А назаўтра, насуперак пагрозам Яўгена-Віталя, высветлілася, што мяне рэабілітавалі і я праз тыдзень перасяляюся са станцыі метро назад у офіс, на другі паверх някідкай жоўтай будыніны ля вакзала. Я так і называла яе - “жоўты дом”. Мае суседзі па метро, Паша і Вадзім Максімавіч, раптам засмуціліся ад звесткі пра перасяленне, паведамілі, што я ўпрыгожвала іх існаванне сваёй каштоўнай прысутнасцю. Фея сутарэнняў. У пятніцу нават на торцік скінуліся з трускаўкамі.

Я ела пластыкавай лыжачкай торт, пада мной, на станцыі, праходзілі людзі з шэрымі тварамі, і на маніторах соўгаліся яны ж...

Скрайні правы манітор паказваў мужчыну ў цёмным доўгім плашчы, нейкім старамодным... Перад відэакамерай мінак спыніўся і зазірнуў у яе цёмнае вока...

Лыжка выпала з маіх пальцаў.

Я дагнала чалавека ў чорным плашчы, калі ён яшчэ не паспеў адысціся ад станцыі.

І не. Гэта не быў зноў уваскрэслы Люцыян Корвус. І не быў ягоны клон ці штучна зароджаны ягоны нашчадак... Незнаёмы мужык з панылым маршчыністым тварам глядзеў на мяне, як на штрафную квітанцыю і на маё “Прабачце, я памылілася” толькі моўчкі адвярнуўся.

- Ірына!

Да мяне падруліў Белы Трактар. Дакладней, белы старэнькі аўтамабіль з высокай пасадкай, з іржой, што ўспаўзала з усіх краёў на ягонае цела. Няўжо савецкая “Ніва”? Старэча дыхаў з падазроным сіпеннем.

- Сядай...

Белы Трактарыст, які больш не заікаўся, скіраваў антыкварыят з маторам на разварот. У салоне пахла цвіллю, быццам ім карысталіся вадзянікі.

- Адкуль гэты драндулет? - не вытрымала я.

- Абмяняў на свой “Форд”, - няўважна прамовіў Мацей. - Галоўнае, на хаду. А мне трэба было апошні ўзнос за кватэру зрабіць.

Значыць, і зберажэнняў не засталося... Я ўспомніла нашы паходы па элітных рэстарацыях і паездкі то ў Бруге, то ў Бардо, каву ў Вільні і гарачы шакалад у Львове, усё, зразумела, за Мацееў кошт. Спадзяюся, ён не вырашыць, што калі не зможа мяне вось так песціць, я расчаруюся? На ўсялякі выпадак вырашыла сказаць як мага больш праўдзіва:

- Класная машына!

- Ламачча, - абыякава кінуў Салома. - Бацька пабачыў, доўга смяяўся, бо на такой самай яны студэнтамі на выпускным каталіся, а мая маці на яго бутэльку шампанскага выліла за чаплянне.

Я апусціла вочы.

- Нават калі і такой машыны не будзе - не страшна. Пешкі падарожнічаць яшчэ прышпільней.

Мацей скептычна хмыкнуў.

- Мне тут працу падагналі... Сайт гістарычна-турыстычны. Буду праграмаваць... Хочаш - далучайся, як дызайнер. Заказчыкі настойваюць, каб акцэнт быў менавіта на беларушчыне. Паўстанцы, рэпрэсаваныя... Ты ж хацела галерэю іх партрэтаў стварыць. Пакуль незразумела, ці шмат заробім...

- Я згодная!

Гэта вылецела само па сабе. Радасна.

- Добра. У панядзелак сустрэнемся, пагаворым падрабязней. Цябе адразу завезці дадому, ці куды хацела заскочыць?

Нават не прэтэндуе на маю кампанію? І так цэлы тыдзень мы толькі перазвоньваліся. Лаканічна. Мацей не спрабаваў дамовіцца аб сустрэчы, пытаўся толькі, ці не трэба чым дапамагчы. А мне няёмка было клікаць да сябе. Але цяпер - не вытрымала.

- Паслухай, я... я думала, мы разам правядзем выходныя...

Саламярэцкі спыніў Белы Трактар на светлафоры, жылка на ягонай скроні білася, як шалёная.

- Добра.

Мяне пачала ўжо мучыць гэтая ягоная спакойная лаканічнасць.

- Мацей, я разумею, што я не лепшы чалавек. У мяне прусакі ў галаве такія, што імі ў боўлінг гуляць можна... Я ніколі не думала пра твае інтарэсы...

- Але я цябе ўсё роўна кахаю, - перабіў Белы Трактарыст мой пакаяльны маналог на самым цікавым месцы.

І я раптам зразумела, як мяне насамрэч завуць.

“Алеяцябеўсёроўнакахаю”.

Даўгавата, але мне падабаецца. Вельмі падабаецца.

Белы Трактарыст скасавурыўся на маю шчаслівую фізіяномію, і ягоныя вусны таксама кранула ўсмешка.

Мнемазіна патупала па мінулым і сышла, пакінуўшы па сабе друз таго, што здавалася непарушным, а тое, што падавалася часовым і хрусткім, як ракавінка, раптам вытрымала націск свінцовых абцасаў без драпінкі. Дзесьці ёсць Старавежск з ягонай паўразбуранай ратушай і зарослымі сівой травой могілкамі. Апошні Прытулак з магіламі Корвус-Дзякловічаў і іх пацыентаў. Дакументы ў тэчках з грыфам “Сакрэтна”, да якіх рана ці позна, але дабяруцца. Таму што Ордэн Захавальнікаў працягвае жыць. Як і Беларусь.

Каменты да фанфіка “Пантофля Мнемазіны”:

Фандом: “Ордэн Захавальнікаў”.

Жанр: агнст.

Памер: максі.

Статус: закончаны.

Рэйтынг: NC-13.

Катэгорыя: гет.

Аўтар: Kobaabba.

Беты: VikShnip, BarysSPB, GeorgijB, GannaB.

Папярэджанні: AU, героі ў іншым часе.

Анатацыя: Што рабіць, калі ты заўважаеш на станцыі метро свайго памерлага мужа?

Psi: Тое, што гераіня засталася з айцішнікам, прадказальна. Я б учапілася ў Люцыяна Корвуса, уратавала і была з ім.

Беларускі крытык: Аўтар нічога не ведае пра спецслужбы. Пачыналася інтрыгоўна, з загадкі, як жа фальшывы Корвус уваскрос? А разгадка ніякая.

Garetski: Хіба вы не разумееце, што дэтэктыўны сюжэт - толькі фанцік, а тэкст зусім пра іншае. Пра гістарычную памяць.

Перейти на страницу:

Похожие книги