У тую ж секунду я два разы пстрыкнуў пальцамі і сказаў: «Пастэга».
Мы стаялі пад мастом у нашым горадзе… Дымны партал знік. Я павярнуўся да сваёй дарагой спадарожніцы і вельмі ласкава спытаў:
— Ну як там? Трэба памяняць штаны ці ўсё суха?
Аля пляснула мне далонькай па плячы.
— Калі б ты з самага пачатку не прызнаўся мне, што можаш скончыць гэты трып у любы момант, я б проста не ведала, як гэта перанесці, — узбуджана пралепятала яна. — Навошта ты так доўга чакаў? А што б было, калі б усё ж такі пароль не спрацаваў?
— Ну тады спіс тваіх палюбоўнікаў стаў бы крыху большы. Плюс чалавек трыццаць! Пфф! Пусцяк для сучаснай дамы. Мне было цікава вывучыць цывілізацыю крэйдавых чалавечкаў, таму я не вярнуў нас адразу.
Аля другі раз пляснула мне па плячы і пяшчотна прамовіла:
— Які ж ты ідыёт! Навошта я ўвогуле знайшла цябе.
— Ты ж ведала, што я ўсё кантралюю і не дам цябе пакрыўдзіць. Ці варта было баяцца? — я вяшчаў бадзёрым голасам першаадкрывальніка, які вярнуўся дадому, даследаваўшы новы кантынент.
— Пойдзем лепш спаць. Пасля такіх прыгод трэба падрамаць, — прапанавала дзяўчына.
— Толькі спачатку ў кавярыньку, добра?
— Як скажаш, Жэ…
— Упс! — перапыніў я дзяўчыну. — У гэтай рэальнасці мяне клічуць Тэт, не забывай, калі ласка.
— Прабач, я проста стамілася… Тэт. — Аля дорыць мне сарамлівую ўсмешачку.
Брук на вузкай, сярэднявечнай вуліцы. Шлях вядзе ў бок замкавых узгор'яў, вакол якіх, як спадарожнік, кружыцца астатні горад. Трохі ў гару, потым ужо па роўнай паверхні… Свежы вецер гладзіць твар. Сутаргавы ўдых. Мясцовы Барэй забівае дыханне… Новы глыбокі ўдых. Водар чыйгосьці парфума. Сцежка ў гарадскіх джунглях, а пад ёй, унізе, смяшлівыя пералівы мігатлівага воднага патоку, побач з дробненькімі, драўлянымі хаткамі-скрыначкамі. Насельнікі катэджаў паляць лісце, або заняпалае лістоце загараецца само, ад агнёў яркай восені. Дурная патэтыка. Нябёсы, як бязмежная глазура на гарадскім торце, ці ж пірагу, з чалавечай начынкай. Людзі — мурашкі. Яны напаўняюць мяшчанскія мурашнікі, яны дыхаюць трахец загазаваным паветрам не самага маленькага горада, які сапраўды большы, чым сталіца Швейцарыі. Яны вераць, спадзяюцца, мараць, здраджваюць, хварэюць.
Машыны абліваюць нас шумам, пакуль мы ідзем да замкаў. Насупраць іх невялікая кавярня, у старадаўнім флігелі. Ён прымасціўся каля рэзідэнцыі арыстакратаў, якія жылі тут у васемнаццатым стагоддзі. Мы ўваходзім. Нас ахінае, нібы свячны воск, тыповы водар нятаннага агульхарча. Нас акружаюць афіцыянты. Нас бачаць іншыя наведнікі. Нас уладкоўваюць за столік ля акна з вiдам на абодва каралеўскія замкі. Вось менавіта там манархі кватаравалі, і час ад часу паміралі. Нас забяспечваюць пералікам страў. Што ты звычайна шукаеш у меню, дарагі чытач? Мы робім замову і атрымліваем свае кубкі з гарбатай і порцыі марожанага. Яно растае на вуснах, у роце, у празрыстых чарах. Сінія сцены, ружовыя ліхтарыкі, круглыя столікі, паўзмрок, паўціш. Кветкавая ваза пустая, як мары труса.
— Я схаджу ў туалет, — паведамляе мне Аля.
— Я не супраць, — у мяне паблажлівы тон педагога, які выпускае другакласніка адгукнуцца на кліч натуры.
Аля паказвае мне пошлы жэст і сыходзіць. Праз дзесяць хвілін яна вяртаецца з вельмі здзіўленым тварам.
— І што магло цябе так здзівіць у прыбіральні? — весела цікаўлюся я.
— Я… я… разумееш, — дзяўчына сапраўды не можа знайсці слоў.
— Так, працягвай, гэта архіважная думка.
— Я якраз села…
— Ай, пачакай, — перабіваю я. — Ты хочаш сказаць, што ў грамадскім клазеце ты прама садзішся, а не проста нахіляешся?
Аля закатвае вочы і падпірае галаву, нібы радэнаўскі мысляр.
— Я табе як-небудзь пакажу, калі табе хочацца на такое паглядзець. А пакуль не перабівай, будзь джэнтльменам.
— Слухаюся, — я накрываю галаву адной далонню і аддаю чэсць іншай.
— Дык вось. Я прысела, а да мяне саскочыла дзіўная, размаўляючая істота. Яна вылезла з нейкіх шчылін паміж плітамі на столі. Гэта вельмі падобна на выдру. Яна ў мяне ў сумцы… Здаецца, хоча з табой паразмаўляць.
— А вось гэта ўжо выдатны паварот, хвалю! — я адсунуў ад сябе белую перачніцу. — Давай заплацім, пойдзем адсюль і зробім дэбаты з выдрай, дзе-небудзь у падваротні.
Рахунак, ветлівая падзяка, трохі цяжкаватыя дзверы са звышгладкай ручкай, найблізкі праход-тунэль у старадаўняй, багата дэкараванай пабудове. Парачку хаваюць ад мінакоў цудоўныя, каваныя вароты. Для надзейнасці мы праходзім далей. Вось ён зацішны куток. Аля здымае з плечыка сваю вялізную сумку і адкрывае яе. Бачу як цёмнае, футравае верацяно імгненна выскоквае вонкі. Выдра! Насамрэч звычайная, толькі на шыі вісіць танюсенькі ланцужок з ледзь прыкметным чырвоным каменем, а вакол задняй лапы — паясок, да якога прымайстраваны чорны камень.
— Мяне клічуць Савелій, — звярок расшаркваецца. — Я адправіўся да вас дзеля гутаркі. Выбачыце, што патурбаваў у такі інтымны момант. Проста ў мяне тэрміновая справа.
Аля збянтэжана ківае, маўляў, нічога страшнага, усё хоць раз размаўлялі з доўгім млекакормячым з сямейства куніцападобных седзячы пры гэтым на ўнітазе, якая, скажам так, дробязь.