— Ты кім працуеш?— спытаў дзядзька між справаю.— Пісьменьнік-постмадэрніст,— адказаў Стах з гордасцю.— Ясна. А я вось на прадпрыемстве малярствую,— сказаў дзядзька, ні на каліва не зьдзівіўшыся.— Плоцяць добра. Хапае. Старэйшы ў войску, прыйдзе — жаніцца будзе. — А,— працягнуў Стах ветліва. Вечар прадоўжыўся пад песню фальклёрнага ансамблю „Яромка”, якую па-заліхвацку выканала радыёкропка, што суседнічала на сьцяне кухні з лайдачкай-зязюляй. — Добра пяюць,— прабурчаў дзядзька з павагаю. Потым Стах выліў дзядзьку на трыко ўсё: пра энцыкляпэдыі, БзіР, маці й Джавані Дрога. Скончыўшы, узьняў цяжкую, занадта цяжкую, каб адчуваць сорам, галаву, і ўбачыў, што дзядзька сьпіць. Зрэшты, неўзабаве ён прачнуўся й сказаў спакойна:
— Ну-ну, зразумеў. Лячыцца табе трэба, хлапец, і не пігулкамі, а ў рабацяшчых, добрых людзей. Каб дурата з галавы выйшла. Ты вось што — прыходзь, калі хочаш, канечне, у панядзелак да нас на прадпрыемства. Нам якраз чалавек трэба ў брыгаду. У нас, ведаеш, там заробак ды соцкультбыт — ого-го. Ты а дзясятай ці ў вадзьдзеле кадраў будзь, ці... скажы, увогуле... што ад Кірылы Антоныча.
Стах балянсаваў у вітальні, спрабуючы завязаць шнуркі на нейкі ледзь не марскі вузел. Кірыла Антоныч запісаў на лісточку нумар хатняга тэлефону — буйнымі літарамі, каліграфічна, і сунуў Стаху ў кішэню паліто.
— Або патэлефануй, дамовімся, я сустрэну. Да дому дойдзеш?
— Дайду,— сказаў Стах, наступаючы на шнуркі. Апошняе, што ён бачыў,— асуджэньне ў вачох дзядзькавай жонкі, якая накрывала ягоную, Стаха, скульптуру ў поўны рост мокрай анучай. Дахаты ён дайшоў не зусім сам — пад абедзьве рукі яго падтрымлівала натхненьне, зусім блізкае (Стах нават адчуваў паэтычны перагар на скрыжаваннях), але няўлоўнае. 'Тлупае знаёмства...”— паўтараў ён шчаслівым п'яным шэптам, лыбячыся па-ялавічнаму кожнаму сустрэчнаму гопніку, але некранутай часткай мозгу ўсьведамляў, што дзядзькаў тэлефон запомніў назаўжды. Маці адчыніла дзьверы, нічога не сказала — здань з друзлай скурай на рухавых грудзёх.
...Стах намацаў цыгарэты на падваконьні. У доме было сьмярдзюча й цёпла. З вакна — таго, што выходзіла на суседнюю цагляную сядзібу — даносіліся галасы, мужчынскі й жаночы, які з цнатлівым зьдзіўленьнем паўтараў пасьля кожнага неразборлівага слова выразнае і хвосткае „Клас!”. Стах намаляваў на запацелым шкле тры кропкі, затым, падпарадкоўваючыся рэху дзяцінства, дужку: punkt-punkt-komma-strich... У дзьверы адрывіста й глуха пагрукалі, нібы яблыкамі кінулі. Стах грузна апусціў ногі на падлогу: „Заходзьце!”
На парозе зьявіўся зацягнуты ў рамні мужчына, і дзіўна было адчуваць тут, у атмасфэры ўсеагульнага дачнага суботніку, водар дарагой туалетнай вады, які хутка зьмяшаўся са смуродам дому. Госьць быў вельмі высокі — прыгнуўшыся й трымаючы за брылёк сваю афганку, ён прайшоў на сярэдзіну пакоя й там спыніўся, разглядаючы Стаха.
— Дарэчы, праветрылі б, няма чым дыхаць,— сказаў мужчына, кашлянуў у кулак і ступіў яшчэ бліжэй. Стах чакальна глядзеў яму проста ў вочы.
— Я ад імя камітэту дачнага пасёлку,— прамовіў мужчына.— Гэта ж ваш участак? Вы, мусіць, чулі ўжо — у Міхайлаўскім лесе арудуе маньяк. Два згвалтаванні, забойства, некалькі крадзяжоў...
— Тады гэта ўжо не маньяк. Маньяк, я маю на ўвазе — сэксуальны, красьці наўрад ці стаў бы. Вы ж сэксуальнага Манька мелі пад увагаю?
Мужчына паморшчыўся.
— Міліцыя ўжо шукае гада. Доўга яму не працягнуць.
— А вы хто? Імя вашае, даруйце,— спытаў Стах усё гэтак жа ціха.
— Дубраўскі Сяргей Мікалаевіч,— адчаканіў камітэтчык.— Мой участак ля самае станцыі, нумар два. Дык вось, камітэт прыняў на надзвычайным сходзе рашэньне кожныя суботу й нядзелю арганізоўваць патруляваньне пасёлку. Усе дарослыя мужчыны ў парадку ачароднасьці зь сямі вечара да сямі раніцы абыходзяць дачны пасёлак, пачынаючы ад станцыі й сканчаючы лясным масівам. Вашая чарга — роўна праз два тыдні.
— А калі я не хачу?— Стах падыйшоў да вакна,
на якім выразна віднелася ўсьмешлівая пыса.
— Як гэта не хачу?— шчыра зьдзівіўся Дубраўскі.
— Тыя, хто за жалезкай жыве, таксама патруляваць будуць?— павярнуўся да яго Стах.— Тыя... з джакузямі?
— Гэтая тэрыторыя не належыць да нашага дачнага каапэратыву,— строга сказаў Дубраўскі й засунуў руку за рэмень.
— Ну й дзе расьпісацца?— спытаў Стах нецярпліва.
— На грамадзкіх пачатках,— адказаў загадкава Дубраўскі і, грукнуўшы абцасамі, выйшаў. Стах бачыў з вакна, як госьць ягоны, махаючы невядома скуль узятай лапатай, прайшоў міма цаглянай сядзібы й зьнік за паваротам.
Крыху праветрыць і праўда не перашкодзіла б. Стах адключыў калярыфэр, выйшаў у сад, пакінуўшы рыпець дзьверы. За нізкім плотам ён пабачыў суседзяў, гаспадароў сядзібы.