– Ты мой дваюрадны брат – і толькі,– працягвала дзяўчына строгім голасам, што рэзка адрозніваўся ад таго жартаўлівага тону, якім яна пачала гаворку. – Для мяне ты больш ніхто, капітан Касій Калхаўн! I не спрабуй, калі ласка, быць маім дарадчыкам. Толькі з адным чалавекам я лічу сваім абавязкам раіцца, і толькі яму я дазволю папракаць сябе. А таму прашу цябе, майстар' Каш, устрымацца ад падобных натацый. Я нікому не стану даваць справаздачу аб сваіх думках і ўчынках да таго часу, пакуль не сустрэну дастойнага чалавека. Але не табе быць маім выбраннікам!

Закончыўшы сваю водпаведзь, дзяўчына зноў адкінулася на падушкі, змераўшы капітана позіркам, поўным абурэння і пагарды. Потым яна зашморгнула фіранкі карэты, даючы гэтым зразумець, што больш не жадае з ім размаўляць.

Крыкі вазніцаў вывелі капітана са здранцвення. Фургоны зноў рушылі ў дарогу па змрочнай прэрыі, якая наўрад ці была больш змрочная, чым думкі Касія Калхаўна.

<p>3. Пуцяводная стрэлка</p>

Падарожнікаў больш не турбавала дарога: след ласо цягнуўся бесперапыннай змейкай і быў так выразна бачны, што нават дзіця не збілася б з дарогі.

Ён не ішоў прама, а віўся паміж зараснікамі хмызнякоў. Часам, калі шлях ляжаў па мясцовасці, дзе не было дрэў, ён адхіляўся ўбок. Рабілася гэта невыпадкова: у такіх месцах былі глыбокія яры і іншыя перашкоды – змейка следу агінала іх, паказваючы дарогу фургонам.

– Як гэта прадбачліва з боку маладога чалавека! – сказаў Пойндэкстэр. – Сапраўды, я вельмі шкадую, што мы не спыталі яго імя. Калі ён служыць у форце, мы яшчэ сустрэнемся з ім.

– Несумненна! – усклікнуў Генры. – I я буду гэтаму вельмі рады.

Луіза сядзела, адкінуўшыся на спінку сядзення, – яна чула размову паміж бацькам і братам, але нічога не сказала, толькі ў яе поглядзе можна было прачытаць, што яна ўсім сэрцам надзяляе надзею брата.

Радуючыся хуткаму заканчэнню цяжкага падарожжа, а таксама магчымасці да захаду сонца ўбачыць свае новыя ўладанні, плантатар быў у цудоўным настроі. Гэты горды арыстакрат раптам удастоіў сваёй паблажлівай увагай усіх навакольных: папросту балбатаў з наглядчыкам, спыніўся пажартаваць з дзядзечкам Сцыпіёнам, які ледзь чыкільгаў на пакрытых пухірамі нагах, падбадзёрыў цётачку Хлою, якая ехала з немаўляткам на руках.

Цудоўна! – можа ўсклікнуць пабочны назіральнік, падмануты такой незвычайнай сцэнай, якую так старанна малююць пісакі, падкупленыя самім д’яблам. – У рэшце рэшт, якія цудоўныя патрыярхальныя норавы рабаўладальнікаў! I гэта пасля ўсяго, што мы гаварылі і зрабілі дзеля знішчэння рабства! Спроба разбурыць гэту старажытную пабудову – дастойны краевугольны камень рыцарскай нацыі – толькі філантрапічны дур, залішняя ўражлівасць. Вы, фанатыкі, што змагаецеся за знішчэнне рабства! Чаму вы паўстаяце супраць яго? Хіба вы не ведаеце, што адны павінны пакутаваць, павінны працаваць і галадаць, каб другія цешыліся раскошай і лянотай? Хіба вы не ведаеце, што адны павінны быць рабамі, каб другія былі свабоднымі?»

Гэтыя гаварэнні, якія нясуць пакуты мільёнам, у апошні час чуюцца занадта часта. Гора чалавеку, які прамаўляе іх, і нацыі, якая іх слухае!

* * *

Добры настрой плантатара, здавалася, падзялялі ўсе яго спадарожнікі, за выключэннем Калхаўна. Ён адбіваўся на тварах нявольнікаў, якія лічылі Пойндэкстэра крыніцай свайго шчасця ці няшчасця – усёмагутным, амаль як Бог.

Явы любілі яго менш, чым Бога, але баяліся больш, хаця яго нельга было назваць дрэнным гаспадаром – у параўнанні з іншымі рабаўладальнікамі. Ён не знаходзіў асаблівай асалоды ў здзеках над сваімі рабамі і быў задаволены, калі бачыў, што яны накормленыя і апранутыя, што скура іх блішчыць ад тлушчу. Бо па гэтых прыметах меркавалі пра дабрабыт яго самога – іх гаспадара. Ён часам вучыў іх плёткай, запэўніваючы, што гэта аказвае на іх дабратворнае ўздзеянне, аднак на скуры яго нявольнікаў не было ніводнага рубца ад жорсткіх катаванняў, а гэтым мог пахваліцца далёка не ўсякі рабаўладальнік штата Місісіпі.

Ці варта дзівіцца, што ў прысутнасці такога прыкладнага гаспадара ўсе былі ў добрым гуморы і нават нявольнікі, заразіўшыся агульнай радасцю, пачалі весела балбатаць!

Аднак лагодны настрой цягнуўся нядоўга. Ён быў перарваны не па віне тых, хто яго падзяляў: прычынай былі абставіны, якія ад іх не залежалі.

Як і прадказаў незнаёмец, сонца схавалася раней, чым паказаўся кіпарыс.

Але гэта не павінна было выклікаць занепакоенасць: след ласо быў добра бачны, і арыентавацца па сонцу не было неабходнасці. Аднак хмары, што зацягнулі неба, прыгнятальна паўплывалі на падарожнікаў.

– Можна падумаць, што ўжо змяркаецца, – скаваў плантатар, – а між тым усяго толькі тры гадзіны. Наша шчасце, што гэты малады чалавек дапамог вам. Калі б не ён, мы да захаду праблукалі б па гэтай выпаленай прэрыі. Бадай што, давялося б заначаваць прама на попеле…

– Ну і чорная была б пасцель! – жартаўліва адгукнуўся Генры, каб надаць размове больш вясёлы характар. – Ух і страшныя я бачыў бы сны, калі б давялося так спаць!

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже