«Што гэта можа азначаць? – неўразуменна думаў мустангер, стрымліваючы каня, каб не абганяць сваю спадарожніцу. – Калі нас што-небудзь затрымае пры пераправе, мы загінем. Дарагая кожная секунда.
– Яны яшчэ не даганяюць нас? – спытала Луіза, заўважыўшы, што мустангер устрывожаны.
– Пакуль яшчэ не. На бяду, уперадзе сур’ёзная перашкода. Я ведаю, што вы цудоўная наезніца, але ваш конь… У ім я не ўпэўнены. Вы яго лепш ведаеце. Ці зможа ён пераскочыць цераз…
– Цераз што, сэр?
– Вы зараз убачыце. Мы ўжо недалёка ад гэтага месца.
I яны працягвалі скакаць поруч галопам, праходзячы амаль мілю ў мінуту.
Як і казаў мустангер, яны хутка ўбачылі перашкоду. Гэта быў вялікі яр сярод неагляднай прэрыі. Ён быў не менш як пятнаццаць футаў у шырыню, столькі ж у глыбіню і цягнуўся ў абодва бакі як вокам акінуць. Калі б коннікі павярнулі направа або налева, гэта дало б жарабцам магчымасць скараціць шлях па дыяганалі; даць ім такую перавагу было раўназначна самазабойству.
Яр неабходна пераскочыць, інакш мустангі дагоняць іх. Толькі скачок у пятнаццаць футаў даўжынёй мог выратаваць уцекачоў. Морыс ведаў, што гняды не падвядзе – яму не раз даводзілася рабіць такія скачкі. Але крапчастая кабыла?
– Як вы думаеце, зможа яна ўзяць гэту перашкоду? – занепакоена спытаў мустангер, калі яны пад’ехалі да стромага краю яра.
– He сумняваюся, – упэўнена адказала Луіза.
– Але ці ўтрымаецеся вы на ёй?
– Ха-ха-ха! – іранічна засмяялася крэолка. – Гэта вельмі дзіўнае пытанне для ірландца. Я упэўнена, што вашы суайчынніцы палічылі б гэтыя словы абразай. Нават я, ураджэнка балоцістай Луізіяны, не лічу іх залішне ветлівымі. Ці ўтрымаюся я? Ды я ўтрымаюся на ёй, куды б яна мяне ні панесла!
– Але ж, міс Пойндэкстэр, – прамармытаў Морыс, усё яшчэ не давяраючы сілам крапчастага мустанга, – а раптам яна не справіцца? Калі вы колькі-небудзь у ёй сумняваецеся, то ці не лепш пакінуць яе тут? Я ведаю, што мой конь лёгка перанясе нас абодвух на той бок. Ахвяраваўшы мустангам, мы, напэўна, пазбавімся ад далейшага праследавання. Дзікія жарабцы…
– Пакінуць Луну! Аддаць яе на разарванне шалёным жарабцам! Не-не, містэр Джэральд! Мой мустанг мне занадта дарагі. Мы разам пераскочым прорву, калі толькі зможам. А калі не, то разам зламаем сабе шыю… Ну, мая мілая! Ляцім! Вось той, хто паляваў на цябе, злавіў і пакарыў цябе. Пакажы яму, што ты яшчэ не зусім заняволена, што ты можаш, калі трэба, скінуць з сябе сяброўскае ці варожае ярмо. Пакажы яму адзін з тых скачкоў, якія мы так часта з табой рабілі за апошні тыдзень. Ну, мілая, ляцім!
I адважная крэолка, не чакаючы падбадзёрлівага прыкладу, смела падскакала да краю яра і ўзяла гэту перашкоду адным з тых скачкоў, якія «так часта рабілі за апошні тыдзень».
У мустангера былі тры думкі – дакладней, тры пачуцці, калі ён сачыў за гэтым скачком. Першае з іх – здзіўленне, другое – пакланенне, трэцяе не так проста было вызначыць. Яно зарадзілася, калі прагучалі словы: «Мой мустанг мне занадта дарагі».
«Чаму?» – падумаў ён, калі ляцеў на гнядым цераз прорву.
Але як ні бліскуча ўдалася пераправа, яна не гарантавала бяспекі ўцекачам. Дзікіх жарабцоў яр спыніць не мог. Морыс гэта добра ведаў і азіраўся назад з не меншай трывогай, чым раней.
Бадай што, ён быў устрывожаны яшчэ больш. Затрымка, хаця і не вельмі значная, дала перавагу іх праследвальнікам. За ўвесь час пагоні жарабцы яшчэ ні разу не былі так блізка. Яны пераляцяць цераз яр без усялякай затрымкі адным упэўненым скачком.
А што тады? Мустангер задаў сабе гэта пытанне і пабялеў, не знаходзячы адказу.
Узяўшы перашкоду, мустангер не спыніўся ні на секунду і працягваў скакаць галопам; ззаду яго зусім блізка, як і раней, скакала яго спадарожніца. Аднак у рухах ірландца не было ранейшай упэўненасці – здавалася, ён вагаецца і ніяк не можа прыйсці да рашэння.
Ледзь ад’ехаўшы ад яра, Морыс нацягнуў павады і павярнуў каня, як быццам вырашыў скакаць назад.
– Міс Пойндэкстэр, – сказаў ён сваёй спадарожніцы, якая ўжо паспела параўняцца з ім, – едзьце уперад адна.
– Але чаму, сэр? – спытала яна, тузануўшы аброць і рэзка спыніўшы каня.
– Калі мы не разыдземся, жарабцы нас дагоняць. Трэба нешта зрабіць, каб спыніць раз’юшаны табун. Зараз яшчэ ёсць адна магчымасць. Богам прашу, не задавайце пытанняў! Дзесяць згубленых секунд – і будзе ўжо позна. Паглядзіце ўперад – бачыце бліскучую паверхню вады? Гэта сажалка. Скачыце прама туды. Там вы апынецеся паміж дзвюма высокімі загарадзямі. Каля сажалкі яны сходзяцца. Вы ўбачыце вароты і каля іх жэрдкі. Калі я не падаспею, скачыце прама ў гэты загон, злезьце з каня і загарадзіце ўваход жэрдкамі.
– А вы, сэр? Вы ставіце сябе пад вялікую небяспеку…
– He бойцеся за мяне. Адзін я нічым не рызыкую. Калі б не крапчасты мустанг… Хутчэй жа, уперад! He губляйце з вачэй сажалкі. Няхай яна служыць вам маяком. He забудзьце загарадзіць уваход у загон. Хутчэй жа! Хутчэй!
Адну-дзве секунды дзяўчына вагалася, не адважваючыся расстацца з чалавекам, які дзеля яе выратавання гатовы быў аддаць сваё жыццё.