На шчасце, фургон з правізіяй не заставіў сябе чакаць, і яшчэ задоўга да поўдня ажыўленая кампанія размясцілася закусіць ў цені вялізнага дрэва на беразе Рыо-дэ-Нуэсес.

Па дарозе нічога асаблівага не адбылося. Мустангер у ролі правадніка скакаў, як заўсёды, наперадзе; астатнія ўдзельнікі пікніка, не лічачы аднаго ці двух, амаль не заўважалі яго, за выключэннем тых выпадкаў, калі ён уражваў усіх сваім майстэрствам наезніка, лёгка пераскокваючы ручаі або яры, у той час як іншыя шукалі броду ці аб’язджалі перашкоду.

Можна было б западозрыць яго ў хвальбе – у жаданні павыстаўляцца. Касій Калхаўн выказаў такую думку. Магчыма, што на гэты раз адстаўны капітан сказаў праўду.

Але хто б стаў папракаць за гэта мустангера? Ці былі вы калі-небудзь на паляванні ў Англіі, дзе з усіх бакоў ганарыста ківаюць капелюшы з пёрамі і па траве цягнуцца шлейфы амазонак? Вы кажаце, што былі, і што ж? Будзьце асцярожныя і не папракайце дарэмна тэхаскага мустангера. Падумайце, ён жа быў пад агнём дваццаці пар чароўных вачэй – некаторыя з іх ззялі, як зоркі. Успомніце, што сярод іх былі вочы Луізы Пойндэкстэр, і наўрад ці вы будзеце здзіўляцца жаданню мустангера бліснуць.

I некаторыя іншыя коннікі з не меншай настойлівасцю імкнуліся паказаць сваю ўдаласць і мужнасць. Малады драгун Генкок не раз стараўся даказаць, што ён не навічок у верхавой яздзе, а лейтэнант стралковых войскаў пакідаў пляменніцу інтэнданта, каб прадэманстраваць сваё майстэрства наезніка; а калі ён чуў шэпт захаплення, то не заўсёды глядзеў у бок той, якой, на думку ўсіх, было аддадзена яго сэрца.

<p>14. Манада</p>

О, дачка Пойндэкстэра! I ў салонах цывілізаванай Луізіяны, і ў прэрыях дзікага Тэхаса твая прысутнасць выклікае буру. Дзе б ты ні з’явілася, усюды там абуджаюцца рамантычныя 'мары і пачынаюць бушаваць страсці.

Калі б Морыс Джэральд быў поўным уладаром прэрыі і ўсе яе жыхары былі пакорныя яму, ён і тады не мог бы выбраць больш удалага месца для палявання на дзікіх коней, чым тое, да якога ён прывёў падарожнікаў.

Ледзь толькі запенілася ў бакалах віно з нямецкіх склепаў Сан-Антоніо і сінь неба стала здавацца глыбейшай, а зелень яшчэ больш ізумруднай, як раптоўны крык «Mustangs!» заглушыў гул галасоў, і напаўвыказальныя прызванні былі перарваны выбухам вясёлага смеху. Гэта крыкнуў мексіканскі вакера, які быў пасланы дазорным на ўзгорак непадалёк.

Морыс, запрошаны да стала ў якасці госця, хутка дапіў сваю шклянку і, ускочыўшы на каня, крыкнуў:

– Cavallada?

– He, – адказаў мексіканец, – manada.

– Што яны там балбочуць? – спытаў Калхаўн.

– Mustenos – па-мексіканскі значыць «мустангі», – адказаў маёр, – а манадай яны называюць табун дзікіх кабыл. У гэту пару кабылы трымаюцца разам, асобна ад жарабцоў, калі толькі…

– Калі што? – нецярпліва спытаў капітан Калхаўн, перарываючы тлумачэнне.

– Калі толькі на іх не нападаюць аслы, – адказаў маёр.

Усе засмяяліся.

Між тым манада набліжалася.

– На коней! – прагучалі з усіх бакоў галасы.

Наўрад ці можна было паспець палічыць да ста, як цуглі былі ўжо ў ратах коней, якія не паспелі дажаваць кукурузу, аброці перакінуты цераз іх плечы, яшчэ вільготныя ад імклівай скачкі ў духаце трапічнага ранку, і ўсе былі ўжо ў сёдлах, гатовыя імчацца ўперад.

У гэты час дзікі табун з’явіўся на грэбені ўзвышша, на якім толькі што стаяў дазорны. А ён – мустангер па прафесіі – быў ужо ў сядле і ў адно імгненне аказаўся сярод табуна, спрабуючы накінуць ласо на аднаго з мустангаў. З дзікім храпам коні імчаліся шалёным галопам, нібы ратуючыся ад нейкага жахлівага праследвальніка. Увесь час спалохана касавурачыся назад, не заўважаючы ні фургона, ні коннікаў, несліся яны ўперад.

– За імі нехта гоніцца, – сказаў Морыс, заўважыўшы ўстрывожаныя паводзіны жывёл. – Што там такое, Крэспіна? – крыкнуў ён мексіканцу, якому з узгорка было відаць, хто праследуе табун.

У чаканні адказу ўсе прыціхлі. На тварах многіх адбілася трывога і нават страх. Ці не індзейцы гоняцца за мустангамі?

– Un asіno cіmmaron, – пачуўся маласуцяшальны адказ мексіканца. – Un macho, – дадаў ён.

– Так я і думаў. Трэба затрымаць нягодніка, інакш ён сапсуе нам усё паляванне. Калі дзікі асёл гоніцца за табуном, мустангаў не спыніш ніякімі сіламі. Ці далёка ён?

– Зусім блізка, дон Марысіо. Ён бяжыць прама на мяне.

– Паспрабуйце накінуць на яго ласо. Калі не ўдасца, страляйце. Ад яго трэба пазбавіцца.

Амаль ніхто з прысутных не зразумеў, хто праследуе коней. Толькі мустангер ведаў, што азначаюць словы: «Un asіno cіmmaron».

– Растлумачце, Морыс, у чым справа, – сказаў маёр.

– Паглядзіце туды, – адказаў мустангер, паказваючы на вяршыню ўзгорка.

Гэтых двух слоў было дастаткова. Усе позіркі скіраваліся на грэбень узгорка, дзе з быстрынёй птушкі неслася жывёліна, якая лічылася ўзорам марудлівасці і неразумнасці.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже