У Стахавым жыцьці вулкана-халасьцяка былі, натуральна, нейкія жанчыны. Шчыра кажучы, іх было дзьве, хаця Стах і пашыраў дзеля ўзьняцьця ўласнага аўтарытэту гэтае кола аж да тых, хто ўсяго толькі пагладжваў яго калісьці па галаве са спачувальным: „Дзіва нейкае, а не мужык.” Першай была сакурсьніца, для якой Стах стаўся нечым кшталту экстрэмальнага экспэрымэнту й ня больш чым чарговым чэлясам у аб'ёмістай капілцы. Другая была тоўстай дзяўчынай з падбародзьдзем прапаршчыка й вачыма Мальвіны — Стах пазнаёміўся зь ёй на адной выставе мастака Вішнёва, адчуў хвалю рабскай падатлівасьці, якая йшла ад ейнага шэрага цела, зацягнуў да сябе (маці якраз была на працы) ды расправіўся проста ў калідоры, на мацярынскіх гумавых тапачках. „Ты куды канчаеш, прыдурак?”— пяшчотна шаптала яна яму пад паху, салодка заплюшчыўшы неглыбокія вочкі, пакуль Стах пераможна біў ва ўсе званы. Ён кінуў яе праз тры дні, выкарыстаўшы да поўнае зьнямогі й паслухаўшыся агіды, што няўхільна патрабавала разрыву ўсіх адносінаў. Стахава дохлая волі сьпявала гімн, калі Волька, падскокваючы як тэнісны мячык, спускалася па сходах уніз, паўтараючы ягоныя словы: „Ты мне не патрэбная. Ты ніжэй за ўзровень маіх патрабаванняў. Ты не прыходзь болей.” Пры гэтым прыгожых жанчын Стах баяўся. Іхныя доўгія ногі вымагалі, на ягоную думку, багатырскай моцы й нечалавечай мужнасьці. Такіх жанчын любяць толькі ў кіно. Дый тое зь цяжкасьцю. Іхныя грудзі былі занадта самадастатковымі, іхныя похвы мусілі не кахаць, а жэрці, іхныя ільняныя пасмы былі створаныя, каб кіраваць. Ад такіх Стах уцякаў. Але Тая — яна не падыходзіла ні пад якую катэгорыю. Яна была... яна была аскепкам іншага сусьвету. Тай-йя!
Стах скалануўся. Ён даўно ўжо ўпакаваў сьцяну ў цесны жоўты строй, і цяпер ягоная рука фарбавала дом па новай. Недзе ля станцыі гулялі, вецер разносіў п'яную песьню, фарбы ў бляшанцы значна паменела. Канец Стахаваму ачмурэньню паклала сям'я, якая праходзіла гідлівым крокам міма ягонага дому. Погляд бацькі, нагружанага разнастайнымі распухлымі валізамі і ў прыдачу да іх раскладным крэслам, выражаў пажаданне прымусіць пяць мільярдаў чалавек выкапаць агромністую яміну, легчы туды і ўласнаручна засыпацца. Жонка ягоная, якая несла на манэр чамадану абагравальнік, прычытала сабе пад нос, дробненька й сапліва: „Вось зараз дойдзем, авойцікі зараз прыйдзем, зараз мы дойдзем, ну калі ж мы, божачкі, прыйдзем.” Вольнай рукой яна цягнула за сабою малое дзяўчо, якое лямантавала, паказваючы ўсяму сьвету малінавыя дзёсны: „Я не хачу на дачу! Я хачу да Паўліка! Пусьці!” Мужчына мерна прашмякаў міма дома, абдаўшы яго хваляй нянавісьці. Жанчына, выбіраючы шлях пасушэй, зірнула на Стаха з сумесьсю гордасьці й пагарды. „Я хачу да Паўліка!”— енчыла малая.— „Пусьці мяне, сука старая, я да Паўліка хачу! А яшчэ я хачу какаць!” Урэшце сям'я зьнікла за домам, але голас малой яшчэ доўга чуўся ў рухавым зімным паветры.
Гэтая працэсія адцягнула Стахавы думкі ад навязьлівага Таінага вобразу, які так настойліва малявала ягоная рука. Стах узгадаў пра калярыфэр, які быў схаваны ў адмысловым месцы й таму ня стаўся здабычаю злодзея, сагрэў крыху вогкі дом, зьеў пару бутэрбродаў з заплечніка, выпіў кавы, выпаліў пару цыгарэтаў. Дом ён дафарбоўваў ужо не спяшаючыся, з доўгімі цыгарэтнымі паўзамі. Фарбы ўсё адно засталося кот наплакаў. Прыйшоў Дубраўскі, з ухвалаю паглядзеў на Стахаву працу, нагадаў пра дзяжурства.— Памятаю,— зморана адказаў Стах.— Добра, пайду. Дубраўскі пачаў занудны інструктаж, Стах ня слухаў, намагаючыся сабраць рэшткі фарбы з самых далёкіх куткоў бляшанкі.— Зброю дасьцё?— спытаў ён між справаю.— Ну-у-у, зброю...— працягнуў Дубраўскі незадаволена.— Не паложана. Кожны з дзяжурных атрымлівае вось гэткі сьвісток. Ён міліцэйскі, вельмі надзейная штука. Калі што — сьвісьці, і я са сваёй стрэльбай — за пяць хвілінаў. Зразумела? Яшчэ пытаньні ёсьць?
Стах прамаўчаў. Урэшце няўрымслівы камітэтчык сыйшоў на свой участак, дзе ў яго быў абсталяваны, як ён сам выражаўся, „камандны пункт па затрыманні ды абясшкоджанні”. Стах кінуў пустую бляшанку пад ганак і сабраўся паляжаць перад дзяжурствам.
— Хочаш кавы?
Яна зноў засьпела Стаха зьнянацку. Пара ад кубачку, які яна паставіла на плот, мяшалася з цыгарэтным дымам. Стах выцягнуў шыю, жадаючы паглядзець, ці стаіць вольва перад яе домам. Машыны не было.
— Муж дома застаўся,— прамовіла Тая абыякава, і шумна адпіла чорнага напою.— Я ўчора сюды на электрычцы рванула, на апошняй. Ледзь паспела. Дык хочаш кавы?
— Мне йсьці хутка... — нерашуча паглядзеў на яе Стах.
— Зьязджаеш?
— Ды не...
— Прагуляцца ахвота. Напрацаваўся, бедненькі хлопчык.
— Не, мне тут сёньня... Ну, карацей, на дзяжурства йсьці. Маньяк тут лютуе... Дык у пасёлку вырашылі патрулі арганізаваць. Ёсьць тут адзін... Дубраўскі. Дык ён і прыдумаў.
— Гэты лох у вайсковай форме?
— Ну. А твой муж, ён жа таксама будзе дзяжурыць...
Тая раптам зарагатала так, што скінула з плоту кубачак з каваю, а потым яшчэ расьціснула бедную плястмасу нагой.