— Хто — Юра? Ды ён гэтага Дурацкага нахер паслаў — і ўсе справы. Мы што — наняліся? А ты, як піянэр — дзяжурыць.
Яна выцерла з твару рэшткі сьмеху.
— Уяўляеш, я тут у часопісе такое прачытала — ёсьць дрэва, кара якога на смак — як хлеб. Адзін да аднаго.
Стах хмыкнуў, ня ведаючы, што сказаць.
— А яшчэ прачытала, што кожны мужык калі-небудзь здраджвае жонцы. Ну, што верных мужоў не бывае. Навогул.
Стах запаліў, прысеў на ганак.
— Слухай анэкдот,— сказаў ён, спадылба гледзячы на Таю й набіраючы ў грудзі паболей паветра. Яна не зьвярнула на ягоныя словы аніякае ўвагі.
— Гэта праўда? Што не бывае?
— Я не жанаты,— шчыра прызнаўся ён.
— Ну і што? Ты ж з мужыкамі жанатымі знаёмы? У піўнухах там, у лазьнях вы ж гутарыце.
— Ну...— закашляўся Стах.— Слухай, мне йсьці трэба.
Яна разьвярнулася й ні слова не сказаўшы пайшла да дому. Стах у роспачы глядзеў ёй усьлед. Але Стахавы кішэнныя багі на гэты раз праявілі літасьць. На паўшляху Тая спынілася, і яе мэлядычны голас ледзь дагнаў Стаха, якога дом ужо прымаў у свае спачувальныя абдымкі:
— А можа, мне з табой схадзіць? А?
Яны выправіліся патруляваць пасёлак, калі электрычка на сем трыццаць сем абвясьціла ўжо надыход шарае гадзіны. Паводле загаду Дубраўскага, Стаху ў дапамогу быў прызначаны яшчэ адзін дачнік — суханькі ватны прафэсар Ільля Раманыч. Таму вартаваць пасёлак ад невядомага вар'ята зусім не хацелася, і прафэсар уздыхнуў з палёгкаю, калі Стах і Тая хорам прапанавалі яму застацца дома, і, мітусьліва дзякуючы ім, пачаў здымаць толькі што з такою цяжкасьцю нацягнутыя боты. Прафэсар насыпаў Стаху халодных прышчавых яблыкаў і запрасіў наведваць ягонае лецішча ў любы час. Яблыкі Стах з маўклівай Таінай згоды выкінуў ля бліжэйшага павароту, што вёў праз статак недабудаваных катэджаў і нябачную ў цемры чыгунку да вялікага й дастаткова дзікага лесу. Тыя, хто ведаў геаграфію, маглі меркаваць пра ягоную велічыню — на хвост лесу за пятнаццаць кілямэтраў адсюль наступала сталіца. Мусіць, менавіта гэткі лес — зблытаны клубок зь лісьця, гальля, дрэваў, павуціньня, моху й папараць-кветак, у якім барахтаюцца прадстаўнікі зьвярыных ды птушыных нацменшасьцяў, а школьнікі раскопваюць муміі партызанаў ды іншых фрыцаў, і саступіў некалі месца льготніку па імені Прадпрыемства ў перапоўненым тралейбусе гісторыі.
Напачатку йшлі моўчкі. Ліхтарык, які Стах нёс у левай руцэ, марна спрабаваў падабраць ключ да густой цямрэчы, і адно ствараў непатрэбныя, аднак надзвычай актыўныя цені, што наступалі адзін адному на ногі і ўсё намагаліся рухацца паміж Стахам і Таяй. — Не баішся?— запытаўся Стах, назіраючы за тым, як па-насякомаму напаўзаюць на мазутнае неба зоркі. — Чаго?— паціснула яна плячыма, думаючы пра нешта сваё; Тая навогул стала з надыходам прыцемак нязвычна сур'ёзнай і раздражнёнай.— Я ж з мужчынам...
Яна памацала Стахаў біцэпс, ад чаго яму раптам стала козытна, і ён нечакана груба вырваўся, прыхлопваючы вуснамі вымушаную глупую ўсьмешку. Тая паглядзела на яго зь недаўменьнем і ўзяла пад руку. Лёд яе пальцаў у чорных пальчатках паласаваў локаць, студзіў кроў. Раззлаваны ліхтарык кідаўся ва ўсе бакі, падрубаў сваім промнем, нібы Лазарам, высокія шасты, на якіх перасоўваліся па навакольнай цемры загадкавыя волаты, на зямлю, да Таіных ног, валіліся бязгучна змрочныя платы і агароджы, буданчыкі ды кунгі, хаткі ды альтанкі; выплывалі шыфэрныя караблі ды дваровыя дрэвы на ланцугох.
— Я чаму пытаюся...— загаварыў Стах.— Адкуль ты ведаеш... можа, невядомы гвалтаўнік — гэта якраз ваш пакорны слуга?
— Які слуга?— падазрона паглядзела на Стаха Тая.— А, ты... Не. Для маньяка ты паводзіш сябе занадта ўжо па-маньяцку.
— Як гэта?
— Прыязджаеш сюды, як я бачу, без усялякае мэты, швэндаешся з дому ў сад, з саду ў дом. Нахабна глядзіш у двор да суседзяў. Бегаеш як дурны. Дом фарбуеш, калі зіма ўжо, і ўвогуле... Глядзіш пастаянна ў вадну кропку. Да мяне заляцаешся, прыстаеш.
— Я прыстаю?
— А вось вернемся дахаты, я пайду да Дубраўскае і распавяду, як ты мяне хацеў згвалціць... вунь за тым сараем. І ўсё — думаеш, табе хто паверыць? Маньяка шукалі — маньяка знайшлі. Ня можа ж такога быць, каб у вадным дачным пасёлку зьверствавала два маньякі. А?
Стах паглядзеў на яе ўважліва. Такая можа ўсё вытварыць
— Да ладна, ня сцы. Ня выдам я цябе. Падатруся й паспрабую забыць. Хаця безумоўна, траўма на ўсё жыцьцё. Памятаеш, як заціскаў мне рот сваёй сьмярдзючай потнай далоняй? Як я абмякла ў тваіх грубых абдымках? Ах, гэта было так балюча, так брыдка!
— Тая... — прамовіў Стах з дакорам.
Яна тут жа спынілася й павольна-павольна, урачыста й да ачмурэньня спакойна паглядзела яму ў самыя зрэнкі. Стах адвёў вочы.
— А... а адкуль ты ведаеш, як мяне завуць?
— Ну, я ж быў на лецішчы ў мінулую суботу, і чуў, як ты размаўляла з мужам, і выпадкова...
Цікавасьць у яе вачох зноў прымусіла Стаха задрыжэць.
— Я ж кажу — псіх,— прамовіла яна супакоена.— Падслухвае чужыя размовы, лезе, блін, у асабістае жыцьцё... Папа Рацы, тата Карла!