Аляксандр СТАХОЎСКІ (г.н. 1970) — выдатны -скі археоляг, доктар навук. Сярод ягоных заслуг — адкрыцьцё й вывучэнне знакамітага Стыр'еўскага кургану (1987), Пархоміцкай пячоры, Верхнекорчынскіх магільнікаў. Аўтар працаў „Быт усходніх Славянаў на аснове вывучэння Стыр'еўскага кургану”, „Параўнальнае вывучэнне Стыр'еўскага кургану й паўночнаўкраінскіх магільнікаў”, „Стыр'еўскі курган як сьведчаньне паходжаньня культу грыба ў паўднёвых плямёнаў Пакемоньня”, „Верхнекорчынскія магільнікі й крах яраўлянскага паганства”, навукова-папулярных кніг „Славянскія сталакціты”, „Сталагміты клічуць” і „Легенды аб Верхнім Корчыне”. Член-карэспандэнт Акадэміі навук і Ганаровы член сусьветнай асацыяцыі археолягаў.

Або такія:

Віктар СТАХОВІЧ (г.н. 1970) — вядомы -скі паэт, ляўрэат Маладзёжнай прэміі імя Ў. Дубатоўка, Дзяржаўнай прэміі БССР, італьянскай прэміі П. Пазаліні. Творчасьць спалучае ў сабе вострую актуальнасць, пранізьлівы псыхалягізм і своеасаблівую, пабудаваную на супярэчнасьцях, лірыку. Лёс В. С. трагічны. Прайшоўшы афганскую вайну, эміграцыю (з 1991 г. — у Кітаі, потым перабраўся ў Парагвай) і некалькі хваробаў 1-ай ступені, В. С. скончыў жыцьцё самагубствам, выкінуўшыся з вакна сваёй сядзібы ў Асунсьёне. Позьняя творчасьць B.C. адзначаная несумненным уплывам старажытнакітайскай паэзіі. Аўтар паэтычных зборнікаў „Аслепленыя месяцам”, „Хованкі”, „Кола акрэсліць вораг”, „Анёлы пужаюць мяне”, „Парабала”, „Выпрабавальнік сэрца”, „Бывай, Гуарані!”.

Ці яшчэ:

Алег СТАХАЎ (г.н. 1969) — знакаміты -скі інжынэр, вынаходнік Кантралятара (ем. Кантралятар). Нар. у -ску, скончыў Дзяржаўны політэхнічны інстытут па сацыяльнасці „Аўтаматызацыя кантрольных сістэмаў рэгуляцыі”. Ганаровы рацыяналізатар -cii. Супрацоўнік Інстытута аўтаматызацыі імя Ф. Э. Шляпкова.

Ажыццяўлялася ўсё гэткім чынам. Той артыкул у энцыкляпэдыі, які меў няшчасьце пачынацца на Стах-, бязьлітасна, але ахайна выразаўся. На ягонае месца Стах уклейваў свой, аддрукаваны на пішучай машынцы, папярэдне наклеіўшы на зваротны бок перавернуты выразаны. Усе без выключэння таўстыя, цяжкія кнігі — спадчына вялікага бацькі — што сытымі прысяжнымі паселі на доўгую паліцу ў пакоі Стаха, падвергліся падобнай апэрацыі. У ва ўсіх цяпер быў ён, Стах, які ўвабраўся ў маналіт старонак і выдаваў сябе хіба што буйнейшым шрыфтам. Стах-вынаходнік, Стах-палітык, Стах-літаратар, Стах-археоляг, Стах-скульптар, Стах-касманаўт, не кажучы ўжо пра Стаха-урача.

Стах-Стах-Стах — мара, якая звычна ўяўляецца ў форме не каўбасы, але птушкі, уздымаецца ў паветра з падваконьня дзіцячага пакоя, ляпаючы вялізнымі крыламі, і зьнікае за сьцяной суседняга дзевяціпавярховіка. Тады ён напраўду хацеў стаць знакамітым, трэба толькі было абраць усё-ткі, да чаго прыкласці свае таленавітыя, у чым ён не сумняваўся, рукі. Вясёлае юнацтва, якое гэтак лёгка кідае водсьвет у будучыню — зманлівы водсьвет ад неіснуючага вагню. На якім стале, між якіх анкетаў і ведамасьцяў на заробак яно забытае, разам з асадкаю, якой ты падпісваў смяротны прысуд самому сабе. Птушка зьнікала, і вярталася, і глядзела праз ваконнае шкло ў дзіцячы пакой, што стаў ужо надта вузкім, і аднойчы зьнікла за дзевяціпавярховікам назаўжды. І паспрабуй параўнай мару з чым-небудзь іншым.

У інстытуце ён паводзіў сябе ўсё яшчэ як знакамітасць, за што бываў згвалтаваны доўгімі жоўтымі калідорамі з вострымі крукамі на канцох, але ўжо з сумневам азіраўся на свой вялікі й непатрэбны, а галоўнае, сонны талент, што вісеў за вузкімі плячыма. На выпускным узгадаў, нябачны, няўдзячны, як у школьныя часы прыбіваў на дзьверы кватэры абвестку: „Тут сьвяткуецца дзень народзінаў паэта й філёзафа Стаха”, пазіраючы ў вакно ля сьмецьцеправоду, ці ня йдуць сябры, якія, зрэшты, пастаянна рабілі ў яго за сьпінай усялякае брыдоцьце, кшталту вечарынак зь дзяўчатамі. Сябры прыйшлі, зжэрлі торт, пасьмяяліся з шампанскага, падарылі нейкія бабіны ды сыйшлі да нейкіх бабінаў. Праважаючы іх, ён заўважыў, што абвесткі на дзьвярох няма — маці, як высветлілася, зьняла бяскрыўдны лісточак яшчэ да прыходу гасьцей.

„Пасрэдных здольнасцяў,”— пачуў ён аднойчы яе голас, гэта здарылася ўжо пасьля выпускнога ў інстытуце.— „Пасрэдных... ой, ты што... Калі геніяльны бацька, гэта яшчэ ня значыць, што такім жа будзе й сын.” Маці дамаўлялася зь сяброўкай, каб Стаха ўзялі на працу ў нейкі БзіР. Стах сам зьдзівіўся, як мала яго гэта закранула.

Перейти на страницу:

Похожие книги