Хутка й праўда стала цёпла. Рука Сьняжаны хваравіта падрыгвала, мацала Стахава запясьце, апранала на сябе дохлую чашую ягоных пальцаў. Зьвінелі правады на нябачных сьценах, Стах грудзямі наляцеў на дзьверы. Шумела галава, будынак, у якім яны апынуліся, меў нейкую складаную пляніроўку, бо сьцены тут бесперапынна размнажаліся, пачкаваліся, паміралі й зьяўляліся наноў. Нібыта Стах і Сьняжана беглі па маленькай чорнай плянэце, над якой тлелі закатаваныя зоркі, а іх, Стаха й Сьняжану, такую цёплую, усёразумеючую й такую заўжды зразумелую Сьняжану й такога выздараўліваючага тыфознага, як Стах, абступалі неадступныя маляўнічыя карты, цэлая калода картаў, і на ўсіх дамы, дамы, аголеныя тлустыя дамы, парнаграфічныя карты, дзе мяжа паміж парнаграфіяй, а, Сьняжанга, Сьняжангіна, Зьняць Жану! Ё. Іх прыняла на свае распусныя калені лесьвіца, якая паднялася, распрастала зацёклую сьпіну, і мы ўжо на трыццаць мэтраў вышэй за грэшную зямлю, і лесьвіца падскочыла, грэючыся,— вышыня ўжо шэсьцьдзесят, лесьвіца чакала так доўга, лесьвічная бактэрыя ў запячатанай бутэльцы каменнай вежы, і вось яны адкаркавалі бутэльку, ты адчуваеш пах? так гэта ліцейка, не? тады што адкажы вежа бяз даху я прынцэса я таксама хачу затачы мяне ў слановую костку даху тут няма тут зорнае неба над галавой мы дзьвюхгаловая пачвара, пакрыўджаны прадпрыемствам дракон. Сто мэтраў, сто пяцьдзесят мэтраў. Бачыш, тут такія шыльдачкі на сьценках. Вось і прыйшлі. Ё.

Яны стаялі на маленькай пляцоўцы, круглай і безвыходнай. Прадпрыемства ляжала ў іхных ног, успыхвала дзе-нідзе вагнямі, і з такой ачмуральнай вышыні падавалася, што ўнізе — выпаленая ўшчэнт бязьлітаснымі качэўнікамі зямля, дзе вугольле ў апошні раз нагадвае пра тое, што тут калісьці былі хаты, дзеці, плуг, каханьне, сад. Зьнізу ня чулася ані гуку. Ні адзін вецер не далятаў сюды ў гэты вечар п'яных пераможцаў і прагных сьняжанаў. Стах запаліў, цыгарэта ледзь ня выпусціла яго з рук. Залаты попел павольна паплыў у нябыт. Сьняжана стала да яго сьпінай, пагладзіла сябе па сьцёгнах. Сьняжана за імгненьне ператварылася ў два паўшар'і, што бялелі, нацэліўшыся на Стаха. Сьняжана стала кудлатым дымам, які йшоў з дзіркі на месцы яе шыі. Сьняжана стала пахам нямытага дзіцяці. „Давай жа,”— павярнула яна галаву й закусіла губу.— „Ну што ты як не мужык. Давай.” Стах пагрузіў твар у дым, схапіўся за парэнчы, глыбока ўдыхнуў. Так пахла мацярынская сумачка. Усё будзе добра. Яму падалося, ён рассек яе напалову. Падобна на тое, што ёй гэта нават спадабалася.

Час мінаў, і дарогі яшчэ некалькіх тыдняў прывялі да стылых і дзіўных суботаў. Гэтыя дні, раней такія насычаныя чаканнем, прагай, нейкім даследчыцкім энтузыязмам, пакрысе ператвараліся ў не пазбаўленыя прыемнасці, але ўсё ж аднастайныя і ад таго доўганудныя мерапрыемствы, у якіх Стах быў вымушаны ўдзельнічаць, нібы ягонае высокае палажэньне не дазваляла яму адмовіцца ад удзелу.

Суботнімі ранкамі ён прачынаўся, зь неймаверным намаганьнем адзьдзіраў галаву ад вільготнай падушкі, звыкла засьведчваў прысутнасць ламаты ў скронях, біў чалом крану ў лазьніцы, аглядаў, гледзячыся ў мацярынскае люстра, свежыя прышчы й, калі ў страўніку застраваў папяровы амлет, выпраўляўся на вакзал. Электрычкі адмянялі, вакол вадзілі карагоды кайстры й валізы, і злодзеі-кішэньнікі пілі ў буфэце піва; Стах уладкоўваўся дзе-небудзь паміж сьметніцай і падсьлепаватай сьцяной і глядзеў перад сабой, пакуль трубны глас не прымушаў яго здрыгануцца, абвяшчаючы пра чыгуначныя прылівы ды адлівы. Ён прыязджаў у зусім ужо мёртвы пасёлак, палохаючы касірку, марудна брыў па закарэлых вулках, задзяваючы каптурком нізкае неба, пакрытае бялёсымі плямамі зафарбаваных надпісаў. Дзіўна, але Стах лавіў сябе на думцы, што ягонае каханьне больш не прыносіць радасьці. Адмаўляцца ад Таі, безумоўна, было пакуль няварта, яна давала палёгку целу і ўпэўненасьць словам, яна надавала сэнсу выходным дням, бо безь яе чым бы ён займаўся ў суботу ды нядзелю? яна, урэшце, была цудоўным асобнікам жанчыны і адпавядала многім Стахавым патрабаваньням, але... Яна шмат чаго прасіла ўзамен, і перш за ўсё — непарушнай увагі да яе жыцьця, яе цацачных праблемаў, яе інфантыльных думак, а галоўнае — гэтай ейнай бясконцай кнігі, гэтых паточаных словам аркушаў, на якіх нявіннае сямейнае існаваньне Юры апісвалася ледзь не пахвілінна. Стах ужо цешыў сябе надзеяй, што рагаты Таін супруг забароніць ёй у бліжэйшы час такія дзіўныя паездкі ў вадзіноце на пустое лецішча. Узімку можна сустракацца ў горадзе, можна нават у ягоным пакоі, вельмі весела ўявіць сабе твар маці, калі яна ўбачыць, як Стах уцягвае да сябе маленькую жанчыну з абручальным кальцом на належным пальцы й, ухмыляючыся, зачыняе за сабой тонкія дзьверы. Інфаркт схопіць старую. Аднак пакуль Юра маўчаў, акуратна забіраў Таю зь лецішча, калі іхная субота ўжо была вычарпаная,— можна было падумаць, што ён забірае яе з працы.

Перейти на страницу:

Похожие книги