Войска зрабіла зь лянотнай пасрэднасьці пасрэднасць мужную. Пачуўшы ад лейтэнанта адразу ж пасьля каранціну, хто ён ёсьць насамрэч, Стах вырашыў, што будзе бясьпечней заставацца гэтым рэчывам да канца службы. Вярнуўшыся, ён займаўся тым, што траціў пэнсыю маці на халсты й тоўстыя сшыткі. Стомлены, ён прыходзіў дахаты, наядаўся да адвалу кніг ды катлет і пераключаў тэлеканалы, якіх штомесяц болела й болела. Набыцьцё ў растэрміноўку новага тэлевізара са стракатым пультам палегчыла яму задачу і ўрэшце давяло да поўнага абсурду. Празь месяц таямнічы БзіР насьцігнуў яго, апынуўшыся затхлым бюро па нарыхтоўцы і яшчэ чымсьці, што пачыналася на картавае „Р”. Там усё было пафарбаванае ў жоўты колер: сцены, сталы, столі, падлога, нават попельніцы ў прыбіральнях. Ён уцёк адтуль праз паўтара месяца па ўласным жаданьні, і нават зараз памятаў, як у слова „желанию”, так прыгожа выведзенае на жоўтым лісьце (у пасрэднасьцяў звычайна цудоўны почарк), ён уставіў прадыктаванае навакольлем „т”. Зноў пачаліся бясконцыя Дні Маці. Сябры паступова ўгрузалі ў сваіх сямейных праблемах — спачатку ім завальвала вобласць тазу, затым ногі, потым з-пад бясконца падаючых з разнастайных раёў пральных машынаў, дзіцячых калясак і гаражоў заставаліся відаць адно безнадзейна вытыркнутыя рукі й галава... нішчыліся ў ненавязьлівай смузе твары — задаволена і ў той жа час трохі маркотна яны пазіралі на Стаха. Апошнім, што нагадвала пра сяброў, былі галасы, што ўсё часьцей паўтаралі: „Прабач, няма калі.”

Урэшце скончыліся і яны, перамясціўшыся ў сны. Стах спаў да дванаццаці, сьнедаў, доўга, як па Эрмітажы, хадзіў па кватэры, наталяючыся адсутнасцю маці, пакутліва, нібы бязрукі аматар памастурбаваць, выціскаў зь сябе сюжэт для малюнку — але ж гэта ня ўсё, трэба ж каб гэта было ў адпаведнасці з канонамі абстрактнага жывапісу, які Стах так шанаваў... празь некалькі гадзін малюнак быў гатовы й да абеду трываў няўхільнае паніжэньне ў чыне: ад шэдэўрэнфюрэра да обэр-гаўна. „У мяне крызыс,”— шаптаў Стах бацькаваму фота. Бацька спакойна сядзеў у чорным квадраце і пасьміхаўся. Найлепшая дапамога, якую можа чакаць сын-мастак ад бацькі, матэрыяльная. Ды якое там найлепшая — адзіная.

Потым ён абедаў, хадзіў па выставах, па рэдакцыях, з надзеяй скрасьці кавалачак чужога натхненьня. „Усе геніі гэткія,”— разважаў ён, маючы пад увагаю і сябе недзе там у другім ганаровым дзясятку. „Мы круцімся між простых людзей, і выпадкова выпускаем з кішэні таленту якую дробязь... А потым нехта падбярэ, узвысіцца, можа, і да нас далучыцца.” Не пісалася, хоць ты забі каго-небудзь з гэтых прызнаных майстроў. Стах з дакладнасьцю парадыста мог паўтарыць любімую фразу маці: „Што б з табой ня здарылася, дома цябе заўсёды будзе чакаць талерка баршчу, сынок...” Маці вымаўляла гэтыя словы з патаемнай надзеяй. Але са Стахам не адбывалася анічога. Неяк ён прачытаў „Татарскую пустыню” — за адну млосную, вадкую раніцу, і з таго часу стаў уяўляць сябе гэткім Джавані Дрога, які выглядае за дзевяціпавярховікам сваю славу. Слава там, натуральна, была, так называлася аднапавярховая крама для вэтэранаў, далей ішоў яшчэ дзевяціпавярховік, і яшчэ, і яшчэ дзевяціпавярховік, і яшчэ, і некалькі хрушчовак колеру плямбіру, што ўпаў у гразь, і вуліца, і сквэр, і яшчэ дамы, і прыватны сэктар, і дванаццаціпавярховы будынак інстытуту, і праспэкт (дамы, дамы, дамы!), і вакзал, і новы мікрараён, і прадмесьце, і лес, і яшчэ лес, і яшчэ леслеслес, і яшчэ лес, і дачны пасёлак, дзе ён ня быў некалькі гадоў, дзе стаяў дом, што колісь набыў бацька,— дом, куды ён прыехаў учора, каб рашыць дзіцячую задачку: як жыць далей?

Перейти на страницу:

Похожие книги