– Зараз няма сэнсу. Уперадзе – адкрытая раўніна, і схавацца нам няма дзе. Яны будуць там раней, чым мы паспеем ад’ехаць на дастатковую адлегласць, і хутка дагоняць нас. Месца, куды мы павінны накіравацца, – адзінае бяспечнае месца, пра якое я магу ўспомніць, – ляжыць у іншым напрамку. Мяркуючы па гуках, яны зараз якраз адрэзалі нам дарогу туды. Калі мы выедзем залішне рана, то сутыкнёмся з імі. Нам трэба вычакаць, а потым паспрабаваць прашмыгнуць ззаду іх. Калі нам гэта ўдасца і калі яны не дагоняць нас на працягу дзвюх міль, то мы дасягнём месца, дзе нам будзе не менш спакойна, чым за загараддзю караля ў Каса-дэль-Корва. Ці ўпэўнены вы, што справіцеся з вашым мустангам?

– Цалкам, – упэўнена адказала яна.

<p>16. Уцёкі ад дзікіх мустангаў</p>

Коннікі насцярожана сядзелі ў сваіх сёдлах. Луіза хвалявалася менш, чым мустангер, таму што яна даверылася яму. Яна не зусім разумела, якая небяспека ім пагражае, але здагадвалася, што небяспека гэта вельмі сур’ёзная, раз такі чалавек, як Морыс Джэральд, праяўляе трывогу. Усведамленне, што гэта трывога часткова выклікана страхам за яе, наперакор усяму, напаўняла яе сэрца радасцю.

– Цяпер, бадай, можна рызыкнуць, – яшчэ раз прыслухаўшыся, сказаў Морыс. – Яны як быццам ужо мінулі тую паляну, праз якую ляжыць наш шлях. Вельмі прашу, будзьце ўважлівы! Цвёрда сядзіце ў сядле і моцна трымайце павады. Там, дзе дарога дазволіць, скачыце са мной побач і ні ў якім выпадку не адставайце больш чым на даўжыню хваста майго каня. Мне прыйдзецца ехаць уперадзе, каб паказваць дарогу… Вось яны накіраваліся да нашай паляны… Амаль дасягнулі яе краю… Цяпер пара!

Ва ўрачыстую цішыню прэрыі раптам уварваўся шалёны шум, нібы з вар’яцкага дома. Пранізлівае ржанне дзікіх жарабцоў нагадвала крыкі буйных маньякаў, толькі гэтыя гукі былі ў шмат разоў мацнейшыя. Ім уторыў грамавы тупат капытоў, свіст і трэск зламаных галін, дзікае храпенне, якое суправаджалася рэзкім лясканнем зубоў.

Гэтыя гукі гаварылі аб лютай схватцы дзікіх жарабцоў. Іх яшчэ не было відаць, але яны набліжаліся, прабіваючыся скрозь зараснікі і ні на імгненне не спыняючы бойкі.

Ледзь Морыс падаў знак рухацца, як стракаты табун дзікіх коней з’явіўся ў вузкім праходзе паміж зараснікамі. Яшчэ імгненне – і з нястрымнасцю горнай лавіны яны вырваліся на адкрытую паляну.

Гэта была жывая лавіна самых прыгожых стварэнняў, якія толькі існуюць у прыродзе, бо нават чалавек павінен уступіць ім першае месца. Я не кажу пра змардаванага каня цывілізаванага свету, каня з худою спінай, крывымі нагамі і апушчанай галавой, каня, знявечанага нажніцамі перакупшчыка або грума, – не, гаворка ідзе пра дзікага каня саванны, які народжаны сярод зялёных прастораў і вырас на волі, як палявая кветка.

Няма больш захапляльнага відовішча, чым табун дзікіх жарабцоў, якія скачуць па прэрыі. Але гэта цудоўнае відовішча палохае чалавека – яно занадта страшнае, каб ім можна было спакойна любавацца. Асабліва калі глядач бачыць табун дзікіх мустангаў з адкрытага месца і рызыкуе сам стаць ахвярай іх нападу. Вось што пагражала коннікам на гнядым кані і на крапчастым мустангу. Коннік па вопыту ведаў, як небяспечна такое становішча; яго ж спадарожніца не магла не здагадацца аб гэтым.

– Сюды! – крыкнуў Морыс і прышпорыў каня, каб абагнаць табун. – О Божа! Яны заўважылі нас! Хутчэй, хутчэй, міс Пойндэкстэр! Памятайце, што справа ідзе аб вашым жыцці!

Але словы былі залішнія. Паводзіны жарабцоў пераканаўча паказвалі, што толькі хуткасць можа выратаваць крапчастага мустанга і яго наезніцу.

Выскачыўшы на адкрытае месца і ўбачыўшы асядланых коней, дзікія жарабцы раптам кінулі сваю бойку. Яны спыніліся, нібы па загаду вопытнага важака, і выцягнуліся ў адзін рад, як кавалерыйскі эскадрон, стрыманы ў запале атакі.

На некаторы час іх узаемная нянавісць, здавалася, была забыта, як быццам яны збіраліся напасці на агульнага ворага ці супраціўляцца агульнай небяспецы.

Затрымка, магчыма, адбылася ад здзіўлення; але, так ці інакш, яна была на руку ўцекачам. У гэтыя некалькі секунд коннікам удалося абагнуць непрыяцеля і апынуцца ў яго ў тыле, на шляху да выратавання.

Аднак толькі на шляху да выратавання. Ці ўдасца ім збегчы ад праследвальнікаў, заставалася няясным, таму што дзікія жарабцы, заўважыўшы іх хітрасць, з храпам і віскам кінуліся за імі з яўным намерам дагнаць.

Пачалася імклівая, нястрымная пагоня праз прасторы прэрыі, адчайнае спаборніцтва ў хуткасці паміж коньмі без седакоў і коньмі з седакамі.

Час ад часу Морыс азіраўся, і, хаця адлегласць, якую ім удалося выйграць напачатку, не зменшылася, выраз яго твару па-ранейшаму быў трывожным. Калі б ён быў адзін, ён не хваляваўся б ні хвіліны. Ён ведаў, што гняды – ён жа таксама быў мустангам – нікому не дасць сябе абагнаць. Бяда была ў тым, што Луна замаруджвала бег – яна скакала павольней, чым калі б там ні было, як быццам зусім не хацела ратавацца ад праследвальнікаў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже