— Можа і так, — прабурчаў пухнаты лавец сумлення. — Цяпер мне давядзецца зрабіць, тое, што не даставіць мне задавальнення, але такі мой абавязак.

Савелій рэзка скруціўся клубком і адскочыў убок. Яшчэ праз імгненне ён адчапіў ад лапы чорны камень і накіраваў яго на мяне з Алей. Крышталь, званы Морганаўт, асляпляльна палыхнуў жоўтым. Мая спадарожніца нягучна ўскрыкнула. Вакол мяне і маёй цудоўнай заваёўніцы дахаў утварылася нешта падобнае на жоўтую, шчыльную заслону.

— Гарэзуешь, Савелій, — сказаў я спакойна, прыжмурваючыся, пасля чаго забараняльна пагразіў пальцам ваўнянаму сябру вялікага братэрства.

— Гэта наша ахоўная сістэма, — амаль пралаяла выдра. — Выбачай, паночку Тэт. Цяпер вам не выйсці з гэтай залатой клеткі. Вас нельга ўбачыць, на вас нельга выпадкова натрапіць. Для простых людзей тут пустата. Толькі вось вы не зможаце выбрацца. Тут вы памрэце ад голаду, потым мы знімем заслону, пасля прыбяром тое, што застанецца ад вас.

— Значыць ты так і кінеш нас тут, выракаючы нам жудасную смерць? — маё пытанне нейкі час заставалася без адказу.

— Даруй, — зноўку папрасіў прабачэння Савелій пасля хвіліннага маўчання. — Вам тут, прынамсі, будзе весялей, чым некаторым палонным. Першыя часы вам відавочна будзе чым заняцца. Эфектыўна прабавіце час.

Няўмольны звер выскаліўся, малюючы на пысе ўсмешку.

— Ты што ж думаеш, што мы не можам гэтым займацца ў больш прыдатных месцах, — кінуў я футраваму нягодніку. — Апошні раз прашу па-добраму — здымі поле.

— Годзе тых пагроз, Тэт, — гаркнуў Савелій. — Табе проста трэба было адразу пагадзіцца на нашы нармальныя ўмовы, а не майстраваць вымагальніцтва. Расхлёбывай плады самаўпэўненасці, глумны ты чалавечак. Жадаў дыктаваць правілы Вялікаму ордэну выдр? Ха-ха, цьфу на твае дыктоўкі. Не дарос, смаркач. Сядзіце тут, пакуль не здохніце, а я дадому, на востраў.

— Што нам рабіць, Тэт? — Спытала Аля дрыготкім голасам.

Я пастараўся супакоіць дзяўчыну поглядам і насмешліва прамовіў:

— Эх, Савелій, вось зараз відаць, што ты эгаістычны, жорсткі, касматы глытальнік уклеек, па факце — нічога асаблівага. І цябе, ёлупня, лёгка аналізаваць і прадбачыць твае дзеянні. Я адразу зразумеў твой план. Ты надта хуценька пагадзіўся на мае ўмовы. Я дастаткова ведаю аб вашай браціі, бо вы толькі персанажы маёй кнігі. А зараз зірні на сваю шыю.

Савелій імгненна апусціў галаву.

— Лайнгот, дзе ён? — прапішчала выдра.

— У мяне, — праінфармаваў я касматага ворага. Праз долю секунды я паказаў далонь, у якой пабліскваў камень. — Мне вядома, што ён даволі-такі далікатны, а для кожнай выдры ёсць толькі адзін такі крышталь, які даецца пры нараджэнні, таму, калі разбіць дадзены сувенір, ты будзеш выключаны з ордэна, станеш абняслаўленым выгнаннікам. Аднак ёсць альтэрнатыўны варыянт. Здымі поле, правядзі нас да Бабы Крум, тады я вярну тваю прапажу.

— Не прапажу, а тое, што ты сцягнуў! — завішчаў звярок. — Ты звар'яцеў! Партал да Бабы Крум адкрываецца на нашым востраве. Іншыя выдры заўважаць вас. Баста, не магу дапамагчы, нават калі б хацеў.

— Упэўнены, ты што-небудзь прыдумаеш, Сава, — я іранічна ўсміхаўся, прытоптваючы нагой. — Пагутару з Крум і аддам табе камень, ён будзе цалюткі.

— Ну добра, — пагадзілася загнаная ў кут выдра. — Ёсць яшчэ адзін партал да Бабы Крум. Пра гэта ведаюць толькі кіраўнікі ордэна. Гэты ўваход непадалёк ад выспы, у трубе з якой цячэ ручаёк Л.

— Вось! Бачыш, як ты выдатна ўсё прыдумаў, — адзначыў я. — Здымай ужо поле, хопiць марнаваць наш з табой час.

Савелій накіраваў на нас камень. Успышка і жоўтыя напаўпразрыстыя сцены зніклі.

Неўзабаве мы дабраліся да трубы з якой выцякаў ручаёк Л.

— Што дасць нам візіт да гэтай Бабы Крум? — Аля запытальна глядзела на мяне стомленымі вачыма.

— Выкананне асаблівага жадання, — запэўніў я.

— Зараз я адкрыю партал, — пракрактаў наш кашлаты суправаджальнік. Выдра тры разы ўзмахнула лапкамі і прараўла:

— Імём ордэна, пхаф-намуг-альяш-дрынк!

Дымная заслона партала тут жа з'явілася ў глыбіні трубы з якой істэрычна рваўся на спатканне з ракой сціплы гарадскі ручаёк. Мы рушылі ў глыб трубы, пакуль Савелій, жаласна згорбіўшыся, сядзеў каля ўваходу. Перад самым парталам я павярнуўся да выдры.

— Малайчына, пухнацік! Не сумуй, а лепш лаві свой камень. Акуратненька, не разбі!

З гэтымі словамі я кінуў рубiнчык выдры і нырнуў у партал, паспеўшы краем вока заўважыць неверагодны скачок Савелія, які схапіў крышталь у паветры і плюхнуўся ў шалпатаючы водны струмень.

За парталам нас чакала цёмная зала-пячора, са скляпеннямі вялізнай вышыні. Недзе ўверсе плавалі аранжавыя газавыя лямпы, а пад нагамі была сапраўдная бездань, залітая фіялетавай вільгаццю. Там плёскаліся дзіўныя істоты. Яны нагадвалі знявечаныя манекены, злепленыя з кніг. Я паспеў адзначыць, што сярод кніжак, якія складалі плоць незразумелых істот, тырчалі выданні Канта, Сакрата, Фіхтэ, Ніцшэ і нават вялізная «Камасутра».

Іржавы масток вёў над гэтым вадаёмам да мармуровага астраўка, на якім узвышаўся бардовы камень, падобны на паганскі алтар. Мы прайшлі над дзіўным возерам і ўсталі каля каменя.

Перейти на страницу:

Поиск

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже