Скарына. У Гданьску трэба знайсці купца Рамана Скарыну — ён мне пляменнік, а ў Вільні епіскапа Яна — я на службе ў яго быў сакратаром і лекарам. Расказаць абодвум, дзе я і што са мною. Толькі епіскап можа дапамагчы Раману сустрэцца з каралём.
Вартаўнік. Не возьмецца епіскап. Я іх натуру ведаю.
Скарына. Ян возьмецца. Ён каралю пазашлюбны сын. I любіць каралеву, як кот сабаку…
Вартаўнік. Хіба што…
Скарына. Мяне ж можа выратаваць толькі кароль, бо ўсе цянёты, як мне здаецца, сплецены на мяне за яго спінаю.
Вартаўнік. I кім жа?
Скарына. Думаю, што каралевай.
Вартаўнік. Во курва!
Скарына (
Вартаўнік. Тады менш размоў! Пішы, што трэба, а я тым часам мальцаў папярэджу, каб коней у дарогу рыхтавалі. Мой яшчэ нічога, а куплены не вельмі… (
V
Чалавек у чорным. Гаварыце. Там чакаюць. (
Бона. Кароль без улады — не кароль…
Чалавек у чорным. Дакладней!
Бона. Ён не можа распараджацца казною. Ён сядзіць у Кракаве, а ў Вялікім княстве верхаводзяць канцлер, гетман, ваяводы, кашталяны, маршалкі. Ён не можа адмяніць рашэнні сейма і паноў-рады. Канцлер у Вялікім княстве — большы кароль за караля ў Польшчы. Пад яго рукой сілы, якія маюць… усе магчымасці маюць…
Чалавек у чорным (
Бона. Непадуладныя каралю магнаты душаць шляхту, шляхта душыць мяшчан і сялян, а тыя шукаюць паратунку і бягуць з вёсак і маёнткаў у гарады. Шляхта бунтуе ў сеймах і судах, якія судзяць па асобных указаннях, па «сумленні» і «мудрасці», але толькі не па закону. Але калі шляхце даць закон, яна знясе самога караля… А на гэты раз яна, здаецца, атрымае закон. Як ні дзіўна, але кароль гэтага хоча. А хутчэй за ўсё не мае сілы супрацьстаяць канцлеру.
Чалавек у чорным. Што лютаране?
Бона. У Вялікім княстве іх адзінкі, у каралеўстве множацца, як саранча. Папскія эдыкты супраць ерэтыкоў ігнаруюцца. Умяшанні рымскай курыі выклікаюць выбухі нянавісці да каталіцкіх духоўнікаў. Тут і магнаты і шляхта яднаюцца. I тыя і другія гатовы адмяніць дзесяціну, павялічыць свае ўладанні за кошт царкоўных зямель і пазбавіцца залежнасці ад каралеўскай улады.
Чалавек у чорным. Каму кароль не давярае і з кім у згодзе?
Бона. Не давярае ў першую чаргу мне…
Чалавек у чорным. Мы не дзеля гэтага зрабілі Бону Сфорцу каралеваю…
Бона. Санта Мадонна! (
Чалавек у чорным. А што кароль?
Бона. Як заўсёды, кароль будзе хітрыць і з Гаштольдам і з каралеваю…
Чалавек у чорным. Як даўно Гаштольд сышоўся з доктарам Скарынай?
Бона. У іх былі адны настаўнікі ў Ягелонскім універсітэце. А яшчэ Гаштольд быў ваяводам полацкім. Менавіта пры ім купцы Скарыны выйшлі на гарады Еўропы і Масковію. Цяпер Гаштольд карыстаецца вучонасцю аднаго з гэтых Скарынічаў.
Чалавек у чорным. Адносіны каралевы з канцлерам?
Бона. Мы ворагі да смерці.
Чалавек у чорным. Не пра тое я!
Бона. Канцлер Гаштольд усімі сродкамі змагаецца за незалежнасць Вялікага княства супраць уніі з Польшчай. Ён жа ўстанавіў адносіны з аўстрыйскім дваром і з прускім герцагам Альбрэхтам. Ён жа авалодаў маёнткамі ў Троках, Вільні, Падляшшы, Любчы, Ашмянах, Біржы, Койданаве. Ён жа разам з Радзівілам пазбавіў мяне магчымасці набыць і адсудзіць маёнткі ў шэрагу паветаў Вялікага княства. I я прасіла б…
Чалавек у чорным. Наша вока ўсё бачыць. Наша вуха ўсё чуе. (
VI