Густы ў Тонькі і Каці ў пэўным сэнсе супалі: да абедзвюх хадзілі палякі.
Зрэшты, польскія імёны, польскія вусы і польскае ўсё астатняе настальгічна згадвае шмат хто з жыхарак Прыдзвіння.
У пару іхняе маладосці палякі будавалі ў нас магістральны газаправод, і ў полацкіх ваколіцах густымі чародамі пасвіліся показкі пра мужоў, якія зарана вярталіся з камандзіровак альбо, наадварот, прыбывалі са значным спазненнем, і ўласныя дзеці сустракалі іх на парозе радасным галёканнем: «Дзень добры пану!»
Нягледзячы на складаную кан'юнктуру ўнутранага рынку і неаднаразовыя заявы майго знаёмага Эўгеніюша, што адсюль і да Смаленску - іхняя, польская зямля, я таксама захаваў пра будаўнікоў газаправода пераважна светлыя ўспаміны.
Якраз тым часам я загрымеў з апендыцытам у лякарню.
Выпадак аказаўся гнойным, і мяне рэзалі пад агульным наркозам. Апоўначы я выкараскаўся з беспрасветнае нірваны і пачаў клікаць дзяжурную сястру.
Як пазней высветлілася, начная сястрычка з дзяжурным доктарам цешыліся ў тыя хвіліны адно адным у працэдурнай, а крыкі і енкі ляжачых хворых толькі абвастралі ім асалоду.
Пачуццё хрысціянскае міласэрнасці было майму суседу па пасляаперацыйнай палаце калі не вельмі роднае, дык не зусім і чужое. Наслухаўшыся маіх стогнаў, ён дацягнуўся з ложка да графіна з вадой і папусціў ім у адчыненыя дзверы.
Графін гахнуў у калідоры аб сценку; расчырванелая сястрычка, сарваўшыся з наседжанага месца, выбегла з працэдурнай і з нянавісцю ўшпіліла мне супрацьболевы ўкол, а суседа ўзнагародзіла адным з тых позіркаў, якімі адорвала пацыентаў ейная вядомая заакіянская каляжанка міс Гнусен з рамана Кена Кізі «Над зязюліным гняздом».
Польскія бацькі ахрысцілі сына Адольфам, але той ветліва дазволіў - калі мне гэткае імя не да душы - звяртацца да яго проста як да пана Зайкоўскага.
Пан Зайкоўскі апавядаў, што на бальнічным ложку апынуўся пасля таго, як у цёмным завулку «рускія» праламілі яму галаву «за кобет». У якасці пакарання за начную эскападу з графінам яго перавялі ў самую вялікую палату, а да мяне з той жа мэтай падсялілі вашывага хлопчыка Дзіму, у выніку чаго я адзіны раз у жыцці падстрыгся «пад нуль» і згаліў бараду.
Прыблізна тады мая знаёмая Соня, што раз-пораз прыносіла мне ў рэдакцыю гарадской газеты вершы, злюбілася са сваім Вальдакам.
Чараваты і чымсьці падобны да закажанелага ў раннім маленстве брантазаўра, Сонін муж аднойчы выпіў і ў параксізме рэўнасці замест каханае жонкі пасек на дробныя трэскі ўсю кухневую мэблю. Гэта была памылка. Дзеля аховы рэшты маёмасці Соня прывяла цвярозага і па-спартоваму падхорцістага Вальдака, які ад таго вечара стала атабарыўся ў Сонінай кватэры. Мужу Колю яны вызначылі месца ў кутку, а неўзабаве кватаранта канчаткова зацкавалі і выправілі ў свет цэлы.
Колю, як часта ў такіх выпадках здараецца, ніхто не шкадаваў. Шкадавалі Соню, бо ў Вальдака скончыўся кантракт, а разам з ім адплыло, здавалася, у невараць і шчаслівае Соніна жыццё з кветкамі, шампанскім і прыбытковым гандлем фірмовымі джынсамі.
Толькі Соню шкадавалі дарэмна.
Завітаўшы пасля доўгага перапынку да мяне ў рэдакцыю, Соня прынесла ўжо не вершы, а мадняцкую скураную валізку. Былая паэтка закурыла добрую цыгарэту і прапанавала мне напісаць пра іхняе з Вальдакам каханне раман. Я пачуў, што Вальдак будуе для іх дзесьці пад Гданьскам дом і ўжо другі год штодня, уранні і ўвечары, піша Соні доўгія любоўныя лісты. «Не веру», - лаканічна сказаў я. Соня расшпіліла валізку і выклала на стол звязкі лістоў, акуратна раскладзеных па днях і месяцах.
Маім суседкам Тоньцы і Каці падфартуніла меней. Кацін Ярык узгадоўваўся хлопчыкам выхаваным і паслухмяным. Ён рана клаўся спаць, і Каця з маладым каханкам Стасем любілася ў сябе ў пакоі. Ярык не прачынаўся нават тады, як Стась на падпітку заводзіў сваю ўлюбёную «Кукулэчку».
У Тонькі сітуацыя склалася прынцыпова іншая. Ваўцюль, пэўна, пад уплывам неўраўнаважанай бабулі, спаць не любіў і, як заведзены, да позняга шнураваў па калідоры.
Тонька з Казікам і пляшкаю «Выбаровай» сядзелі на кухні, а бліжэй да паўночы, калі жыхары секцыі распаўзаліся па сваіх закутках і нарэшце ўдавалася ўтаптаць у ложак зняможанага Ваўцюля, Тонька выносіла на кухню вялікі скрутак жоўтага паралону.
Разоў колькі я неабачліва заходзіў папіць вады, пстрыкаў уключальнікам і заспяваў суседку і Казіка ў якой-небудзь маляўнічай пазіцыі. Казік усхопліваўся з паралону і, прыкрываючыся даланёй, мармытаў - урэшце, не надта збянтэжана - «пшэпрашам». Тонька падымацца ленавалася і, лежачы ў паставе Данаі з палатна Джарджоне, адно незадаволена мружыла вочы.
Усё гэта выглядала б больш-менш цывілізавана, каб не безліч прусакоў і прусачкоў, што ад зыркага святла пырскалі з паралону ва ўсе бакі. Мне здавалася, я нават чую тупаценне сотняў лапак, і імгненна націснуць на ўключальнік яшчэ раз мне замінала адно ўсведамленьне таго, што як толькі лямпачка пагасне, сапраўдныя гаспадары нашае кухні зноў адусюль рынуцца на паралон.