Я наведаў два гарадзенскіх замка, што стаяць на высокіх пагорках, якія тут называюць гарамі. Яны не здаліся мне падобнымі на сапраўдныя замкі, такія як бываюць у казках і гістарычных фільмах. Не-не! Адзін з іх — гэта не вельмі прыгожы палац з калонамі. Ён завецца Новы замак і ўпрыгожаны вялікім савецкім гербам і шпілем з чырвонай зоркай. Я б падумаў, што яго будавалі ў савецкія часы. Але пахадзіўшы па музеі, і паглядзеўшы экспанаты, я зразумеў, што яго проста перабудавалі і раней ён быў падобны на еўрапейскі палац. Ад таго часу засталіся вароты з прыгожымі скульптурамі сфінксаў. Мне здаецца, што дакладна такія ж я бачыў у Вене. Першапачатковы выгляд гэтага замка мне спадабаўся значна больш. Хоць вялікі савецкі герб таксама па-свойму цікавы. Другі называецца Стары замак. Гэта проста нейкі брыдкі будынак і рэшткі старых каменных сцен. Здаецца, гэты замак будуць аднаўляць і зробяць такім, якім ён быў раней. У абодвух замках музеі, у якіх няма амаль нічога сапраўды цікавага. Трохі старой зброі рыцараў, нейкія карціны і нават нешта савецкае. Хоць мне спадабаліся некаторыя залы Старога замка. У іх адчуваецца, што гэта ўсё ж такі нейкі стары будынак, дзякуючы тоўстым сценам і цяжкім скляпеннях. Са двара гэтага замка адкрываецца цудоўны від на раку і лес удалечыні. А яшчэ на незвычайную царкву, напалову драўляную і напалову каменную. Яе каменная частка выглядае па-сапраўднаму старажытнай. Гэта царква — Каложа. Яна мне вельмі спадабалася, сваёй незвычайнасцю. Такога я яшчэ не бачыў нідзе.
Недалёка ад замкаў ёсць Харальная сінагога. Вялікая і пышна ўпрыгожаная. Асабліва прыгожа яна выглядае з боку парка, які аддзяляе ад сінагогі вялікі абрыў. Круты будынак!
Мясцовая габрэйская грамада прыняла мяне радасна. Хоць яны і былі здзіўлены маім рашэннем пераехаць з Ізраіля ў Беларусь. Некаторыя з іх мараць пра Ізраіль, ім складана зразумець навошта мне гэтая краіна, гэтая халодная Беларусь. Мясцовая абшчына вельмі маленькая. Але гэта добрыя людзі. Яны пасмяяліся над тым, што я спрабаваў размаўляць з беларусамі па-беларуску. Адзін малады хлопец — Натан, патлумачыў мне, што беларусы амаль грэбуюць сваёй уласнай мовай, хоць і ёсць тыя, хто яе вельмі любiць і нават выкарыстоўвае у паўсядзённым жыцці. Але такіх мала.
Напішу трохі аб больш простых рэчах. Цэны ў крамах тут прыкладна як у Еўропе. Але Натан патлумачыў мне, што заробкі беларусаў значна менш еўрапейскіх. Самі беларусы ў асноўным вельмі спакойныя і звычайна ветлівыя, хоць і не вельмi ўсмешлівыя. Я бачыў тут і велізарную колькасць цемнаскурых прыезджых. Раней я думаў, што ў Беларусі не будзе наогул ніякіх замежнікаў. Але аказалася, што тут шмат студэнтаў з Афрыкі. Яшчэ я думаў, што тут значна больш п'юць гарэлку. Але сапраўды п'яных людзей тут не так і шмат. Тут яшчэ вельмі чыстыя вуліцы. У параўнанні з Парыжам гэта проста нейкая стэрыльная лабараторыя. Тут даволі шмат паліцыі, якая называецца міліцыя. Натан сказаў, што тут амаль няма сур'ёзных злачынстваў.
29 лютага 2016 года
Натан паказаў мне габрэйскую спадчыну горада. Аказваецца, за ракой была драўляная сінагога. Дзіўны будынак. Ніколі не бачыў падобны. Але цяпер ён існуе толькі на фотаздымках. За Харальнай сінагогай, быў цэлы яўрэйскі квартал. У горадзе яшчэ шмат сінагог. Яны значна меншыя, чым Харальная і не такія цікавыя. Аказваецца, у горадзе нарадзілася шмат вядомых габрэяў: паэт Найдус, Пол Бэран, які быў адным са стваральнікаў інтэрнэту, гангстэр Меер Ланскі, мастак Бакст.
За ракой да гэтага часу захоўваюцца старыя габрэйскія могілкі, усе зарослыя лесам.
Але самыя моцныя пачуцці ў мяне былі, калі мы ўвайшлі на тэрыторыю былога гета. Там нельга ўбачыць нешта асаблівае, акрамя помніка ў гонар габрэяў на браме, але я адчуваў фізічна частку болю майго народа, калісьці сабраную тут у адну вялікую раку, па якой душы іх прымушалі плыць бязлітасныя каты. Гэта былі дзіўныя, страшныя і незабыўныя хвіліны. Я не мог доўга знаходзіцца ў тым месцы.
3 сакавіка 2016 года
Тут усё яшчэ даволі холадна. Вельмі змрочна. Але я ўжо прызвычаіўся. Распавяду пра свае пачуцці. Я ўжо даволі доўга ў Беларусі. Самыя дзіўныя мае надзеі апраўдаліся. Гэты горад — Гродна, мне сапраўды спадабаўся. Хоць я працягваю думаць, што ён стане значна прыгажэйшы, калі сюды прыйдзе цяпло. Тут вельмі шмат габрэйскага. Гэта проста трэба ўмець заўважыць пад пластамі іншых культур. Гэта сапраўды прарадзіма майго народа, і тут ён жыў стагоддзямі, уцёкшы ад жорсткіх людзей, што прыгняталі вандруючы Ізраіль.
У Беларусі савецкі сцяг і мне кажуць тут, што Беларусь вельмі савецкая. Я ніколі не жыў у Савецкім Саюзе, і мне няма з чым параўнаць. Але я ўяўляў сабе камуністычныя краіны прыкладна такімі. Я не так дрэнна стаўлюся да камунізму, бо Карл Маркс быў такім жа габрэем як і я, але ўсё-такі не магу зразумець навошта камунізм патрэбен Беларусі цяпер, калі ў яе ёсць магчымасць зрабіць усё, як у Еўропе. Або Ізраілі.