Сёння самы шчаслівы дзень майго жыцця! Вярнуўся мой тата! Аказваецца, калі ён быў у лесе, на яго напалі немцы марадзёры і сталі патрабаваць грошай, а калі ён сказаў, што ў яго нічога няма, яны яго збілі, парэзалі нажом і знялі з яго ўсю вопратку і абутак. Тата думаў, што памрэ і ўжо не ўбачыць мяне, але яго падабралі нейкія людзі з вёскі, якая была побач з лесам. Тата доўга хварэў, а яны яго выходжвалі і цяпер ён нават і не ведае, як ім аддзячыць. Цяпер я ўжо не ў прытулку. Тата забраў мяне ў маленькую кватэру, якую зняў на тыя грошы, што зарабіў да вайны. Аказваецца, закапаў ён іх у нейкім лесе.
1 траўня, год 1919
Мы з татам жывем цяжка, але з ім мне значна лепш, чым у прытулку. Я б хацеў трапіць на магілу Лёвушкi, але не ведаю, дзе яна. Цяпер у горадзе кіруюць палякі, а наша радзіма цяпер Польшча.
25 траўня, год 1919
Я бачыў незвычайны сон. Як быццам на месцы манастыра, у якім быў наш прытулак, пабудавалі дзіўны дом, з крывымі сценамі і статуяй каня над уваходам. Я быў ўнутры і бачыў, што гэта падобна на вельмі вялікі тэатр. Я адзін раз быў з татам у тэатры і мне спадабалася. Дык вось, у гэтым тэатры выступаў нейкі чалавек, а на сцэне вісеў вянок з чырвонай зоркай. Чалавек казаў, што галоўнае гэта братэрскі саюз… і тут я прачнуўся…
2 чэрвеня, год 1919
Папа паклікаў мяне і сказаў, што раз цяпер мы жывем у Польшчы, то павінны стаць палякамі. Ён быў вельмі маркотны, мне нават здалося, што ён можа заплакаць. Але ён не заплакаў, а стаў гаварыць са мной пра польскую школу. Я не хачу ў польскую школу, але раз тата кажа, што мне трэба ў яе ісці, значыць — я так і зраблю!
7 траўня, год 1926
Я знайшоў гэты свой стары дзённік. Шмат гадоў прайшло з таго часу, як я пісалэм до него. Тэраз я амаль увесь час гавару на польскай мове. Цо ешчэ я мог бы додаць сюды. Старая настаўніца мая — Станішэўская — даўно памерла. Я пасля польскай школы хачу паступіць да польскага універсітэта. Хачу вучыцца ў Варшаве. Жывём мы з татам нядрэнна. Польшча паволі ўпрыгожвае, на кшталт Еўропы, наш крэсовы гарадок. Я хачу пакласці гэты сшытак у бутельку і выкінуць у Нёман. Можа хто-небудзь, калі-небудзь, знойдзе гэтыя запісы. Якімі б не былі тады людзі, і ў якой краіне б ні жылі яны, я мам надзею, што яны будуць любіць свае родныя мясціны.
Дождж сек зямлю з усіх сіл. Ён нiбыта хацеў разбіць усё, што ўдалося стварыць прыродзе і чалавецтву на тым кавалачку сушы, які называюць Беларусь. Але нават халоднае і сырое надвор'е беларускага лістапада, было для мяне вельмі прыемным. Я ведаў, што такое жыццё ўдалечыні ад сваіх родных палёў і лясоў, азёр і рэк, усяго таго, што я памятаю і ведаю з ранняга дзяцінства. Пяць гадоў прыйшлося мне пражыць ў іншай краіне, пакуль я працаваў у аддзеле археалогіі буйнога львоўскага інстытута. У тыя гады, падчас навучання любімай справе, я быў шчаслівы. Археолаг, гэта, як казалі ў нас на курсе, шкодны лад жыцця, а не прафесія. Успамінаць Украіну мне і зараз вельмі прыемна. Палi чарназёму, цэркаўкі ў стылі ўкраінскага барока, вясёлы гоман і нораў украінцаў, што любілі размаўляць на сваёй роднай мове. У тыя вучнёўскія гады ўсё гэта рабіла мяне энергічным і натхнёным. Менавіта там, ва Украіне, мы раскапалі дзесяткі найцікавейшых курганоў. Але я сумаваў па радзіме і заўсёды ведаў, што абавязкова вярнуся.
Асаблiва моцны выбух грому прымусіў мяне здрыгануцца. Палявыя працы ў лістападзе — гэта, вядома, пазнавата. Пазнаю сваё роднае надвор'е! І я вельмі рады, што яно такое!
— Здаецца, сёння нам больш не пакапацца, — сказаў мне Юрась, падыходзячы бліжэй.
Мы сядзелі ў сваіх палатках, недалёка ад шэрага курганоў, размешчаных на ўскрайку невялікага лясочка. Я глядзеў на шпіль касцёла, што тырчаў над вяршынямі сосен. У невялікай вёсачцы, дзе стаяў касцёл, жыла, мабыць, толькi сотня чалавек, але храм у іх быў такi, што не адарваць вачэй — прыгожы і стройны, хоць і суровы, як каменная гара, якая ўздымаецца з зямных нетраў. У вушах булькатаў гук дажджу: бам-бам-бам. Мне ўжо хацелася, каб дождж стаў слабець, і няўрымслівы бубнач зайграў цішэй. Але затое паветра! Гэта проста так не патлумачыш тым, хто не быў падчас дажджу на ўскраіне беларускага лесу!
— Так, падобна, што на сёння ўсё! — адказаў я Юрасю.
Гэты Юрась — не самы мой любімы калега. Часам Юрка дазваляў сабе мець зносіны з чорнымі капальнікамі, а яшчэ быў схільны прыхаваць нешта з ліку самых значных знаходак. Каламутны хлапчук! Але гэта жыццё. Трэба ўмець нармальна камунікаваць з усімі.
— Зганяю ў вёску. Можа ў мясцовых самагонкі дастану. Пагрэемся! — сказаў Юрась, ды весела падміргнуў.
— Ну давай, зганяй.
«Усё роўна піць не буду!» — падумаў я.
— Ну ўсё, пабег.
— Давай, Юрась, давай.
«А можа быць і варта было б выпіць цукроўкi. Ну, паглядзім, што там Юрка прыцягне.»
Але Юрась вярнуўся толькі пад раніцу. Відаць, знайшоў сабе прытулак у вёсцы. Можа піў палову ночы з мясцовымі мужыкамі, а можа і яшчэ неяк уладкаваўся. Быў ён бадзёры і быццам бы цвярозы, але дыхаў перагарам.
— Пайшлі капаць, ёлупень, — кісла ўсміхнуўшыся, сказаў я.