Стах, які ўжо пасьпеў выпіць і з Кірылам Антонычам, і з Мурлом, і зь Дзеленстапам Каўкомавічам, і з Бурцэвічам, і — асобна — з цэлым гуртам размаляваных, пенаротых дзяўчатаў, торгаўся зараз у руках Сьняжаны, як пераламаная камышына, каля самай сцэны, намагаючыся мацней ухапіцца за яе не такі ўжо й тонкі стан, што ўпарта выслізгваў з рук. Яромка, які напачатку быў усяго толькі вясёлым казачком, скачучым пад замілаваныя воплескі дарослых, ператварыўся пакрысе ў заваднога жудаснага Вія, што прыняў парачку пігулак экстазі. Шалёная музыка жывілася вакханаліяй, пануючай на заводзкай плошчы, Яромка знаходзіўся ў сваёй стыхіі, і гэты рэдкі выпадак прымушаў музыкаў выкладвацца напоўніцу. Марыя Пятроўна вязала са сваіх грудзей мудрагелісты вузел і лямантавала ў мікрафон ня горай за Бона Скота, Мікола рваў гармонік так, быццам хацеў паглядзець нарэшце, што ж там ў яго ўнутры, Ягор біў у бубен галавой, Вікторчык фунікулёрам езьдзіў па апошняй жывой струне, а Жэня й Дзіна, здавалася, зараз злучацца проста на падмостках. Між музыкаў поўзала Эла Сямёнаўна, фіксуючы гэта ўсё на фотастужку са спакоем фотааматара з войскаў СС. Апрача таго, выступ „Яромкі” здымаўся на відэа і запісваўся на CD. Лепшы выступ за ўсю гісторыю ансамбля. На апошнім паверсе будынку адміністрацыі палала д'ябальскім сьвятлом шырокае й доўгае вакно — там адзначала Дзень прадпрыемства адміністрацыя.
Стах ужо літаральна вісеў на Сьняжане — да яго рэгулярна падыходзілі незнаёмыя людзі, дыхалі ў твар, білі па плячох, ціснулі пасінелыя Стахавы рукі. Яму падабалася знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, цяпер ён пачуваўся гатовым прайсьці праз усе кардоны й знайсьці Марлокіна, абняць Марлокіна, пацалаваць Марлокіна ў родныя вусны, занесьці Марлокіна на руках у яго рэзыдэнцыю, ды ці мала што яшчэ. Жанчыны вішчэлі, паўтараючы за Марыяй Пятроўнай: „Міленькі, мі-і-іленькі дружо-о-очак, пойдзем у садочак!” Стах пракрычаў гэта разам з усімі, але яму падалося, што занадта ціха. Дый навогул, неяк вяла гэта ўсё, вяла. Ён расшпіліў прарэх і памачыўся ў сьнег. „О-о-о,”— авіяцыйнай бомбаю прасьвісьцела, прагудзела вакол. „Я — Джым Морысан,”— сказаў ён Сьняжане. „А ты чаго такая задаволеная? Я — Джым на шчасьце лапу мне... Команбэйбі... лайкмайфая...” Да яго праціснуўся голы па пояс мужычок з залатым праваслаўным крыжом на валасатых грудзёх. „Я — Паша,”— сказаў ён дзелавіта.— „Хачу, ё, з табой выпіць, ё. Ты ж, ё, герой проста дня. Цябе як?”— „Джым,”— прамармытаў Стах. Паблізу нехта расклаў вогнішча, празь якое зараз жа пачалі скакаць голыя бліскучыя целы. „Джын маецца,”— сказаў мужычок, косячы вокам.— „Барысаўскі. А ты ў курсе, што Рулінскі з ЦЗЛ... ён летась конкурс выйграў... сабе харакіры зрабіў толькі што, ё. Зуб даю, ё. Каля тэрмічкі проста. Сур'ёзна, ё. Ну, давай.” Стах ужо няздольны быў зьдзіўляцца, як гэта ў яго сёньня атрымліваецца так доўга не ванітаваць. Паша адрыгнуў і задыхаў ля Стахавага носу: „Хадзем паглядзім, а, ё?”— „Ноу,”— скрывіўся Стах. „Не, хадзем,”— раптам запярэчыла Сьняжана. Яна вывалакла Стаха з натоўпу. За статуяй панавала ўжо ўсёпераможная цемра. „Можна тваю даму запрасіць?”— нядобрым голасам запытаў Паша. Але тут Стах упаў галавой у сумёт. „Ды ну вас,”— плюнуў Паша.— „Арганізмы слабыя, ё. Панажыраюцца, ні паё, ні пая.”— „Вось і добра,”— прамовіла Сьняжана, яшчэ глыбей зарываючы галаву Стаха ў сьнег.— „Адыходзь.” Паша ўшчыкнуў Сьняжану ды сыйшоў у цемень.
І праўда, праз парачку стагодзьдзяў Стах ачуняў. Сьняжана ўліла яму ў глотку грам пяцьдзесят і яшчэ прытрымала Стаху сківіцы, каб ня выйшла назад. Жыцьцё вярталася. „Холадна,”— прамовіў Стах невыразна. „Зараз будзе цёпла,”— сказала яна па-змоўніцку ды ўзяла яго за руку. „Зараз. Ідзем.”— „На харакіры?”— спытаў Стах слаба. Яна нецярпліва хінула галавой, і яны рушылі туды, дзе цемра зжэрла нават абрысы будынкаў і насякомыя лямпачкі.