Нягледзячы на мноства він і ўсялякіх далікатэсаў, адзін з тых, хто завіхаўся тут, застаўся незадаволеным. Гэтым расчараваным гурманам быў Зеб Стумп.
– Паслухай, – звярнуўся ён да сяржанта, – у гэтым фургоне чагосьці не хапае. Мне здаецца, што ў прэрыі знойдзецца нехта, каму не да смаку ўсялякія замежныя штучкі, накшталт гэтага шампэня, і хто аддае перавагу больш простаму пойлу.
– Пойла замест шампанскага? Вы пра коней гаворыце, містэр Стумп?
– К чорту тваіх коней! Я кажу не пра конскае пойла, а пра манангахільскае віскі.
– А, цяпер усё зразумела! Ваша праўда, містэр Стумп… Пра віскі не варта забываць, Пампей. Здаецца, там прызапашана бутля для пікніка.
– Так точна, сяржант! – пачуўся голас чарнаскурага слугі, які набліжаўся з вялікай бутляй. – Вось гэта самая віскі.
Палічыўшы, што цяпер зборы закончаны, стары паляўнічы стаў праяўляць нецярплівасць.
– Ну, сяржант, усё гатова? – спытаў ён, нецярпліва пераступаючы ў страмёнах.
– He зусім, містэр Стумп. Кухар кажа, што трэба яшчэ куранят дасмажыць.
– Праваліцца б гэтым куранятам разам з кухарам! Чаго яны вартыя ў параўнанні з дзікім індыком нашых прэрый! А як падстрэліш птушку, калі сонца правандравала па небе з дзясятак міль? Маёр заказаў мне дастаць добрага індыка ў што б там ні стала. Чорт пабяры! Гэта не так проста пасля ўсходу сонца, ды яшчэ калі гэта калымага цягнецца па пятах. He думайце, сяржант, птушкі не такія дурні, як салдаты форта. З усіх жыхароў прэрыі дзікі індык самы разумны, і, каб яго ашукаць, трэба ўстаць па крайняй меры разам з сонцам, a то і раней.
– Правільна, містэр Стумп. Я ведаю, маёр разлічвае на ваша майстэрства і спадзяецца паспрабаваць індыка.
– Дзіва што! А можа, ён яшчэ хоча, каб я дастаў язык і кумпяк бізона, хаця гэта скаціна ў паўднёвым Тэхасе ўжо гадоў дваццаць як знішчана? Праўда, я чуў, што еўрапейскія пісьменнікі, асабліва французы, пішуць у сваіх кніжках зусім іншае… ну, гэта ўжо на іх сумленні. У гэтых краях цяпер няма бізонаў… Тут вядуцца мядзведзі, алені, дзікія казлы, шмат дзікіх індыкоў, але, каб падстрэліць дзічыну к абеду, трэба паснедаць да світання. Мне неабходна мець запас часу, інакш я не абяцаю весці вашу кампанію ды яшчэ па дарозе паляваць на індыкоў. Дык вось, сяржант, калі хочаш, каб знатныя госці жавалі індыка за сённяшнім абедам, давай каманду рухацца.
Пераканаўчая прамова старога паляўнічага падзейнічала на сяржанта, і ён зрабіў усё, што ад яго залежала, каб хутчэй рушыць у дарогу разам з усімі сваімі белымі і чорнымі памочнікамі. I хутка пасля гэтага абоз з правізіяй пад кіраўніцтвам Зеба Стумпа ўжо рухаўся праз шырокую раўніну, што рассцілалася паміж Ляонай і Рыо-дэ-Нуэсес.
He прайшло і дваццаці хвілін пасля ад’езду фургона з правізіяй, як на пляц-парадзе пачала збірацца кампанія, якая выглядала некалькі інакш.
З’явіліся дамы вярхом на конях, але іх суправаджалі не грумы, як гэта бывае ў час палявання ў Англіі, а сябры або знаёмыя, бацькі, браты, жаніхі, мужы. Амаль усе, хто быў на наваселлі ў Пойндэкстэра, сабраліся тут.
Прыехаў і сам плантатар, яго сын Генры, пляменнік Касій Калхаўн і дачка Луіза. Маладая дзяўчына была вярхом на крапчастым мустангу, які прыцягнуў да сябе агульную ўвагу на свяце ў Каса-дэль-Корва.
Пікнік наладжваўся, каб аддзякаваць Пойндэкстэру за яго гасціннасць; маёр і афіцэры былі гаспадарамі, плантатар і яго сябры – запрошанымі. Для забавы гасцей вырашылі наладзіць паляванне на дзікіх коней – цудоўнае, рэдкае відовішча.
Месцам для такога палявання магла быць толькі прэрыя, дзе вяліся мустангі,– міль за дваццаць на поўдзень ад форта Індж. Па гэтаму і трэба было адправіцца ў дарогу як мага раней і ўзяць дастатковую колькасць правізіі.
Як толькі сонечныя промні зайгралі на люстраной гладзі Ляоны, удзельнікі пікніка ўжо гатовы былі адправіцца ў дарогу ў суправаджэнні дваццаці драгунаў, якім было аддадзена распараджэнне трымацца ззаду. Як і ў слуг, у іх быў свой праваднік, але не стары следапыт у выцвілай куртцы, у паношаным лямцавым капелюшы, вярхом на клячы, а малады коннік у маляўнічым касцюме, на цудоўным кані, несумненна дастойны быць правадніком такой вытанчанай кампаніі.
– Пара, Морыс! – крыкнуў маёр, убачыўшы, што ўсе ўжо ў зборы. – Мы гатовы ісці за вамі… Лэдзі і джэнтльмены! Гэты малады чалавек вельмі добра ведае звычкі дзікіх коней. Ніхто ў Тэхасе не зможа лепш паказаць вам паляванне на іх, чым Морыс-мустангер.
– Я не заслугоўваю такіх пахвал, – адказаў малады ірландзец, ветліва пакланіўшыся прысутным. – Я толькі абяцаю паказаць вам, дзе вядуцца мустангі.
«Які ён сціплы!» – падумала Луіза, халадзеючы пры адной толькі думцы аб тым, чаму яна баялася верыць.
– Паехалі! – скамандаваў маёр, і вясёлая кавалькада на чале з Морысам Джэральдам рушыла ў дарогу.
Для жыхароў Тэхаса праехаць да снедання дваццаць міль на прэрыі – проста дробязь.
He прайшло і трох гадзін, як кавалькада дасягнула мэты свайго падарожжа, якое прайшло зусім удала, калі не лічыць таго, што пад канец усе вельмі прагаладаліся.