Стах кінуў у кут здзьмуты заплечнік, пагрэў рукі ля калярыфэра, што ўдаваў зь сябе дагараючае вогнішча, і выйшаў у двор. Туман сыйшоў у лес, вакол змрочна дрыжэла бурае лісьце, якое сядзела на дрэвах як галодныя злыя птушаняты; мёртва ляжалі ў выкапаных дажджамі канаўках шэрыя кветкі. Яблыкі раздражнялі невыносна. Нягледзячы на холад, людзей у пасёлак на выходныя прыехала дастаткова шмат — вакол адчуваўся прыхаваны рух, паветра было шчыльнае, звонкае. Недзе на суседняй вуліцы ўжо лупілі сякераю, і зьлева, за закалочаным на ўсе вокны домам, чулася спраўная размова на адмысловы лецішчавы манэр, калі суразмоўцы звычайна знаходзяцца на розных канцох гароду й крычаць пры гэтым адно аднаму рэчы, якія зусім не патрабуюць гучнасці. Яшчэ далей тарахцела машына — у Стаха некалі быў сябра, які ўмеў па гуку рухавіка вызначаць марку. Справа стаяла двухпавярховая цагляная сядзіба — там хадзілі й перасоўвалі нешта груваздкае. Каля сядзібы строіў камусьці вочкі ціхі сіні вольва. Стах запаліў цыгарэту — гэтую звычку ён засвоіў у войску, элэмка раскурвалася марудна, і ён доўга чакаў тую ўсьмешку задавальнення, якую хавае першая за дзень прынятая атрута пад дурманам і млоснасьцю. Дачакаўся, плюнуў, вярнуўся ў дом. Там пахла прасам, які ляжаў на мокрай анучы. Стах лёг на ложак. Ён ляжаў і глядзеў на старое, „зь цьвяточкамі” люстра, у якім падрыгваў ягоны шаснаццацігадовы твар, што стаўся, відавочна, галоўнай прычынаю ўчорашняй падзеі.
Твар Стаха быў, у дадатак да сваёй закансэрваванай маладосці, добрым і прыхільным, як ні імкнуўся ён у хвіліны гневу альбо вушнога болю сказіць яго. Як гэта называюць... прывабны фізыягнамічны тып. Чамусьці менавіта ў Стаха заўсёды пыталіся дарогу да майстэрні па рамонце абутку, чамусьці менавіта ён, на думку прахожых, мусіў ведаць месцазнаходжанне вуліцы Радэка й стрэлак на гадзінніку, чамусьці менавіта Стаха абіраў сярод натоўпу дрымучы жабрак і чамусьці менавіта да яго, расштурхоўваючы лакцямі пасажыраў, імкнулі ў вагоне мэтро старушэнцыі, якія шосты год зьбіралі ахвяраванні на пабудову нейкага часовага храму („Сьвятая царква моліцца за вас!”), чыё месца ў будучым мусіў заняць сабор Маці ўсіх Славянаў. Надзвычай прывабны твар маладога выкладчыка ВНУ перад заўтрашнім вясельлем.
У той вечар, даволі цёплы, Стах вяртаўся са шпацыру па парку. Ухіліўшыся ад сотні лужынаў, ён выйшаў да трамвайнага прыпынку, адкуль да дому было рукой падаць. Вырашыў пачакаць трамвая. З суседняга ўнівэрсаму вылез дзядзька ў доўгай скураной куртцы, з-пад якой выглядвалі ногі ў спартовым трыко й тапках. Беспамылкова абраўшы Стаха між дзясятка нэрвова выцягнутых галоваў, дзядзька папрасіў дзьвесьці рублёў. Не выдумваючы ніякіх хворых дзяцей або кавалка хлебу, проста папрасіў дзьвесьці рублёў на зусім празаічную бутэльку. Не хапіла, а дома ёсьць, але вяртацца, а потым зноў, і... Дай, грошы ж невялікія. Стах даў пяцьсот. Дзядзька зьнік у краме, не прамовіўшы ніводнага слова. Трамвай не зьяўляўся. Стах стаў на край тратуару, камечачы ў кішэні чацьвер. Нехта ляпнуў яго па плячы.
— Ну, ідзем,— сказаў дзядзька, ледзь утрымліваючы белае рыльца, што ўпарта лезла з кішэні. Яны моўчкі перасеклі вуліцу, увайшлі ў двор, прабраліся праз могілкі арэляў, супрацьтанкавыя хмызы і апынуліся ў парку. Той быў амаль пусты — толькі дзяўчынка ў чырвоным вязаным каптурку, што злавесна выдзяляўся на бурым фоне, хадзіла коламі па арэне, трымаючы за аброць задышлівага поні, ды пэнсыянэр падымаўся па стромым схіле. Па-над ракою павольна хістаўся туман. За драўляную вежу апускалася кола агляду, краты агароджы падзялялі на роўныя кавалкі пустэльную вуліцу — Стах выбраў сабе той, што са знакам „Асцярожна, дзеці”. Ён выпіў, закусіў працягнутым яму плаўленым сырком, прыязна адрыгнуў. Чарнілы зрабілі парк утульным, колеры вакол — насычанымі, пераліўчатымі. Ён з размаху сеў на лаўку, якая яшчэ імгненьне таму падавалася мокрай. Дзядзька ўшрубаваў у сябе тое, што засталося, панюхаў сырок, паклаў у кішэнь. Запалілі, гледзячы на трамваі, нібыта на паралельны, зашклёны сьвет. Ва ўнутранай кішэні ў дзядзькі апынулася яшчэ адна. — З баршчом,— сказаў дзядзька салідна. — Есьці хочаш? — Хачу,— адказаў Стах, усміхаючыся. Ля самага ягонага нёба гарэзьнічалі малюсенькія яблычныя эльфы. — Мяне...— пачаў ён. — Пфф,— зашыпеў дзядзька. — Рана знаёміцца.
На кухні ў дзядзькі яны ледзьве зьмясьціліся паміж дзядзькавай жонкай і чатырма дзецьмі ў спартовых строях, што пахлі сэканд-хэндам. Стах не марудзячы разьбіў кубачак, але атрымаў прабачэньне і абаршчэньне. Дапілі, закусваючы чорным хлебам.