Праз дваццаць хвілін карціна змянілася. Дзеючыя асобы на цудоўным зялёным дыване прэрыі былі тыя ж, а іх размяшчэнне стала іншым, ва ўсякім выпадку, адлегласць паміж імі павялічылася: манада выйграла адлегласць у крапчастага мустанга, крапчасты мустанг – у гнядога, а сапернікаў апошняга ўжо зусім не было відаць. I толькі арол, што лунаў у сапфіравым небе, мог распазнаць іх сваім зоркім вокам.
Дзікія коні, крапчасты мустанг са сваёй наезніцай, гняды конь і яго сядок засталіся адны сярод прастору саванны.
На працягу яшчэ адной мілі пагоня працягвалася без асаблівых перамен.
Дзікія кабылы імчаліся па-ранейшаму хутка, але больш ужо не вішчалі і не праяўлялі страху. Ззаду чулася адрывістае ржанне крапчастага мустанга, але былыя сяброўкі як быццам не заўважалі яго. Наезніца сядзела спакойна, не праяўляючы трывогі.
Гняды быў устрывожаны, хаця і не так, як яго гаспадар, які, здавалася, быў блізкі да адчаю.
– Хутчэй, Кастра! – усклікнуў Морыс з некаторым раздражненнем. – Што з табой сёння? He забывай, што ты дагнаў яе ў мінулы раз, хаця і з цяжкасцю. Але ж цяпер яна з седаком. Паглядзі туды, неразумная жывёліна! Гэта наезніца мне даражэй за ўсё на свеце, за яе я аддаў бы і тваё і сваё жыццё… Ну, хутчэй жа! Хутчэй! Што, калі я згублю яе з вачэй? Гэта і сапраўды пачынае выглядаць непрыемна! Яна можа трапіць у вельмі цяжкае становішча. Горш таго: ёй пагражае небяспека. Сур’ёзная небяспека. Калі я згублю яе з вачэй, напэўна здарыцца бяда.
Разважаючы шэптам сам з сабой, Морыс імчаўся, не адрываючы вачэй ад наезніцы, якая ўсё аддалялася. Часам ён мераў занепакоеным позіркам прастору, што раздзяляла іх.
«Ці не закрычаць? – раптам мільганула ў яго ў галаве. – Гук голасу, можа, і даляціць да яе, але наўрад ці яна пачуе словы і зразумее перасцярогу». I Морыс не аклікнуў Луізу не толькі па гэтых меркаваннях – ён яшчэ не губляў надзеі дагнаць яе, а акрамя таго, ён ведаў, што не словамі, а толькі дзеяннем можна спыніць мустанга.
Пакуль ён падбадзёрваў сябе думкай, што вось-вось наблізіцца настолькі, што зможа накінуць ласо на шыю мустанга і заставіць яго паслухацца… Аднак цяпер надзея паступова згасала.
Яны несліся зараз сярод пералескаў, якія тут густа пакрылі прэрыю і месцамі зліваліся ў суцэльныя зараснікі. Гэта выклікала ў мустангера новую трывогу. Крапчастая кабыла магла збочыць у які-небудзь гушчар ці проста знікнуць з вачэй сярод зараснікаў.
Дзікіх кабыл ужо амаль не было відаць. Наўрад ці іх былая сяброўка зможа дагнаць табун.
Аднак небяспека ад гэтага не паменшылася. Ці заблудзіцца дзяўчына ў прэрыі або ў лясным гушчары, ці апынецца сярод табуна дзікіх коней – усё гэта аднолькава страшна. I раптам ён падумаў аб яшчэ больш грознай небяспецы, такой страшнай, што, ахоплены надзвычайнай трывогай, усклікнуў:
– Сілы нябесныя! Што, калі сюды забягуць жарабцы?! Гэта ж іх улюбёнае месца. Яны былі тут тыдзень назад. А зараз, іменна ў гэтым месяцы, яны шалеюць!
Зноў шпоры мустангера ўпіліся ў бакі гнядога. Кастра, які імчаў стрымгалоў, павярнуў галаву і з папрокам паглядзеў на гаспадара.
У гэту напружаную хвіліну гняды і яго гаспадар згубілі дзікіх кабыл з вачэй і крапчасты мустанг, напэўна, таксама. Нічога звышнатуральнага ў гэтым не было – яны зніклі ў гушчары.
Знікненне табуна зрабіла магічнае ўздзеянне на крапчастага мустанга – ён раптам замарудзіў крок і праз хвіліну зусім спыніўся.
Морыс, працягваючы шпорыць свайго каня, галопам вылецеў на паляну і ўбачыў, што крапчасты мустанг стаіць там нерухома, а Луіза спакойна сядзіць у сядле, нібы чакаючы мустангера.
– Міс Пойндэкстэр! – насілу вымавіў ён, пад’язджаючы. – Як я рады, што конь зноў пакорны вам! Я быў вельмі занепакоены…
– Чым, сэр? – спытала дзяўчына.
– Той небяспекай, якая пагражала вам, – адказаў мустангер, крыху азадачаны.
– О, дзякую вам, містэр Джэральд! Але хіба мне пагражала небяспека?
– «Пагражала небяспека»! – паўтарыў ірландзец з узрастаючым здзіўленнем. – Вярхом на дзікім кані, які панёс, сярод пустыннай прэрыі!
– Дробязі! Вы думаеце, ён мог мяне скінуць? Але ж я добрая наезніца.
– Я гэта ведаю, міс Пойндэкстэр, але ўявіце сабе, што вы заблудзілі ў зарасніках, дзе і карэнны тэхасец з цяжкасцю знаходзіць дарогу, наўрад ці вам дапамагло б ваша майстэрства наезніцы.
– О, дык вы думалі, што я заблудзіла? Вось чаго мне трэба было апасацца!
– He толькі гэтага. Дапусцім, вы маглі сутыкнуцца…
– …з індзейцамі? – хутка прамовіла Луіза, не даўшы мустангеру закончыць фразу. – А калі б гэта і здарылася? У нас жа цяпер мір з каманчамі. Я думаю, што яны не прычынілі б мне ніякай шкоды. Так сказаў маёр, калі мы ехалі сюды. Даю вам слова, што я была б нават рада такой сустрэчы і, прынамсі, не стала б пазбягаць яе. Як бы мне хацелася бачыць гэтых высакародных дзікуноў, якія імчацца вярхом на конях па роднай прэрыі.