Мае продкі жылі на захадзе беларускіх земляў. Тады гэта была Расійская Імперыя. Родным горадам быў для iх Гродна. Вось і ўсё, што я ведаю з расказаў старэйшых. Яшчэ бацька крыху ўспамінаў аб цэлым габрэйскім квартале ў Гродне, пра тую неверагодную атмасферу, што там панавала. Але ён ведаў гэта па расказах дзеда, якія слухаў не вельмі ўважліва. Таму сувязь з той зямлёй зараз у нас амаль страчана ў памяці нашай. Але не ў сэрцы.
Сям'я падтрымала мяне ў рашэнні ехаць. Вядома, яны былі вельмі здзіўлены маёй цікавасцю да Беларусі і яшчэ больш маім рашэннем туды паехаць. Але яны добрыя і разумныя людзі. Яны сказалі, што, мабыць, гэта мой шлях, прайшоўшы па якому я змагу больш даведацца пра сябе.
Раней я працаваў у фірме бацькі. Гэта вялікая і цікавая праца. І яна прыносіла немалы прыбытак. Так што грошы на паездку ў мяне ёсць.
Такім чынам, усё гатова. Я крыху хвалююся перад сустрэчай з Беларусю. З Гродна — горадам продкаў. У наступны раз я напішу ў гэты дзённік ужо пасля прыбыцця туды.
26 студзеня 2016 года
Я ў Гродне. Спачатку аб менш важным: пра тое, як я тут уладкаваўся. Я арандую маленькую кватэрку, у мініятурным доме з жоўтай цэглы. Ён здаецца даволі старым. Ён стаіць на вуліцы Рэйманта. Дзеля цікавасці я зазірнуў у інтэрнэт, каб даведацца хто такі Раймант. Аказалася, што гэта польскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Мне сорамна, але я нават ніколі не чуў пра яго, а ён жа атрымаў такі ганаровы трафей. Я плачу вельмі маленькія грошы за гэтую кватэру. Вакол шмат дрэў, і калі стане цёпла, яны напэўна заквітнеюць.
Цяпер пра надвор'е. Тут не так холадна, як я думаў. Маёй цёплай курткі больш чым дастаткова для таго, каб сагрэць мяне. Але я б хацеў пабачыць лета ў гэтай краіне.
Зараз аб больш важных рэчах. Пра сам горад. Я бачыў яго на выявах, але ўсё-ткі ён перасягнуў мае чаканні. Увесь ён ляжыць на земляных пагорках. На гэтых пагорках стаяць замкі і вялікія каталіцкія храмы. Па мерках Еўропы усё тое, што пабудавана на пагорках — даволі старое. Падзяляе горад даволі вялікая рака. Яна называецца Нёман. Непадалёк ад самага цэнтра горада ёсць густы, хвойны лес. Такім я ўяўляў сабе Шервудскi лес, калі чытаў пра Робін Гуда. Толькі гэты лес мае добраўпарадкаваныя сцяжынкі. Завецца ён Пышкі.
Мне яшчэ шмат трэба будзе ўбачыць у горадзе маіх продкаў. Я адчуваю ў ім нейкую асаблівую… я нават не ведаю, як перадаць гэта словамі. Гэта сапраўды асаблівае месца. Але ўсё ж такі мне здаецца, што Гродна — не зімовы горад. Тут шмат паркаў, пагоркаў і далін. І яны маюць патрэбу ў цяпле, каб заквітнець і радаваць чалавека.
Аказваецца, што беларуская мова не проста не вельмі папулярная тут. На ёй наогул ніхто не размаўляе. Мне так і не ўдалося пачуць яе на вуліцах. Яна ёсць толькі на шыльдах (трохі), і на мясцовым тэлебачаннi (таксама трохі). Але гэта не ўсё. Мясцовыя нават не маглі мяне нармальна разумець, калі я звяртаўся да іх на беларускай. Спачатку я думаў, што з-за майго вымаўлення. Але калі я паспрабаваў гаварыць з імі па-руску яны выдатна мяне разумелі, хоць маё рускае вымаўленне таксама, відавочна, не ідэальнае. Акрамя таго, мне падалося, што іх раздражняя і насцярожвая мая беларуская мова. Усё гэта здалося мне дзіўным. Цяпер я гавару на рускай. Не хачу бянтэжыць гараджан. Мне трохі шкада, што яны не хочуць гаварыць на мове сваіх продкаў, якую павінны былі ведаць і мае продкі габрэі. Некаторыя словы беларускай мовы гучаць вельмі звонка і прыгожа. Таму я хачу працягваць гэты дзённік на беларускай. Гэта крыху сумна і смешна, тое, што мова гэтага народа не патрэбная яму самому, але патрэбная такому замежнiку як я.
8 лютага 2016 года