– Мне вельмі шкада, містэр Пойндэкстэр, але я не магу суправаджаць вас. Я павінен тэрмінова даставіць у форт данясенне. Калі вы згубіце мой след, трымайцеся так, каб сонца было ў вас справа, а вашы цені падалі налева, пад вуглом каля пятнаццаці градусаў да лініі руху. Міль пяць рухайцеся прама наперад. Потым вы ўбачыце вершаліну высокага дрэва – кіпарыса. Кіруйце прама да гэтага дрэва. Яно стаіць на самым беразе ракі, непадалёк ад броду.
Малады коннік ужо нацягнуў павады і гатовы быў зноў паскакаць, але штосьці прымусіла яго стрымаць каня. Ён убачыў цёмныя бліскучыя вочы, якія глядзелі з-за фіранак карэты, – у вершы раз ён убачыў гэтыя вочы.
Уладальніца іх схавалася ў цені, але было яшчэ досыць светла, каб разгледзець твар незвычайнай прыгажосці. Акрамя таго, ён заўважыў, што цудоўныя вочы скіраваны ў яго бок і што глядзяць яны на яго ўсхвалявана, амаль пяшчотна.
Міжвольна ён адказаў зачараваным поглядам, але, спалохаўшыся, як бы гэта не палічылі дзёрзкасцю, крута павярнуў каня і звярнуўся да плантатара, які толькі што падзякаваў яму за ласкавасць.
– Я не заслужыў удзячнасці,– сказаў незнаёмец, – бо пакідаю вас ва волю лёсу, але, на жаль, я не маю вольнага часу.
Ён паглядзеў на гадзіннік, як бы шкадуючы, што яму прыйдзецца ехаць аднаму.
– Вы былі так ласкавы, сэр, – сказаў Пойндэкстэр. – Я спадзяюся, што, кіруючыся вашымі парадамі, мы не саб’ёмся з дарогі. Сонца нам дапаможа.
– Баюся, каб не змянілася пагода. На поўначы збіраюцца хмары. Праз гадзіну яны могуць засланіць сонца… ва ўсякім разе гэта адбудзецца раней, чым вы дасягнеце месца, адкуль бачны кіпарыс… Я не магу вас так пакінуць… Зрэшты, – сказаў ён пасля хвіліны роздуму, – я прыдумаў: трымайцеся следу майго ласо!
Незнаёмец зняў з седлавой лукі згорнутую вяроўку і, прымацаваўшы адзін канец да колца на сядле, кінуў другі на зямлю. Затым, зграбным рухам прыпадняўшы капялюш, ён ветліва пакланіўся – амаль у бок карэты, прышпорыў каня і зноў паскакаў па прэрыі.
Ласо, выцягнуўшыся за канём ярдаў на дванаццаць, пакінула на спапялёнай паверхі прэрыі паласу, падобную на след змяі.
– Вельмі дзіўны малады чалавек! – сказаў плантатар, гледзячы ўслед конніку, які знік у воблаку чорнага пылу. – Мне трэба было спытаць яго імя.
– Вельмі самаздаволены малады чалавек, я б сказаў,– прамармытаў Калхаўн, які заўважыў погляд, што кінуў незнаёмец у бок карэты, таксама як і ўсхваляваны погляд кузіны. – Што датычыць яго імя, то аб ім, мабыць, і не варта было пытаць. Напэўна ён назваў бы выдуманае. Тэхас перапоўнены такімі франтамі, якія, трапіўшы сюды, абзаводзяцца новымі імёнамі, больш мілагучнымі, ці мяняюць іх па якіх-небудзь іншых прычынах.
– Паслухай, Касій, – запярэчыў малады Пойндэкстэр, – ты да яго несправядлівы. Ён, па-мойму, чалавек адукаваны, джэнтльмен, дастойны насіць самае знатнае імя.
– Джэнтльмен! Чорт вазьмі, наўрад ці! Я ніколі не сустракаў джэнтльмена, які б убіраўся ў мексіканскія анучы. Б’юся аб заклад, што гэта проста які-небудзь прайдзісвет.
У час гэтай размовы чароўная крэолка выглянула з карэты і з непрытоенай цікавасцю праводзіла вачамі конніка, які аддаляўся.
Ці не гэтым трэба растлумачыць з’едлівы тон Калхаўна?
– У чым справа, Лу? – спытаў ён амаль шэптам, пад’ехаўшы блізка да карэты. – Ты, здаецца, вельмі спяшаешся? Можа, ты хочаш дагнаць гэтага нахабніка? Яшчэ не позна – я дам табе свайго каня.
Дзяўчына адхінулася назад, відаць незадаволеная не толькі словамі, але і тонам кузена. Але яна не падала віду, што раззлавалася, і не стала спрачацца – яна выказала сваю незадаволенасць значна больш крыўдным чынам. Звонкі смех быў адзіным адказам, якім яна ўдастоіла кузена.
– Ах, так… Гледзячы на цябе, я так і падумаў, што тут нешта нячыста. У цябе быў такі выгляд, быццам ты зачаравана гэтым фарсістым кур’ерам. Ён, напэўна, паланіў цябе сваім пышным убраннем? Але ведай, што гэта ўсяго толькі варона ў паўлінавых пёрах, і мне, відаць, яшчэ давядзецца садраць іх з яго, і, можа стацца, з кавалкам яго скуры.
– Як табе не сорамна, Касій! Падумай, што ты гаворыш!
– Гэта табе трэба думаць аб тым, як ты сябе паводзіш, Лу. Удастоіць сваёй увагай нейкага бадзягу, расфуфыранага блазана! Я ўпэўнены, што ён просты паштальён, наняты афіцэрамі форта.
– Паштальён, ты думаеш? Як бы я хацела атрымліваць любоўныя пісьмы з рук такога пісьманосца!
– Тады паспяшайся і скажы яму аб гэтым. Мой конь да тваіх паслуг.
– Ха-ха-ха! Які ж ты някемлівы! Калі б я нават захацела, дзеля жарту, дагнаць гэтага паштальёна на прэрыі, то на тваёй лянівай клячы мне гэта наўрад ці ўдалося б. Ён так хутка імчыцца на сваім гнядым, што, канешне, яны абодва знікнуць з вачэй раней, чым ты паспееш перамяніць мне сядло. О не! Мне яго не дагнаць, як бы мне гэтага ні хацелася.
– Глядзі, каб бацька не пачуў цябе!
– Глядзі, каб ён цябе не пачуў,– адказала дзяўчына, загаварыўшы цяпер ужо сур’ёзным тонам. – Хоць ты мой дваюрадны брат і бацька лічыць цябе верхам дасканаласці, я так не лічу, о не! Я ніколі не ўтойвала гэтага ад цябе – ці не так?
Калхаўн толькі насупіўся ў адказ на гэта горкае для яго прызнанне.