, хто ў нас працуе, вядома толькі некалькім чыноўнікам з міністэрства і абмежаванаму колу членаў ураду. Таму нават мой даўні і блізкі сябар – Альгерд Францавіч – нічога канкрэтнага не мог вам патлумачыць. Мы робім усё магчымае, каб пазбегнуць распаўсюджвання хоць якой інфармацыі пра гэтае месца. Чакаю ад вас таго ж.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже