Ў хвалях месячык скакаў,
З плаўняў чоўнік выплываў,
З плаўняў чоўнік выплываў,
Князя ціха калыхаў...
Натаміўся жывучы,
Нахадзіўся уначы,
Столькі стрэл параскідаў,
Столькі нівак заараў.
Бо сонца шчасця немінуча ўстане,
Калі яго чакаць і зваць, як мы,
Сярод цямноцця і сярод рыданняў,
Сярод бязлітаснай, як смерць, зімы.
Люлі-люлі-люленькі,
Не шуміце лазнякі,
Божыя націнкі,
Моцныя трысцінкі...
Спі... Сярод бязлітаснай, як смерць, зімы...
Караліна. Бачыш, яблыні цвітуць... Я ніколі не думала, што я так не магу без цябе... Уначы блішчыць раса на пялёстках, як зоры.
Кастусь. То хадзем туды...
Караліна. Я ніяк не магу дацягнуцца, падаць табе руку.
Кастусь. Нічога... Усё адно дзякуй. Бо я блытаю імя тваё і радзімы. Бо я працякаў праз пустыні. Бо толькі з табой я паверыў у вясну.
Караліна. Сэрца згарае ад любові... Я не магу без цябе... Каб ты толькі ведаў,
Кастусь. Яблыня, яблыня... Абсып яе пялёсткамі... Бяжым, сланечнік... Глядзі, якая цвецень.
Яневіч. Я дапамагу вам. Вось месяц-чоўнік дрыжыць ля берага. За ракой зорны сад. Ён чакае. Плывіце. А тых, хто асуджае такіх, як ты, – заўсёды будуць глытаць чорныя воды... Бывай, сынок... А рукі мае сумавалі-такі па тваім сыне... Бывай... Плыві.
Чортаў Бацька
Марцявічус. Трымайся, светлы мой... Было б магчыма – я б за цябе... Тым, хто катуе такіх, як ты, ніколі ў вяках не заззяе сонца. Ну вось... Бывай...
Арсень. Мужчыны маўклівы народ. Але я... вельмі люблю цябе... Сёння дзесятае сакавіка. Пачнём... Бывай... I няхай для ворагаў волі не існуе вялікага жыцця.
Вітаўт. А для... такіх... як я, не існуе вялікай смерці...
Кастусь. I ты тут?
Вітаўт. I я... Хаця мне гэта ўжо непат рэбна.
Кастусь. Ты памёр?
Вітаўт. Я ўсё адно што памёр. Я горш чым памёр... Я не прашу “даруй”, не зайздрошчу табе... Я зайздрошчу забітым. Тут над табой стаяў мужык. Яны засталіся вернымі. Яны. Хто б падумаў?.. Калі ты хацеў гэтага – ты перамог...
Кастусь. Як было б добра, каб ты раней гэта зразумеў.
Вітаўт. Позна... Бывай...
Караліна. Вось... Я зноў... Цяпер толькі два словы... Мала часу... Разумееш, гэта
Кастусь. Ты – бессмяротная... Лепшая... Сапраўдная... Ты – зямля мая...
Караліна. Што яшчэ? Ага. Ва ўсіх найлепшых мужчынах, аж пакуль не згасне сонца, будзе частка цябе. Гэта – запавет жанчыны. Яны будуць... вось такія. Як прамень. Хто не разумее – тым горш для іх. Я шчаслівая, што ты быў у маім жыцці... Бывай... цвецень мая!..