У нашай інтэрнатаўскай секцыі, апрача кухні з паўтузінам сталоў рознае масці, прыбіральні і душавога пакою, ператворанага кімсьці з гаспадарлівых насельнікаў у спіжарню, савецкія дойліды запраектавалі шэсць жылых пакояў, дзверы якіх выходзілі ў вузкі і прыцемны, як праход у начным агульным вагоне, калідор, дзе змагаліся за месца пад заседжанай мухамі лямпачкай дабітыя дзіцячыя вазочкі, зламаныя ровары і мяхі з бульбаю ды раз-пораз прабягалі сваімі сцежкамі ўкормленыя прусакі.

У пакоі № 1 жыў Кубінец з ціхмянай і бяляваю, падобнай да падвальнай расліны жонкаю і сынам-мікрацэфалам Пецем, які насупор медычным заканамернасцям рос хлопчыкам кемлівым і ў тры гады ўжо бойка чытаў загалоўкі артыкулаў у «Советской Белоруссии», што давала надзею на паступовае павелічэнне дробнай Пецевай галоўкі да сярэднестатыстычных памераў.

«Во дае, сука!» - замілавана казаў, слухаючы Пецю, гаспадар пакоя № 2 шафёр Сцёпа, які вечарамі вымочваў на кухні ў нейкіх хімікаліях скарыстаныя талоны на бензін. Вывеўшы штампы, Сцёпа даводзіў талоны да ладу гарачым прасам і набываў на іх бензін яшчэ раз. У Сцёпы былі два смаркатыя хлопчыкі-блізнюкі і адна рухавая, са спакуслівымі клубамі жонка Таня, якая прыкладна раз на месяц заходзіла да нас папрасіць кніжку пра любоў і прыкладна раз на дзень скардзілася, што малыя дрэнна засынаюць і не даюць ім са Сцёпам нармалёва «пажыць».

Але я не скончыў пра Кубінца. Мянушка, атрыманая пасля службы ў войску на Кубе, прыстала да яго, быццам дадзеная ад нараджэння, і дарэшты сцёрла ў маёй памяці ягонае сапраўднае імя. Кубінец сцвярджаў, што быў у ліку сотні «савецкіх», якім Фідэль Кастра адмысловым указам падараваў па аўтамабілі «Волга».

«Волгу» Кубінец напраўду меў, аднак якога-небудзь адмысловага інтарэсу да падарунка барадатага камандантэ не выяўляў: ездзіў на ёй гады ў рады, размовы на аўтамабільныя тэмы не падтрымліваў.

Кубінец увогуле не цікавіўся нічым. Ён не чытаў ні кніг, ні, на ўздзіў сыну Пецю, газет і бясконца звальняўся і ніяк не мог звольніцца з канторы, што займалася зборам харчовых адкідаў.

Адзіным, што змушала ягоныя выцвілыя балотныя вочы загарэцца, былі кубінскія прыгады. На далёкай выспе Свабоды яму падабалася ўсё: прырода, садавіна, «кармёжка» з адбіўнымі, Фідэль, які на святы адпраўляў кожнаму «савецкаму» персанальную пасылачку. Але найглыбейшую ўдзячнасць сусед захаваў у сэрцы да тамтэйшых жанчын, што, калі даваць веры Кубінцу, ва ўмовах акружэння імперыялістамі гатовыя любіцца з «савецкімі» ў любы момант, дзе заўгодна і па-ўсякаму.

Пра светласкурых грамадзянак далёкай рэвалюцыйнае краіны ён адгукаўся даволі стрымана: маўляў, белыя супроць мурынак ці мулатак - гэта як «Прыма» супроць дарагіх цыгараў, скрынку якіх ён аднойчы атрымаў ад Фідэля на Новы год. Адзіным - затое якім! - выключэннем засталася касірка гаванскага кінатэатра, якая была аматаркаю вафляў і шырока практыкавала каронны нумар - акрабатычны снайперскі скачок з высокае шафы на ўзбуджанага кампаньера, што чакаў сваю абранніцу ў ложку.

Калі воіна-інтэрнацыяналіста наведвала натхненне, Сцёпа, заслухаўшыся, спальваў прасам талоны. Але потым Кубінец замаўкаў, і ягоныя вочы ўвомірг і надоўга зацягвала раска абыякавасці. Сцёпа гаротна падлічваў фінансавыя страты, а мне думалася, што служба на Кубе сталася для гаспадара пакоя № 1 найвялікшай жыццёваю драмай. Каб не штодзённая адбіўная, не фідэлеўскія цыгары, не мурынкі і скачкі светласкурай вафлісткі, ён мог бы не страціць смаку ні да беларускіх краявідаў, ні да нашых не менш прыгожых і таленавітых жанчын, а можа, нават і да ўласнае жонкі, якую за вочы і ў вочы Кубінец за худзізну клікаў Вудачкай і з гэтае прычыны ў закутку сваёй дрымотнай душы, магчыма, зайздросціў Сцёпу, што любасна зваў жонку Таню Тумбачкай.

У пакоі № 3 вяла рэй банкірка Тонька - таўсматая, але спрытна змайстраваная вірлавокая жанчынка з глыбокім натуральным румянкам і чутным ва ўсіх шасці пакоях смехам. Гэта цяпер я называю яе банкіркаю, а тады такія словы да нашых людзей не тое што не стасаваліся, а лічыліся ледзьве не лаянкай.

Тонька жыла са старой маці Пракопаўнай і з мурлатым сынам Вовам, якога звала Ваўцюлём.

Мікеланджэла казаў, што мармур трымціць пры ягоным набліжэнні. Кубінец меў усе падставы сказаць тое самае пра нашую Пракопаўну. Розніца была адно ў тым, што ён не прыкладаў для гэтага трымцення, як і наогул ні да чога, аніякіх высілкаў. Пракопаўна нейкім сёмым пачуццём адчувала, калі Кубінец дома, і тады выйсці з пакоя, зачыненага з сярэдзіны на засаўку, яе не прымусілі б ні Бог, ні д'ябал. На жаль, зацятае сядзенне ў аблозе было не адзінай праяваю стасункаў Тоньчынае маці з Кубінцам.

Перейти на страницу:

Поиск

Книга жанров

Похожие книги