Знікае. Сінеюць кветкі яблыні. I вось гэта ўжо снег. I цьмянее святло... Потым яно ўспыхвае, нібы ад таго, што недзе – вельмі далёка – пачалі ракатаць барабаны. Успыхвае, асвяціўшы пустую, бязлюдную камеру, чатыры сценкі і пусты ложак... I – цемра. Цьмяныя сілуэты дрэў. Гола, страшна, трывожна шумяць дрэвы, і ў пошум уплят аюцца жудасны матыў “Дароты” і далёкі барабанны пошчак... Слаба асветленыя толькі некалькі постацей: юрод, плакальшчыца, нямы Ян.

Голас з цемры. Прыгавор! Па ўказу яго Імператарскай Вялікасці ваенны суд, заснаваны пры Віленскім ардананс-гаўзе... прыгаворвае двараніна Каліноўскага...

Голас Кастуся. У нас няма дваран. У нас усе роўныя.

Цемра. Пошчак. Шум дрэў.

Плакальшчыца. Зямля наша, беспрытульная наша... Рукі нашы, як зямля, у вачах змрок... Не хацеў ты гэтага, белы наш коннік, Юры наш, пераможны наш... Вось яны цябе і скруцілі падманам... Глядзіце ж толькі, каты, глядзіце... Лятуць між хмар рыцары... Мячы іхнія – маланкі, вочы іх – стрэлы смертаносныя... Белыя коні... Залатыя коні... Гоняцца за ноччу...

Голас з цемры. А маёмасць яго – канфіскаваць.

Юрод. Был-ла хата ў арла... Был-ла шата ў арла... Галгофа! Адзенне дзеляць!..

Расце барабанны пошчак. Плакальшчыца заламіла над галавой рукі.

Плакальшчыца. А і гало-о-вачка наша... Па-а-сівела ж яна за нас, бедных... Ра-а-са на ве-чкі пала, як слёзы... Яне, Яне мой... Скардзіся... Цяпер няма каму за цябе... Скардзіся.

Нямы крычыць. Лямант страшэннага абурэння і злосці ляціць над людзьмі. Аблічча Яна – нібы аблічча анёла гневу. Крычыць нямы. I раптам з рота яго...

Нямы. Не-е-е... усё яшчэ... Не-е ўсё! Не-е ўсё!!!

Гукі “Дароты” цяпер пагрозлівыя і магутныя. Ракочуць барабаны. Мацней. Мацней. Нясцерпна. I на самай вышэйшай мяжы пошчаку з яго вырываецца, адсекшы ўсё астатняе, – страшны жаночы лямант...

Голас . А-а-а!

Змрок. У цемры гола і трывожна шумяць дрэвы.

Голас Беларусі (ясны і нечакана спакойны). Не!.. Не!.. Не!.. Вы – гэта я. Хіба я магу памерці? Устаньце з зямлі. Той, хто памёр, як вы, – не памірае.

Яснее святло. Некалькі вялізных, на ўсю сцэну, кратаў. За апошнімі ўсё яснее постаць. Гэта Кастусь. Яснее срэбнае святло, і ўрэшце ўся фігура Каліноўскага прамяніцца срэбрам – нібы знутры. Ён ідзе проста на краты, і краты бяссіла падымаюцца перад ім... Адны... другія... трэція. Паступова мацнеюць барвяныя адбіткі зарыва на постаці Кастуся.

Кастусь.

Вялікі мой народ, зямля мая.

Гняздо пакут, змагання і свабоды,

Зямля маіх нябёс, маёй каханай,

Маіх сяброў, маёй спявучай мовы...

Я толькі што памёр. I ў гэты час

Аддаў табе, зямля, сябе самога,

Каб ведала, як я цябе люблю.

Аддаў азёрам – вочы, чуб – ільнам,

Смех – ручаінам, песні – цёмным пушчам,

Закатам – кроў, мужыцкім бунтам – гнеў.

А душу – кожнаму з братоў сапраўдных,

Каб кожны меў хоць трохі ад мяне.

Што бачу я ўдалечыні? Пажары,

Паўстанні, сечы, зарыва, нашэсці.

Меч ворага амаль ля сэрца пройдзе,

Ты будзеш паміраць. Ды толькі ведай,

Бяссмертны ты, як фенікс, мой народ...

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги