Сёлетняе вясковае жыццё моцна змянілі некаторыя погляды панны Ізабэлы. Вінаватае было, аднак, не свежае паветра, не прыгожыя краявіды, а некаторыя выпадкі ды магчымасць спакойна пра іх падумаць.
Яна, падпарадкоўваючыся выразнаму жаданню цёткі, прыехала сюды дзеля Старскага, пра якога ўсе казалі, што ён атрымае ў спадчыну маёнтак старшынёвай. Тым часам, старшынёва, прыгледзеўшыся да свайго пляменніка, паведаміла, што адпіша яму не больш за тысячу рублёў пажыццёвае рэнты, якая, пэўна, вельмі прыдасца таму на старасць. А ўвесь маёнтак яна пастанавіла запісаць на дзяцей бязбацькавічаў ды іх няшчасных матак.
З гэтага моманту Старскі ў вачах графіні страціў усялякую вартасць. Страціў ён і ў вачах панны Ізабэлы, калі прызнаўся аднойчы, што замест “голай панны” хутчэй узяў бы замуж кітаянку або японку, абы тая мела некалькі дзясяткаў тысяч рублёў у год.
– За менш не варта рызыкаваць будучыняй, – заявіў ён.
З-за гэтых слоў панна Ізабэла перастала лічыць яго сур’ёзным прэтэндэнтам. Але, кажучы гэта, ён ціха ўздыхнуў і кінуў на яе імклівы позірк, дык панна Ізабэла вырашыла, што прыгожы Казік мусіць мець нейкую сардэчную таямніцу і, шукаючы багатую жонку, нечым ахвяруе. Чым?.. Можа, ёю… Бедны хлапчына, але што рабіць? Некалі, можа, знойдзецца спосаб падсаладзіць ягоныя пакуты, але сёння належыць трымаць яго на адлегласці. І гэта было нескладана, бо Старскі раптам пачаў заляцацца да багатае пані Вансоўскае і круціцца вакол панны Эвеліны Яноцкае, відаць, каб зусім схаваць сляды закаханасці ў панну Ізабэлу.
“Бедны хлапец, але што зробіш. Жыццё накладае абавязкі, якія трэба выконваць, хоць яны і цяжкія”.
Гэткім чынам, Старскі, магчыма, самы адпаведны для панны Ізабэлы, быў выкраслены са спісу прэтэндэнтаў. Ён не мог ажаніцца з беднаю паннаю і мусіў шукаць багатую жонку. Былі аж дзве бяздонныя прорвы паміж імі.
Другі яе прэтэндэнт, барон, выкрасліў сябе сам, калі заручыўся з паннаю Эвелінай. Панна Ізабэла адчувала агіду да барона, пакуль той стараўся ёй спадабацца, а калі ён гэтак раптоўна яе пакінуў, ёй стала трывожна. Як? На свеце ёсць кабеты, дзеля якіх можна вырачыся яе?! Аказваецца, можа надысці момант, калі панну Ізабэлу пакінуць аж такія старыя кавалеры?..
Ёй здавалася, што зямля ходырам захадзіла ў яе пад нагамі, і пад уплывам няяснае трывогі, якая яе ахапіла тады, панна Ізабэла сказала старшынёвай нешта больш зычлівае пра Вакульскага. Хто ведае, ці не сказала яна гэтымі словамі: “Што там робіцца з панам Вакульскі? Мне вельмі шкада, бо ён, можа, пакрыўдзіўся на мяне. Я часта дакараю сябе, што ён заслугоўваў лепшага стаўлення да сябе з майго боку”.
Яна апусціла вочы і гэтак пачырванела, што старшынёвай здалося неабходным запрасіць Вакульскага ў вёску.
“Няхай прыгледзяцца адзін да аднаго на свежым паветры, – думала старая, – і будзе, што Бог дасць. Ён брыльянт сярод мужчын, яна таксама добрае дзіцятка, дык, можа, яны і паразумеюцца. Бо гатовая закласціся, ён мае да яе слабасць”.
А праз некалькі дзён непрыемныя ўражанні панны Ізабэлы развеяліся, і яна пашкадавала, што загаварыла са старшынёвай пра Вакульскага.
“Яшчэ падумае, што я б выйшла за яго…” – сказала яна сабе.
Тым часам старшынёва прызналася пані Вансоўскай, якая ў яе гасціла, што ў Заславак прыедзе Вакульскі, вельмі багаты ўдавец, чалавек вельмі неардынарны, якога яна хацела б ажаніць і які, хто ведае, ці не закаханы ў панну Ізабэлу…
Пані Вансоўская вельмі абыякава слухала пра багацце, пра ўдаўство і матрыманіяльныя памкненні Вакульскага. Але, калі старшынёва назвала яго чалавекам незвычайным, яна зацікавілася, а як толькі пачула, што ён, магчыма, закаханы ў панну Ізабэлу, дык уздыбілася, як чыстакроўны конь, якога кранулі шпорамі.
Пані Вансоўская была сапраўдная кабета, яна і ў думках не мела другі раз выходзіць замуж, а пагатоў адбіваць кавалераў у паннаў. Але, пакуль жыла на свеце, яна не магла дазволіць, каб гэткі мужчына мог кахаць нейкую іншую кабету, а не яе. Выгадна ажаніцца ён меў права, пані Вансоўская гатова была яму нават дапамагаць, але кахаць можна было толькі яе. Не таму нават, што яна лічыла сябе самай прыгожай, але з-за таго… гэткую ўжо яна мела натуру.
Пачуўшы, што панна Ізабэла прыязджае сёння, пані Вансоўская гвалтам забрала на прагулку Вакульскага. А калі на гасцінцы пад лесам угледзела воблачка пылу, паднятага каляскаю яе суперніцы, яна павярнула на лугавіну і там наладзіла грандыёзную сцэну з сядлом, якая ў яе не атрымалася.
Тым часам панна Ізабэла прыехала ў двор. Усё таварыства сустрэла яе на ганку, расказваючы на павітанне амаль тыя самыя навіны.
– Ведаеш, – ціха сказала ёй старшынёва, – прыехаў Вакульскі.
– Толькі пані нам не хапала, – выгукнуў барон, – каб Заславак стаў падобны на рай. Бо ўжо маем мы тут вельмі прыемнага таварыша і цудоўнага госця…
Панна Феліцыя Яноцкая адвяла панну Ізабэлу ў бок і са слязьмі ў голасе пачала ёй апавядаць: