— Як ты думаеш, калі канцлер прайграе вайну ўлайгонам, то яго звергнуць? — цікавіцца Аля.

— Думаю не. З чаго б? Ды і што значыць прайграе? Ён зможа падтрымліваць баявы дух, заклікаць да працягу вайны, нават калі ўлайгоны адваююць свае землі. Ён зможа страляць з катапульт па іх землях і казаць, што вайна працягваецца, а народ мусіць падтрымліваць яго падчас вайны за існаванне краіны. Так-так, відаць, што ён менавіта так малюе людзям гэтую бойню. Яны яму вераць, многія з іх.

— А чаго ён хоча на самой справе?

— Увайсці ў гісторыю ў якасці вялікага заваёўніка, які пакарыў суседні народ, павялічыў сілу свайго народа. Ён сапраўды верыць, што гэта трэба зрабіць, а наканавана такое менавіта яму.

— Чаму ж ён так трымаецца за ўладу?

— А што яму яшчэ рабіць? Ты бачыла яго стыль праўлення. Напэўна, ён нажыў мільён ворагаў. Пакуль скіпетр уладара ў гідкіх руках тырана, яму пакланяюцца, але варта адпусціць абсалютную ўладу і тут жа з'явіцца цэлая брыгада мсціўцаў, якія жадаюць ператварыць былога кіраўніка ў дыетычны салацік. Вельмі верагодна, што ён сам ужо пракляў той дзень, калі паддаўся спакусе стаць манархам, але шляху назад няма. Даводзіцца ісці наперад, каб не загінуць. Кліч абсалютнай улады вельмі моцны. Далёка не кожны смяротны можа пярэчыць яму. Ён гучыць у самай глыбіні, трывожыць змрочны бок чалавечай натуры. Людзі злыя. Яны кормяць звяркоў, каб атрымаць задавальненне ад кантакту з тымі, хто нашмат слабейшы за іх, могуць кінуць непатрэбную манету жабраку, але хто з іх гатовы рэальна ўшчамляць сябе дзеля іншых людзей, адмовіцца ад магчымасці кіраваць гэтымі іншымі, калі такая магчымасць раптам падаецца? Часам яны хлусяць нават сабе, што іх мэты чыстыя і высакародныя, вераць, што змогуць даць блізкім самае лепшае. Але праклятая ўлада — абсалютная ўлада, робіць сваю справу. І вось ужо чарговы бяздушны царок паліруе сваiм азадкам трон і раздае загады аб расправе з іншадумцамі. Гэта было, гэта будзе. Такая вось прырода.

Ноч! Дрэмлю і чую, што Аля таксама не спіць моцна. Яна варочаецца з боку на бок. Што там? Нешта скрыгоча пад вокнамі.

— Тэт, — кліча мяне нечы шэпт.

Падыходжу да дзвярэй і адказваю:

— Хто тут?

— Гэта Марта, — паведамляе мне шэпт.

Аля ўстала і падыходзіць да мяне.

— Навошта ты з'явілася? — маё ціхае пытанне ледзь улоўнае, нібы дыханне.

— Ты дапамог мне, а я памагу вам. Вартавыя апоены півам з сонным зеллем. Цяпер я адчыню дзверы і вы бяжыце. Я скажу куды. Гатовыя? Трэба спяшацца.

— Што там? — устрывожана пытаецца Аля.

— Здаецца, мы бяжым, мая мілая, — кажу я дзяўчыне і злёгку пляскаю яе пальцам па лбе. — Зараз паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Вельмі цікава. Хутка накінь верхнюю вопратку, вазьмі рэшткі ежы, абувайся — наспелi ўцёкі.

Аля ўцякае збірацца. Рыпанне дзвярэй, таямнічае, рэзкаватае, жудлiвае… На парозе сапраўды Марта. Яна сцягнула маску, каб я адразу пазнаў яе. Усё гатова, мы бяжым у лес.

— Наперад, — прыглушана кажа Марта.

Галінкі і шышкi храбусцяць у нас пад нагамі, хоць мы з усіх сіл імкнемся не шумець. Сэрца калоціцца, а лёгкія напаўняе дзівоснае паветра начнога лесу. Радасць неспадзяванай свабоды. Таемныя ўцёкі — неверагоднае прыгода. Марта ўсё яшчэ наперадзе.

Раптам мы вывальваемся на нейкую маленечкую палянку. Фшух! Быццам па сігнале вакол успыхваюць дзясяткі паходняў. Марта паварочваецца і глядзіць на нас са здзеклівай грымасай.

— Здаецца, ты паверыў, што мая верная грамадзянка, сястра нашага вялікага роду, здрадзіць свайму валадару.

Голас канцлера выплывае з-за маёй спіны. Напэўна ён досыць моцна надакучыў мне, час з гэтым канчаць.

— Канцлер, — ветліва кажу я і злёгку кланяюся.

Марта ўсё гэтак жа глядзіць на мяне здзекліва. Ніякага раскаяння, за здраду таго, хто выратаваў яе арганізм ад гвалтоўнага ўварвання і верагоднай смерці.

— Я даў табе шанец! Ты мог стаць адным з нас, але не прайшоў выпрабаванне. Цяпер табе давядзецца адказаць за гэта, сынок. Ты каштоўны для нас вой, таму мы не заб'ем цябе, але табе давядзецца глядзець, што мы зробім з тваёй дзяўчынай. Не турбуйся, яе мы таксама не заб'ём, проста злёгку пакараем. А потым усё будзе так, як раней. Будзем трымаць тваю Альфу ў турме, а ты будзеш ваяваць для нас, вельмі добра ваяваць, калі не захочаш, каб мы зноў зрабілі з ёй тое, што зараз здарыцца.

У гэты драматычны момант я разрагатаўся. Бачачы маю весялосць злёгку ўсміхнулася і Аля, якая слухала пагрозы ў свой адрас даволі спакойна, хоць цені страху ўсё ж прабягалі па яе твары.

Я падняў руку і павольна, выразна прагаварыў:

— Я ўбачыў дастаткова, спадар канцлер. Ты — бязмозгі тыран, твая эпапея з вайной і прыгнётам уласнага народа скончыцца тваёй смерцю, так, можа быць не ў выніку рэвалюцыі, бо твае рабы такiя адданыя, што гатовыя адказаць здрадай нават на выратаванне жыцця, — тут я кіўнуў у бок Марты. — Але ўсё ж ты памрэш, бо паміраюць нават манархі, у гэтым ёсць сваё, асаблівае хараство. Уяўляю, як сумна раставацца з абсалютнай уладай, калі пераможаны ўсе, акрамя смерці.

— Вазьміце яго дзеўку і пачынайце, — загадаў канцлер сталёвым голасам.

Яго твар ператварыўся ў люты маскарон.

Перейти на страницу:

Поиск

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже