Неўзабаве па палёце трохпілотнага «Ўзыходу» Фіма Герцыковіч і зарэзаў жонку. Відаць, ад перажываньняў біялягічны мэханізм, ад якога залежала паўната цёткі Розы, пачаў нарошчваць ейныя кіляграмы з катастрафічнай хуткасьцю. З такім самым эфэктам, як яна, на нашую гаротную канапу, мог, напэўна сесьці сам прывакзальны жалезны Ленін. Карацей, канапе, нягледзячы на маштабныя посьпехі СССР у асваеньні космасу, надыйшоў гамон, а на новую ў бацькоў бракавала грошай.
Калі ў часе выпрабаваньня цяжкагрузнага карабля «Саюз» загінуў касманаўт Камароў, цётка Роза Герцыковіч да нас ужо не завітала. Яна не чытала гісторыка Фэрнана Брадэля, які аднойчы сфармуляў свой славуты пастулят, паводле якога «калі габрэі прыяжджаюць у нейкую краіну, гэта адзначае, што жыцьцё там ідзе добра альбо пойдзе лепей, а калі ад’яжджаюць, — што яно ідзе дрэнна альбо зьменіцца на горшае». Фімава маці проста дачакалася сына з турмы і зьехала зь ім у Ізраіль.
Маёй цётцы Вользе, той самай, што некалі афарыстычна выказалася наконт нашага бегу навыперадкі з Амэрыкай, не было куды зьяжджаць, і яна воляй-няволяй мусіла заняць нейкае месца ва ўсесаюзных шматмесяцавых размовах аб лёсе касманаўта Камарова.
Лёталі чуткі, што камандзір «Саюзу» не загінуў пры пасадцы, а толькі пакалечыўся. Адны бачылі людзей, што на ўласныя вочы бачылі, як Камароў прызямліўся на полі пад Новасібірскам, вылез з кабіны і папрасіў піва. Другія бажыліся, быццам чулі тое самае праз «варожы голас»...
Я быў пэўны, што падзея гэткага сумеру не абміне на яе гістарычнай радзіме і носьбітку старажытнага й слаўнага полацкага прозьвішча Герцыковіч. Мне ўяўляліся смуглявыя жыхары бэтлеемскіх ваколіцаў (зрэшты, вельмі падобныя да нашых нядаўніх суседзяў), якія чуюць з алейных цёткірозіных вуснаў, што калі Камароў і ацалеў, дык яго ўсё адно зловяць і заб’юць альбо, у лепшым разе, назаўсёды куды-небудзь заканапацяць, каб ніхто не падумаў, што савецкія газэты, радыё і тэлебачаньне схлусілі савецкаму народу.
Пазыцыя цёткі Вольгі ва ўсёй гэтай гісторыі вызначалася яшчэ большай бескампраміснасьцю. Іканапісна падцяўшы вусны, маміна сястра сказала, што Бог нарэшце ўзяўся караць летуноў, якія безь ягонага дазволу панарабілі ў небе дзірак і сапсавалі надвор’е дый жыцьцё наогул. Зраблю нотабэнэ: зь цёткаю была салідарная большасьць кабетаў зь яе шклоўскае вёскі Капысіца, што квітнела пад сонцам калгаснага ладу за тры кілямэтры ад тады яшчэ невядомай нікому Александрыі, чые жыхары гналі ня горшую ад капысіцкае самагонку і не падазравалі, што праз чвэрць стагодзьдзя адзін іхны землячок узначаліць усенароднае змаганьне зь нейкай страшнай замежнай Натай.
Не, нікому зь іх — ні колішняму александрыйцу, ні першаму касманаўту-беларусу Клімуку, ні другому, Кавалёнку, у якога ў дэбютным палёце нешта ня зладзілася і назаўтра ж з хаты ў ягонае маці забралі прывезены напярэдадні тэлевізар — я, хоць забіце мяне, не зайздросьціў.
Калі нейкая кропля зайздрасьці і атруціла маю істоту, дык гэта да зусім нянаскага касманаўта Ніла Армстронга. Вось у яго быў сапраўдны палёт. Гэта, ведаеце, як круціцца вакол несусьветнае прыгажуні безьліч залётнікаў, цалуюць ручкі, падносяць падарункі, нехта за бачок ушчыкне і ня болей, а потым зьяўляецца той, што бавіць зь ёю ноч і застаецца першаадкрывальнікам.
І кволіцца недзе ў заканурках душы мара — знайсьці, калі зноў патраплю ў Амэрыку, старыну Ніла й запытацца, што ён там такое на Месяцы, у тым Моры Спакою, убачыў ці адчуў, што, кажуць, завязаў з космасам і нават схаваўся ад людзей і жыве самотнікам.
Разумею, што шанцы на адказ блізкія да нуля. Але мне падабаецца думаць, што — калі б яшчэ жыла бабуля Аўгіньня — старына Ніл мог бы, замест іхнага нядошлага віскі, хапянуць са мною чыстага, нібыта сьляза дзіцяці, перагону і, як некалі дзед Грыша, раскалоцца ды паслаць усю гэтую касманаўтыку на...
Інтэрнат
Пасля з'яўлення на свет у полацкай радзільні на Верхнім замку я маю ўжо дзесятае па ліку жытло і - дарма што вокны маёй цяперашняй кватэры выходзяць на гармату ля ўвахода ў Нацыянальны музей - рэшту зямнога тэрміну спадзяюся бавіць у клопатах выключна мірных і ў дом свой вечны выправіцца менавіта адсюль.
Перабіраючы ў хатнім зацішку згадкі пра былыя жыццёвыя прыстанкі, я пешчу ўдзячнае пачуццё да кожнага з іх, але нязменна прыходжу да адной высновы: найбольш плённымі з гледзішча экзістэнцыяльнага досведу былі гады, звязаныя з сямейным інтэрнатам. Тым самым інтэрнатам, што і сёння можна адшукаць водбліз Дзвіны паміж кінатэатрам «Космас» і манументам першаму намёту наваполацкіх будаўнікоў, да бетонавай агароджы якога былі некалі прышрубаваныя жалезныя літары, што складаліся ў лозунг «Слава строителям коммунизма!».