Штотыдзень, зазвычай у сераду, секцыя прачыналася сярод ночы ад вусцішнага ёкату. «Ратуйця! - неслася з пакоя № 3. - Газы!» Гэта быў толькі пачатак. Далей Пракопаўна слёзна благала суседзяў схапіць душагуба, выклікаць «органы» і запраторыць героя кубінскае рэвалюцыі на Калыму. Мацней, чым у Госпада Бога, Пракопаўна верыла ў тое, што ўначы Кубінец падкрадаецца да дзвярэй і адмысловаю помпаю напампоўвае ў ейны пакой праз замочную шчыліну смяротныя газы.
Лямант на блізкіх да ўльтрагуку рэгістрах доўжыўся з паўгадзіны, потым Тоньцы небяспечна вялікаю дозаю сонных пігулак удавалася ўтаймаваць ахвяру воіна-інтэрнацыяналіста, і мы мелі наперадзе адносна спакойны тыдзень, пасля чаго ўсё, прычым без варыяцыяў - нібы Пракопаўна зноў і зноў агучвала той самы зацверджаны недзе тэкст - паўтаралася.
Кубінец, аднак, быў не самым страшным ворагам, бо Пракопаўна ў часе ягонае адсутнасці, рызыкуючы трапіць у пастку, усё ж адважвалася перасоўвацца па секцыі. Кароткімі перабежкамі яна ў зашмальцаваным да бляску чугаі з кветкамі несімпатычнага колеру дасягала прыбіральні, а зрэдчас, лякаючы дзяцей і дарослых бяскроўным тварам і рэдкімі разбэрсанымі валасамі, зазірала і на кухню, нязменна наводзячы на думку, што без усялякага грыму з поспехам прайшла б кінаспробы ў самога Хічкока.
Акром Кубінца Тоньчына маці баялася яшчэ некага. Прычым калі непрыяцель, так бы мовіць, унутраны дазваляў хоць зрэдку трапіць у прыбіральню, дык знешні вораг быў настолькі бязлітасны, што тэрыторыю секцыі Пракопаўна пакідала адно раз на год, калі Тонька брала адпачынак, падганяла да інтэрната таксоўку, загружала туды Ваўцюля з валізамі, услед проста на сабе сцягвала маці і везла яе на вакзал, а адтуль - кудысьці на радзіму пад Тамбоў.
Летняя пілігрымка ўплывала на суседку памысна: па яе вяртанні дзесьці з месяц Кубінцава смертазабойчая помпа ржавела без справы і прахоплівацца ўначы даводзілася праз іншае.
Іншым былі польскія народныя песні, што разлягаліся па-над секцыяй, шырокай ручаінаю выплываючы з пакою № 4.
Пакой займала настаўніца біялогіі Каця з пяцігадовым сынам Ярыкам, які меў галоўку нармальных памераў, але чытаць, адрозна ад Кубінца-малодшага, пакуль не ўмеў, што ў нашым клімаце не выглядала катастрофаю, бо анічога не петрыў у літарах і Тоньчын Ваўцюль, што ўжо мусіў ісці ў школу.
Настаўніца Каця не вызначалася нічым, апрача сваёй усмешкі, якая ўвачавідкі пераўвасабляла замардаваную школьнымі нагрузкамі «вучылку» ў жанчыну, здольную падабацца значна маладзейшым за яе асобам супрацьлеглага полу, прынамсі - выканаўцу польскіх народных песняў. (Падазраю, што адной усмешкі тут было недастаткова, але чаго не ведаю, таго не ведаю.)
Ды пра начнога спевака - трохі пазней.
Пакой № 6 за маёй памяццю не адчыніўся ні разу. Хто і ў якім годзе ўключыў за ягонымі дзвярыма - дзякуй богу, што не на поўную гучнасць, - радыёкропку, заставалася таямніцаю і давала падставы для размоваў, што час ад часу ўспыхвалі на кухні на прадмет напісаць куды след і ўрэшце разабрацца. Я свядома не прыслухоўваўся, бо мне было даспадобы ўяўляць, што ў зачыненым пакоі некалі прычынілася забойства і там дагэтуль, слухаючы радыё, ляжыць на канапе ці стаіць у сценавой шафе і таксама слухае навіны і музыку акуратна запакаваны ў герметычны поліэтыленавы мех труп гаспадара - у строгім чорным гарнітуры і пры гальштуку з «паўлінавым вокам». Паводле адной з версіяў, трупаў (і, адпаведна, герметычных празрыстых мяхоў) магло быць два: мужчынскі - у гарнітуры - і жаночы - дасканала прыгожы і абсалютна, калі не лічыць буйных малахітавых завушніцаў, голы.
Пакой № 5 - паміж трупамі і настаўніцай Кацяй - належаў нашай дружнай сям'і.
Плошчаю выдзеленая нам вальера не дацягвала да адзінаццаці метраў, аднак размясціцца дазваляла вельмі выгодна: пры вакне стаяў стол, пры адной сцяне (той, за якою ад шостае гадзіны раніцы і да паўночы хтосьці праслухоўваў першую праграму радыё) - паўтарачны ложак, пры другой (за якой часам выконваліся песні братняга польскага народу) - кніжная шафа і дзіцячы ложачак. Над ложачкам вісеў на цвіку зроблены з лесавых карэньчыкаў дракон, якога сын любіў перад сном засяроджана разглядваць і ласкава менаваў каконем.
Прасторы на тое, каб займацца падпольнымі абортамі, асабліва пасля нараджэння другога сына, калі рэшту жыццёвага абшару заняў фатэль часоў першых пяцігодак (у спальным выглядзе ён меў звычку бліжэй да раніцы абломвацца, і я падкладаў пад яго два стосы вішнёвых тамоў «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі»), ужо не заставалася. Яе, прасторы, для гэткае спецыфічнае дзейнасці, шчыра кажучы, бракавала і раней, тым не менш перад папаўненнем маёй сям'і хтосьці з суседзяў напісаў заяву, што якраз падпольным абартарыем наш пакой і служыць. Саму заяву нам у міліцыі не паказалі, але выклалі дадатковыя доказы злачынства: мы жылі нелюдзіма і размаўлялі па-беларуску.
Без уліку Пракопаўны і верагоднай голай жыхаркі пакоя з уключаным радыё, у секцыі атайбаваліся дзве адносна маладыя незанятыя жанчыны, а таму раней ці пазней у нашым калідоры мусілі з'явіцца новыя мужчыны.