Мужчына, малады, лысаваты, плячысты, падобны да Стахавага бацькі, якім той быў падчас сваіх выступаў на тэлебачаньні (па-майстэрску загрыміраваная старасьць), сядзеў за ўкапаным ў зямлю сталом і размаўляў па тэлефоне. Нага ягоная, у белым красоўку, задавала размове такт. Недалёка перад брунатай жалезнай бочкай стаяла сьпінай да Стаха маленькая жанчына, якая раптам рэзка павярнулася й звонка крыкнула: „Клас! Юра, паглядзі!”
Яна карміла з рук іржавую бочку, кідала ў ейную пашчу бруднае лісьце. Таючы на ўзроўні валасоў жанчыны, з бочкі высоўваўся тонкі язык дыму. Жанчына была зусім невысокага росту, хутчэй нават маленькая, апранутая ў кароткае паліто колеру кавы. Вакол яе шыі быў туга завязаны тоўсты шарсцяны шарф. Яна была падобная на прыгожага хлопчыка з дарэвалюцыйнай дваранскай сям'і, якімі іх, гэтых хлопчыкаў, паказваюць у кіно. Ашмецьце туману навокал толькі служыла фонам для яе дзіўнага, нэрвовага ачараваньня. Зусім дзіцячыя вочы шырока расплюшчыліся, зь іх пырскала нічым не разбэшчанае захапленьне. Навакольны сьвет саромеўся ў яе прысутнасьці самога сябе і імкнуўся зрабіцца чысцейшым і нават у чымсьці казачным. Мятнай слодыччу патыхаў кожны яе рух — вось яна нахілілася, зь цяжкасцю пераадолеўшы супраціў шарфу і цеснага паліто, узяла са смешнай гідлівасцю ахапак лісьця й, прымружыўшыся, кінула яго ў індзейскі рот бочкі, якая адразу зьмяніла прышчур і пагудзела трохі. Здавалася, гэтую жанчыну можна было спакусіць пры дапамозе плюшавага сабачкі. — Юра! Юра!— запляскала яна ў ладкі. Потым раптам стала сур'ёзнай, дарослай (хаця Стаха не пакідала адчуваньне, што і гэта гульня), задуменна паглядзела на агеньчык у бочцы, які гуляў у хованкі, не разумеючы, чаго ад яго хочуць.— Чаму мы раней ніколі ня езьдзілі на тваё лецішча?
— На нашае лецішча, на нашае,— мэлянхалічна сказаў мужчына, які ўжо скончыў сваю размову й думаў пра нешта іншае, не перастаючы гайдаць нагою з масіўным белым наканечнікам.— Ты ўся прапахнеш дымам, Тая.
Ён запаліў, абмяркоўваючы з кімсьці празрыстым, хто разьмясьціўся ўнутры яго ўважлівым колам, розныя пытаньні, якія, відаць патрабавалі неадкладных рашэньняў. Тая падыйшла да яго, абняла за плечы. — Дай і мне папаліць,— сказала яна пявуча.— Ты ж сама ведаеш,— мякка адштурхнуў яе Юра.— Сама ведаеш, што доктар забараніў...
Ягоны змораны, настаўніцкі голас, відавочна, незвычайна раздражняў Таю. Яна нахмурылася, паціснула плячыма ды зноў накіравалася да бочкі. — А яшчэ ты ведаеш...— мужчына, напэўна, зразумеў, што быў зь ёю надта суворы. — Ты ведаеш... я вось чуў... што нездалёк у лесе водзяцца... водзяцца...
Ён падкраўся да яе ззаду, схапіў за маленькія плечы, падняў на рукі. Тая ў захапленьні завішчала.— ...водзяцца маньякі! Я маньяк! Я зараз цябе згвал! ту! ю!!!
Ён заравеў і не адпускаючы з рук Таю, пабег у дом. „Якая мілая дзяўчынка,”— падумаў з зайздрасцю Стах. „Якая мілая, мілая, мілая дзяўчынка.” Халодны ганак апякаў яму пазваночнік. Як быццам аркуш паперы, кінуты ветрам акурат у твар, перад вачыма Стаха зьнянацку зьявіліся радкі: там былі лісіныя вочы, і бочка, і любоўныя цыдулкі на берасцяных граматах. Хутчэй! Пачатак някепскі. Асабліва пра лісіныя вочы. Ён шпарка ўбег у дом, вырваў ліст з паўагульнага сшытку, схапіў сонную, незадаволеную асадку. Запісваць. Такое было... у стылі Айгі. Як там... Вершы катастрафічна спрытна пасьпявалі зьнікнуць за жалезнай заслонай нядаўняга насланьня, якая апускалася ўсё ніжэй і ўрэшце з грукатам закрыла ўваход у запаветную мясцовасьць, па якой прагульваюцца паэты й мастакі. Рука Стаха закранула хісткі стос старых часопісаў, які ляжаў на крэсьле, і верхні ляпнуўся паслужліва пад самыя вочы, разгорнуты на сярэдзіне. Паміраючы Стах прачытаў, і перачытаў наноў дзесяцірадкоўе, у правым ніжнім куце, пад каламутнай фатаграфіяй, на пажоўклай паперы, дзе было ўсё: і бочка, і лісьце, і ліска, і бяроста, і, як водзіцца, каханая, усе анатамічныя падрабязнасці якой былі апісаныя з навуковай уніклівасьцю. Над вершамі стаяла: Алекс Казанкоў, 25 год, Новасібірск. Рубрыка — „Нашы дэбютанты”.
Рабіць было няма чаго. Стах кінуў лісток у купу газэтаў. „Дэбютант хераў,”— сказаў ён напаўмасу. І дом, і сад, і нядаўняя мілая, мілая, мілая дзяўчынка — усё зараз страціла фарбы, скінула са сваіх чароўных плечукоў, якія насамрэч апынуліся кашчавымі, прагнілымі вешалкамі прызначаны шарм і абяцаньне бяздумнага, чыстага задавальненьня. Пацямнела, пашарэла, бухнулі раздражнёна дзьверы, дом зарыпеў; з гэткім гукам, нібыта іх ванітавала, крыкнулі за вакном вароны. Стах адчуў смурод нейкага далёкага туалету, як на злосьць прынесенага ветрам акурат на ягоны ўчастак. У выдуманым папом Гапонам Новасібірску палыселы, азызлы Аляксандр Ідыётавіч Казанкоў бяззуба й зласліва пасьміхаўся, кульнуўшы шклянку кедравай самагонкі.