“Больш за чатыры гадзіны да сесіі,” – прамармытаў ён, адчуваючы, як ахоплівае яго трывога ад думкі: што рабіць з часам. Ён ужо ўбачыў столькі новага, паразмаўляў з такою колькасцю людзей, а зараз толькі палова на чацвёртую!..
Нешта незразумелае турбавала яго, яму здавалася, што нечага не стае… “Можа, яшчэ пад’есці? Не. Можа, чытаць? Не. Можа, размаўляць? Хопіць ужо з мяне тых размоў…”
Людзі абрыдлі яму, найменш пачварнымі былі хворыя на манію вынаходніцтва і той Жумар са сваёй класіфікацыяй людскога роду.
Яму не хапала адвагі вярнуцца ў свой нумар з вялікім люстэркам, дык што ж заставалася, як не агляд парыжскіх адметнасцяў. Ён загадаў правесці сябе ў рэстаран Гранд Гатэля. Усё тут было пышнае і вялікае, пачынаючы ад сцен, столі ды вокнаў і сканчаючы колькасцю і даўжынёю сталоў. Але Вакульскі не азіраўся па баках, ён утаропіўся ў адну з вялізных пазалочаных жырандоляў і думаў:
“Калі
У зале яму было цесна, дык ён выбег з гатэля, каб занурыцца ў глыбіню вулічнага шуму.
“Першы раз я пайшоў налева, – думаў ён, – а цяпер пайду направа…”
Вандроўка куды вочы вядуць, па незнаёмым горадзе была адзіным заняткам, які меў для яго нейкую горкую прывабнасць.
“Каб у гэтым тлуме можна было самому згубіцца…” – прашаптаў ён.
Ён павярнуў направа. Мінуў невялікі пляц і выйшаў на другі – вельмі прасторны, абсаджаны дрэвамі. Пасярэдзіне стаяў прастакутны гмах з калонамі навакол, накшталт грэцкае святыні. Вялізныя бронзавыя дзверы былі пакрытыя барэльефамі, на франтоне – таксама барэльефы са сцэнамі, здаецца, апошняга суду.
Ён абышоў гмах, думаючы пра Варшаву. З якой цяжкасцю ўзводзяцца там невялікія будынкі, нетрывалыя, з гладкімі сценамі, а тут чалавечая сіла, нібы на забаву, будуе аграмадзіны і, не задавольваючыся гэтым, яшчэ і аздабляе іх шчодра.
Насупраць ён убачыў кароткую вуліцу, а за ёю – вялізны пляц, на якім віднелася стромкая калона. Ён пайшоў у той бок. Чым бліжэй ён падыходзіў, тым вышэй расла калона, а пляц пашыраўся. Перад калонаю і за ёю білі высокія фантаны, направа і налева цягнуліся ўжо крыху пажоўклыя купы паркавых дрэваў, далей віднелася рака, над якою разыходзіўся дым ад шпаркага парахода.
Па пляцы праязджала няшмат калясак, затое было шмат дзяцей з маткамі ды бонамі. Праходжваліся вайскоўцы ў разнастайнай форме, і дзесьці граў аркестр.
Вакульскі падышоў да абеліска і спыніўся ўражаны. Ён знаходзіўся на абшары, які меў каля двух вёрстаў у даўжыню і з палову – у шырыню. За ім быў сад, а перад ім – вельмі доўгая алея, абапал якой цягнуліся скверы і палацы, а далёка ўперадзе, на ўзгорку, узносілася вялізная брама. Вакульскаму здавалася, што ў гэтым месцы яму не хопіць прыметнікаў і найвышэйшых ступеняў параўнання.
– Гэта пляц Згоды, гэта абеліск з Люксора (сапраўдны, пане!), за намі – сад Цюільры, перад намі – Елісейскія палі, а там, у канцы… Арка Зоркі…
Вакульскі азірнуўся: каля яго круціўся нейкі пан у цёмных акулярах і падраных пальчатках.
– Можам крыху прайсціся… Боскі шпацыр!.. Звярні ўвагу, пан, на гэты рух… – казаў незнаёмы.
Раптам ён змоўк, хутка адышоў і знік сярод калясак, якія якраз праязджалі побач. Замест яго наблізіўся нейкі вайсковец у кароткай накідцы з каптуром на плячах. Вайсковец з хвіліну паназіраў за Вакульскім і з усмешкаю сказаў:
– Пан чужаземец?.. Няхай пан будзе асцярожны са знаёмствамі ў Парыжы…
Вакульскі машынальна правёў рукою па бакавой кішэні сурдута і ўжо не знайшоў там срэбнага партсігара. Ён сумеўся, ветліва падзякаваў вайскоўцу ў накідцы, але не прызнаўся ў прапажы. Прыгадаліся яму дэфініцыі Жумара, і ён вырашыў, што ўжо ведае крыніцу даходаў пана ў падраных пальчатках, хоць не ведае яшчэ яго выдаткаў.
“Жумар мае рацыю, – падумаў ён. – Злодзеі менш падазроныя за людзей, якія невядома адкуль маюць даходы…”
І ён прыгадаў, што ў Варшаве вельмі шмат такіх.
“Можа, таму і няма там гмахаў ды трыумфальных арак…”
Ён ішоў па Елісейскіх палях і п’янеў ад бясконцага руху карэт і калясак, між якімі трапляліся коннікі ды амазонкі. Ён ішоў, адганяючы змрочныя думкі, якія кружлялі над ім, як чарада кажаноў. Ён ішоў і баяўся зірнуць на сябе. Яму здавалася, што на гэтай дарозе, якая кіпіць раскошаю і весялосцю, сам ён, як растаптаны чарвяк, што цягне за сабою ўласныя вантробы.
Ён дайшоў да Аркі Зоркі і паволі пачаў вяртацца назад. Калі ён зноў апынуўся на пляцы Згоды, дык убачыў за Садам Цюільры вялізны чорны шар, які хутка падымаўся ўгору, затрымліваўся на нейкі час і павольна апускаўся ўніз.
“Ага, гэта тут балон Жыфарда?209– падумаў ён. – Шкада, што няма ў мяне сёння часу!..”