Часам на тле шэрых дзён, калі яму здавалася, што ўвесь гэты свет палацаў, фантанаў, скульптур, карцін і махін валіцца яму на галаву, здараўся выпадак, які нагадваў, што ён не ілюзія, а сапраўдны чалавек, хворы на рак душы.
Быў ён раз у тэатры “Вар’етэ” на вуліцы Манмартр, паблізу свайго гатэля. Мусілі іграць тры камічныя п’есы, у тым ліку – адну аперэтку. Ён пайшоў туды, каб упіцца блазнаваннем, і амаль адразу, як паднялі заслону, пачуў словы, прамоўленыя плаксівым голасам:
“Каханак усё прабачыць каханцы, апроч іншага каханка…”
– Часам трэба прабачыць трох або нават чатырох!.. – зарагатаў француз, які сядзеў побач.
Вакульскі адчуў недахоп паветра, яму здавалася, што зямля разыходзіцца пад нагамі, а столь валіцца на яго. Ён не мог больш трываць, устаў з крэсла, якое, на няшчасце, знаходзілася дзесьці пасярэдзіне тэатра і, увесь у халодным поце, наступаючы на ногі гледачам, уцёк з прадстаўлення.
Па дарозе да гатэля ён забег у першую ж кавярню на рагу вуліцы. Пра што яго пыталі, што ён адказваў – не памятае. Ведае толькі, што падалі яму каву і графінчык з каньяком, пазначаны рыскамі, якія адпавядалі ёмістасці кілішка.
Вакульскі піў і думаў:
“Старскі – гэта той другі каханак, Ахоцкі – трэці… А Росі?.. Росі, якому я арганізаваў апладысменты і насіў у тэатр прэзенты… Кім ён быў?.. Дурны ты, чалавеча! Гэта ж Месаліна210, калі не целам, дык душою… І я мушу шалець за ёю?.. Я!..”
Ён адчуваў, як абурэнне супакойвае яго, а калі ўжо трэба было разлічвацца, пераканаўся… графінчык пусты…
“Аднак гэты каньяк супакойвае…” – падумаў ён.
З таго часу, варта было яму прыгадаць Варшаву або сустрэць кабету, якая мела нешта асаблівае ў рухах, ва ўборы або ў твары, ён заходзіў у кавярню і выпіваў графінчык каньяку. Тады ўжо смела прыгадваў сабе панну Ізабэлу і дзівіўся, што такі чалавек, яе ён, мог кахаць такую кабету, як яна.
“Зрэшты, я заслугоўваю, хіба, каб быць першым і апошнім…” – думаў ён.
Графінчык каньяку спаражняўся, а ён клаў галаву на рукі і драмаў, што надта цешыла гарсонаў і гасцей.
І зноў цэлымі днямі аглядаў ён выставы, музеі, артэзіянскія студні, школы і тэатры не з мэтаю нешта даведацца, а каб заглушыць успаміны.
Паволі, на тле глухой і неакрэсленай тугі, пачало ў яго нараджацца пытанне: ці існуе нейкі парадак у забудове Парыжа. Ці ёсць прадмет, з якім яго можна параўнаць, і ці можна дайсці тут да ладу?
Парыж з боку Пантэона і Тракадэра бачыўся аднастайна: мора дамоў, падзеленых сотнямі вуліц. Няроўныя лініі дахаў былі падобныя да хваль, коміны – да трэсак, а вежы і калоны – да вялікіх хваль.
“Хаос! – казаў сабе Вакульскі. – Зрэшты, не можа быць іначай там, дзе канцэнтруецца мільён высілкаў. Вялікі горад, як воблака пылу, мае выпадковыя контуры і не можа мець логікі. Каб яна была, гэты факт не прамінулі б аўтары даведнікаў, бо навошта ж яны?”
І ён разглядаў план горада, пасмейваючыся з уласных намаганняў.
“Толькі адзін чалавек, у дадатак – геніяльны чалавек, можа выпрацаваць нейкі стыль і нейкі план, – думаў ён. – Але каб мільёны людзей, працуючы некалькі стагоддзяў і не ведаючы адзін пра аднаго, стварылі нейкую лагічную цэласнасць, – гэта абсалютна немагчыма”.
Аднак паволі, да свайго вялікага здзіўлення, ён заўважыў: той Парыж, будаваны некалькі стагоддзяў мільёнамі людзей, якія не ведалі адзін пра аднаго і не мелі ў галовах ніякага плану, усё ж мае гэты план, мае цэласнасць – і нават вельмі лагічную.
Спачатку ён адзначыў, што Парыж падобны да вялізнае місы – дзевяць вёрстаў шырыні з поўначы на поўдзень і адзінаццаць вёрстаў даўжыні з усходу на захад. Міса тая з паўднёвага боку трэснутая – падзеленая Сенай, якая перацінае яе ў выглядзе аркі, перакінутай з кутка паўднёва-ўсходняга праз цэнтр горада да кутка паўднёва-заходняга. Васьмігадовае дзіця магло б намаляваць гэтакі план.
“Ну добра, – думаў Вакульскі, – але дзе ж тут нейкі лад у размяшчэнні асобных будынкаў… Нотр-Дам – з аднаго боку, Тракадэра – з другога, а Луўр, а біржа, а Сарбона!.. Хаос дый годзе…”
Але варта было яму пільней прыгледзецца да плана Парыжа, як ён заўважыў тое, чаго не ўбачылі ні самі парыжане (што менш дзіўна), ні нават К. Бэдэкер211, які прэтэндаваў, каб па ім арыентавалася ўся Еўропа.
Парыж, нягледзячы на ўяўны хаос, мае план, мае логіку, хоць і будавалі яго мільёны людзей некалькі стагоддзяў, не ведаючы адзін пра аднаго і не дбаючы пра логіку ды стыль.
Парыж мае тое, што можна назваць хрыбтом, стрыжнем, вакол якога крышталізуецца горад.
Венсенскі лес ляжыць у паўднёва-ўсходняй частцы горада, а ўзлесак Булонскага пачынаецца ў паўночна-заходняй частцы Парыжа. Той стрыжань, вакол якога крышталізуецца горад, падобны да вялізнага вусеня (што мае, праўда, шэсць вёрст даўжыні), які знудзіўся ў Венсенскім лесе і папоўз на шпацыр у лес Булонскі.
Хвост яго абапіраецца на пляц Бастыліі, галава – на Арку Зоркі, тулава амаль прылягае да Сены. Шыя – гэта Елісейскія Палі, гарсэт – Цюільры ды Луўр, хвост – Ратуша, Нотр-Дам і, нарэшце, Ліпеньская калона на пляцы Бастыліі.