Гвата нарадзіўся ў багатай сям’і, наведваў школу-пансіён Карно, таксама правёў год у Ліцэі Генрыха IV, затым навучаўся ў Сарбоне. Пасля заканчэння Сарбоны быў адпраўлены выкладаць у Алжыр. У гэты перыяд ён пачынае цікавіцца целам чалавека з сацыялагічнай ды філасофска-антрапалагічнай пазіцый. У прыватнасці, стаўленнем да жаночага цела ў розных культурах. Асабліва на пачатковых этапах яго прыцягнулі такія феномены, як перавязванне жаночай нагі ў Азіі, мода на гарсэты ў Еўропе, павелічэнне шыі пры дапамозе кольцаў у Афрыцы.

Артыкулы Гвата на гэтую тэму прыцягнулі ўвагу акадэмічнай супольнасці Парыжа. Неўзабаве яго запрасілі выкладаць у адзін з парыжскіх універсітэтаў. Неадкладнае жаданне вывучаць дадзеную з’яву ў рэальных умовах прымусіла Гвата пакінуць выкладчыцкую і навуковую дзейнасць у Парыжы ды адправіцца ў падарожжа па Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. Падчас падарожжаў на падставе багатага эмпірычнага матэрыялу ў Гвата фармуецца філасофская тэорыя адносна чалавечага цела, якую ён спрабуе прасунуць у акадэмічных колах праз тры гады пасля вяртання ў Парыж.

Згодна з ёй, чалавек сёння перастае існаваць, перастае адчуваць уласнае цела, якое з’яўляецца нічым іншым, як самім жыццём. Менавіта ў выніку смерці цела памірае чалавек. Праз боль ён адчувае подых смерці, а значыць, і рэальнасць самога жыцця. Бо што, калі не смерць, можа больш за ўсё наблізіць чалавека да вострага ўспрымання жыцця? Менавіта рызыка смерці і фізічны боль дазваляюць, на думку Гвата, па-сапраўднаму адчуць, чым ёсць жыццё. Аднак у сучасным грамадстве, дзе чалавек больш не рызыкуе сваім жыццём, у грамадстве татальнага камфорту, або таталітарызму камфорту, калі ўсе намаганні грамадскай, навуковай ды дзяржаўнай машыны, у тым ліку ўдасканаленых медыцынскіх практык накіраваныя на тое, каб засцерагчы чалавека ад усялякіх рызык і болю, чалавек больш не адчувае свайго цела, не адчувае смерці, а значыць, не можа больш адчуць жыццё. У грамадстве чалавек цяпер не жыве, але функцыянуе.

Гвата разумеў, што з боку парыжскіх даследчыкаў будзе магутны супраціў смелай тэорыі. Яе адразу ж адпрэчаць, але спадзяваўся на з’яўленне прыхільнікаў у асяродку прагрэсіўнага студэнцтва. Адмаўленне ды непрыняццё новай тэорыі з боку не толькі навукоўцаў, але і студэнтаў прывяло яго ў адчай. Навуковец чакаў крытычных артыкулаў, дыскусій, але ягоную канцэпцыю нават не ўспрынялі сур’ёзна, яе нават ніхто не абмяркоўваў.

Паўгода ён перажываў глыбокую дэпрэсію. Некалькі месяцаў нічога не еў, ні з кім не гаварыў, не выходзіў на вуліцу, нават не ўпускаў дзённае святло ў свой пакой. Выхадам з дэпрэсіі сталася рашэнне прапусціць тэорыю праз уласнае цела. Так пачаліся эксперыменты Фелі Гвата. Ён рабіў усё, каб адчуць сваё цела, адчуць кожны орган адзін за адным. Пачаў з зубоў, давёўшы іх да невыноснага болю. Затым, пры дапамозе нажа, змог адчуць свае рукі, ногі, тулава. Але ўжо праз некаторы час здалося, што гэтага недастаткова. У выніку Гвата пазбавіўся носа і правай нагі. Пры гэтым даводзілася балансаваць, каб адзін з эксперыментаў не прывёў да смерці цела. Спачатку быў просты няўяўны боль той ці іншай канечнасці, але калі ён праняў практычна ўсё цела, калі боль стаў перманентным, адбывалася нешта дзіўнае, хвалюючае і жудаснае адначасова. Ён адчуваў, як змяняецца не толькі ўспрыманне прадметаў, скразняку з акна, прамянёў святла, што ледзь прарываліся скрозь дзіравыя фіранкі, але і як змяняецца мозг, як ён працуе, вырываючыся з галавы.

Пачынаючы з самага першага эксперыменту, Гвата запісваў свае назіранні ў сшытак з цвёрдым пераплётам. Чым больш запаўняўся гэты сшытак, тым далей заходзіў эксперыментатар. Боль мацнеў. Аднойчы ноччу, калі смурод адрэзанай нагі стаў даносіцца да суседзяў, жандары выламалі дзверы. Дастаткова было некалькіх секунд, каб жандары ўбачылі ў ім вар’ята. Але калі б не сшытак з жудаснымі запісамі, яго маглі адправіць у звычайны вар’яцкі дом.

* * *

Англійскі актор Дэрба Круз нарадзіўся, у адрозненне ад Фелі Гвата, у беднай сям’і, і ўсё сваё дзяцінства правёў у праблемных раёнах Лондана. З нараджэння ён валодаў прыгожай знешнасцю і надзвычай моцным целаскладам, маючы пры гэтым добры характар і пачуццё ўласнай годнасці. Такое спалучэнне, магчыма, і магло б існаваць арганічна ў арыстакратычных колах, але ніяк не ў тых, дзе Дэрба правёў сваё дзяцінства. Як правіла, прыгажосць ягонага твару засланяла наяўнасць мускулаў. Таму аднагодкі пастаянна патрабавалі ад яго доказу дамінавання другога над першым. Пры ўсім сваім дабрадушным характары, Крузу прыходзілася кожны дзень даказваць у бойках, што ён не размазня, і гэта прыносіла яму душэўны боль. Але з часам дабрата характару паблякла, а звычка біцца замацавалася. Ён нібыта ішоў ва-банк: альбо пераможа і захавае сваю прыгожую знешнасць, альбо прайграе фізічна і заслужыць зламаны крывы нос. Нягледзячы на душэўнае імкненне да прыгожага і творчага, жыццё завяло яго ў бар, дзе ён ужо падлеткам стаў працаваць вышыбалам.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже