Першым па спісе значыўся Мілаш Любіч – румынскі нацыяналіст, вельмі расісцкіх поглядаў. Чалавек з досыць няўстойлівай псіхікай. Узровень нянавісці ў крытычныя перыяды дасягае дзевяці з паловай пунктаў па шкале Релтіга. Для Любіча характэрныя рэгулярныя прыступы злосці, падчас якіх тэмпература цела пачынала падвышацца, што часам правакавала ўнутранае ўзгаранне з наступным выдзяленнем дыму. У выніку аднаго з такіх вострых прыступаў скура Мілаша набыла шакаладнае адценне, і цяпер яго складана было адрозніць ад мулата. Наступны прыступ ледзь не прывёў Любіча да смяротнага зыходу. Штомпка адзначыў, што калі б не прымусовае лячэнне, ад яго ў хуткім часе засталіся б адны вуглі. Таму можна лічыць, што Любічу вельмі пашанцавала. Гэта асабліва цяжкі пацыент, які патрабуе пастаяннага нагляду, бо трэба не прапусціць пачатак чарговага прыступу і своечасова пакласці яго ў ванну з лёдам, каб спыніць імклівае падвышэнне тэмпературы цела.

Магчыма, штуршком да ўзнікнення і развіцця псіхічных адхіленняў стала раскрыццё таямніцы яго нараджэння. З дзяцінства Любіч рос без бацькі. Маці – Адрыяна Любіч – сцвярджала, што бацька – дзяржаўны служачы, які быў вымушаны час ад часу наведваць з дыпламатычнай місіяй іншыя дзяржавы, падчас адной са службовых паездак нібыта памёр ад невядомага захворвання. Пазней, калі Любіч вучыўся ў духоўнай семінарыі, ён выпадкова высветліў, што нарадзіўся праз два гады пасля смерці Міхая Любіча – мужа Адрыяны. Маці спрабавала растлумачыць такую сітуацыю памылкай у дакументах, але ў рэшце рэшт не вытрымала ціску Мілаша ды вымушаная была прызнацца.

Пасля смерці мужа Адрыяна стала вельмі набожнай і часта хадзіла ў царкву. Аднойчы яна затрымалася дацямна пасля доўгай малітвы, а па дарозе назад, амаль каля самага дома, на яе напаў ды згвалціў цыган. Ён прыставіў ёй да горла нож, Адрыяна нават не магла крычаць. Праз некаторы час яна даведалася, што цяжарная, але як верніца прыняла рашэнне пакінуць дзіця. Гэтым немаўлём і стаўся Мілаш.

Такое адкрыццё шакавала Любіча. Таямніца нараджэння прывяла да глыбокага ўзрушэння, якое перавярнула ўсе ягоныя прынцыпы, перакананні і ідэалы. Ён сышоў з семінарыі, пакінуў родны дом, і Адрыяна больш ніколі не бачыла сына. Доўгі час Мілаш падпрацоўваў рознарабочым, пакуль не сустрэў Мікалая Кадрану, які пазнаёміў яго з румынскімі анархістамі. Яны праз некаторы час прыцягнулі Любіча да агітацыйнай дзейнасці. Але анархісты не зусім адпавядалі поглядам маладога чалавека. У далейшым ён змяніў яшчэ некалькі палітычных груповак, пакуль не ўступіў у «Вялікую Румынію». Дзейнасць і ідэалогія арганізацыі адпавядала ягоным нацыяналістычным і атэістычным памкненням. Добрыя арганізатарскія здольнасці, жывы розум і здольнасць да публічных прамоваў спрыялі таму, што Любіч імкліва падняўся па іерархічнай лесвіцы партыі. Праз два гады ўжо займаў вядучую пазіцыю ў гэтай структуры. Вакол маладога нацыяналіста сфармавалася вялікая група прыхільнікаў.

Адчуванне ўласнай улады і канфлікт з вышэйшым кіраўніцтвам неўзабаве прывялі да расколу.

У выніку Любіч сышоў з партыі і разам са сваімі паслядоўнікамі арганізаваў групу «Жалезны крыж». Падчас уступлення ў «Вялікую Румынію» прыступы злосці насілі лёгкую форму, іх яшчэ можна было схаваць, але цяпер яны сталі рэгулярнымі і прымалі ўсё больш складаныя формы. Пасля аднаго з прыступаў скура Любіча набыла ненатуральна цёмнае адценне. Па выпадковым збегу абставінаў члены групы «Жалезны крыж» – ягоныя ўласныя паслядоўнікі – прынялі Любіча за цыгана ды жорстка збілі яго і пакінулі паміраць у падваротні.

Магчыма, ён і памёр бы, але Любіча падабрала кампанія цыганоў, ды аказала яму неабходную дапамогу. Каб крыху суняць боль ад збіцця, адзін з іх паіў Любіча віном, прыгубляючы сам час ад часу. Спачатку лідар «Жалезнага крыжа» праявіў насцярожанасць і практычна не размаўляў. Але, ладна выпіўшы, Любіч і стары цыган разгаварыліся. Ледзь звязваючы думкі ў словы, стары цыган прызнаўся: «Я не веру ў бога. Неяк, гадоў трыццаць таму, я згвалціў адну кабетку. І што ж… бог мяне так і не пакараў». Пачуўшы гэта, Любіч выгукнуў: «Цяпер у цябе няма нагоды не верыць у яго, а ў мяне яшчэ ёсць», – ды схапіў са стала нож і ўсадзіў старому цыгану ў горла.

Збегчы ад сяброў сабутэльніка Любічу ўдалося, але праз некалькі дзён яго затрымала паліцыя. У турме прыступы пачасціліся, аднак усе лячэбныя ўстановы адмаўляліся яго прымаць, спасылаючыся на некампетэнтнасць у такім захворванні. Пасля доўгіх перамоваў Любіча пагадзіліся перадаць у «Amicus».

* * *

Цела французскага філосафа Фелі Гвата шмат пацярпела ад разрадаў току, удараў, парэзаў і ампутацыі некаторых сваіх частак. Такое стаўленне да ўласнага цела сталася вынікам не столькі схільнасці да садызму, колькі распрацаванай ім філасофскай канцэпцыі.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже