Кастусь
Я думаў, вы больш мужны... Я разумею, я проста першы, хто зразумеў вас да самага нутра. Да таго, у чым вы самі, можа, толькі аднойчы, у дрымоце, калі воля ўжо спіць, прызналіся сабе.
Рэнегат. Вам трэба для заспакаення рабіць другіх падобнымі да сябе... Але я гэтага... апошняга... вам не падару...
Мураўёў. Скажыце членам часовага палявога аўдытарыята, што я прапаную ім
Кастусь. “Браты мае родныя, мужыкі! 3-пад... шыбеніцы прыходзіцца мне вам пісаць. I, можа, у апошні раз. Горка пакінуць родную зямельку і цябе, дарагі мой народзе. Застогнуць грудзі, забаліць сэрца, але не шкада загінуць за тваю праўду.
Бывай здаровы, мужыцкі народзе!
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе
I часам спамяні пра Яську свайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
I калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела...
Ты, аднак, народзе, не чакай і з чым можаш ідзі ваяваць за свайго бога, за сваё права, за сваю славу, за сваю бацькаўшчыну”. Усё... Усё?.. Так, усё...
Снег... Снег... Варушыцца. Падае. Апошні снег гэтай зімы.
Цень. Уставай, Кастусь. Уставай, сынок. Пагаворым. У нас мала часу.
Кастусь. Гэта ты... маці? Чаму я пазнаю твае вочы? Ты так рана памерла. Я ж ніколі ў жыцці не бачыў цябе.
Ніколі не бачыў, а пазнаю... адразу. Ты ж мая маці?
Беларусь. Але.
Кастусь. Якое шчасце, што ты прыйшла.
Беларусь. Я не магла не прыйсці.
Кастусь. Чаму ж ты раней ні разу не прыходзіла? За ўсе дваццаць шэсць... год... і два месяцы?!
Так... Разумею... Не кажы нічога. Якое шчасце, што ты ўсё ж прыйшла, мама.
Беларусь. Ты маўчы. Ты не кажы нічога, не думай ні аб чым. Ты проста пакладзі мне галаву на калені і паплач... Ну.
Люлі-люлі-люленькі,
Зашумелі лазнякі,
Гнуткія трысцінкі,
Тонкія націнкі.
Спі-і, спі.
Зямля маўчыць. Яна ў пажары ўся.
Парваліся на ліры сонца струны,
Застрашлівай не даспяваўшы руны
Пра смерць і неўміручасць Кастуся...
О, мой народ, зачаты для бяссмерця
Так, як і ўсе народы на зямлі.
Мужайся, ў кулаку зацісні сэрца
I рабства ў ім навекі спапялі.
Над зямлёй-балесніцай
Тонкі чоўнік месяца.