Вусень той мае шмат ножак, адны – карацейшыя, іншыя – даўжэйшыя. Першая ад галавы пара ножак абапіраецца злева на Марсава поле212, пляц Тракадэра і выставу, а справа – сягае ажно могілак Манмартр. Другая пара ножак (ножкі кароткія) злева дацягваецца да Вайсковае школы, Палаца інвалідаў213 і Палаты дэпутатаў, а справа – касцёла Магдалены і Оперы. Потым ідзе (у бок хваста): злева – Школа Мастацтва, справа – Пале-Раяль, банк і біржа, злева – Французскі інстытут і Манетны двор, справа – Цэнтральны рынак, злева – Люксембургскі палац, музей Клюні ды Медыцынская школа, справа – пляц Рэспублікі з кашарамі прынца Яўгена.
Апроч цэнтральнага стрыжня і сіметрычнасці агульнага абрысу горада, Вакульскі заўважыў яшчэ (пра што, зрэшты, кажуць і даведнікі), што ў Парыжы існуюць дзядзінцы, якія аб’ядноўваюць людзей аднаго занятку. Паміж пляцам Бастыліі ды пляцам Рэспублікі размясцілася прамысловасць і рамесніцтва, насупраць, на другім беразе Сены, знаходзіцца “лацінскі квартал”, гняздо студэнтаў і навукоўцаў. Паміж Операй, палацам Рэспублікі ды Сенай сканцэнтраваўся экспартны гандаль і фінансы, паміж Нотр-Дам, Французскім інстытутам і могілкамі Манпарнас рассяліліся рэшткі радавітае арыстакратыі. Ад Оперы да Аркі Зоркі цягнецца раён нуварышаў, а насупраць, на левым беразе Сены, побач з Палацам інвалідаў і Вайсковаю школаю – сядзіба мілітарызму ды сусветных выстаў.
Гэтыя назіранні абудзілі ў душы Вакульскага новыя ідэі, якіх ён раней не ўсведамляў, або ўсведамляў няясна. Значыць, вялікі горад, як расліна і звер, мае ўласную анатомію і фізіялогію. Таму праца мільёнаў людзей, якія гэтак гучна крычаць пра сваю вольную волю, мае той самы вынік, што і праца пчол, якія будуюць дакладнай формы соты, і мурашак, якія ўзводзяць конусы мурашнікаў, і хімічных злучэнняў, якія складаюць правільныя крышталі.
Дык няма ў грамадстве нічога выпадковага, а ёсць непарушны закон, які, нібы насміхаючыся з чалавечае пыхі, гэтак выразна праяўляецца ў жыцці самага капрызлівага народа – французаў! Правілі імі Меравінгі і Каралінгі, Бурбоны і Банапарты; былі тры рэспублікі і некалькі анархій, была інквізіцыя і атэізм… Правадыры і міністры змяняліся, як крой сукенак ці воблакі на небе… Але, нягледзячы на столькі перамен, якія здаваліся гэткімі важнымі, Парыж усё больш яўна прымаў форму місы, рассечанай Сенаю, штораз выразней вымалёўваўся стрыжань крышталізацыі, які бег ад пляца Бастыліі да Аркі Зоркі, штораз ясней размяжоўваліся кварталы: навуковы і прамысловы, арыстакратычны і гандлёвы, вайсковы і буржуазны.
Той самы фаталізм заўважыў Вакульскі ў гісторыі некалькіх соцень найбольш уплывовых Парыжскіх сем’яў. Дзед яшчэ быў сціплым рамеснікам і працаваў на вуліцы Тэмпель па шаснаццаць гадзін у суткі, яго сын, які зачарпнуў ведаў у лацінскім квартале, заклаў ужо большы варштат на вуліцы Святога Антонія. Унук, які яшчэ глыбей акунуўся ў навуку, перабраўся ўжо, як буйны гандляр, на бульвар Пуасаньер, а праўнук пасяліўся мільянерам паблізу Елісейскіх Палёў, каб… яго дочкі маглі хварэць на нервы паблізу бульвара Сэн-Жэрмэн. І гэткім чынам род, які працаваў і багацеў каля Бастыліі, які вычарпаў свае сілы каля Цюільры, дагараў ужо паблізу Нотр-Дам. Тапаграфія горада адпавядала гісторыі жыхароў.
Вакульскі, разважаючы пра дзіўную заканамернасць фактаў, якія лічацца выпадковымі, адчуваў: калі што і магло вылечыць яго ад апатыі, дык, хіба, падобныя даследаванні.
“Дзікі я чалавек, – казаў ён сам сабе, – вось і ўпадаю ў шаленства, але дапаможа мне выбавіцца з гэтага цывілізацыя”.
І кожны дзень у Парыжы даваў яму новыя ідэі або праясняў таямніцы яго ўласнае душы.
Аднаго разу, калі ён сядзеў пад навесам кавярні і піў
У вясновы час, калі
Пачынае луг квітнець
І галіны ў гаі
Пачынаюць зелянець,
Пабяжым, краса мая,
У травы-дываны палёў,
Станем там падобныя
Да вясёлых матылёў.
Бачыш, мілая мая,
Як на ружу ён ляціць?
Так да вуснаў тваіх я
Мару вусны прытуліць214.
І ў той жа момант некалькі гасцей падхапіла апошнюю страфу:
Бачыш, мілая мая,
Як на ружу ён ляціць?
Так да вуснаў тваіх я
Мару вусны прытуліць.
“Дурні! – прамармытаў Вакульскі. – Знайшлі што падпяваць, гэткая лухта”.
Ён устаў і, спахмурнелы, з болем у сэрцы, цягнуўся сярод людзей – рухлівых, крыклівых, балбатлівых ды вясёлых, як дзеці, выпушчаныя са школы.
“Дурні! Дурні!..” – паўтараў ён.
Раптам яму падумалася: а ці не дурань ён сам?..
“Каб усе гэтыя людзі, – казаў ён сабе, – былі падобнымі да мяне, Парыж выглядаў бы, як шпіталь смутных вар’ятаў. Кожны труціўся б нейкім уласным трызненнем, на вуліцах быў бы непралазны бруд, а дамы ператварыліся б у руіны. Тым часам, яны прымаюць жыццё такім, якім яно ёсць, ставяць перад сабою практычныя мэты, яны шчаслівыя і ствараюць шэдэўры.