Такія «пагардлівыя адносіны да распаўсюджваньня беларускіх кніг» - гэта агульная зьява ў БССР. Пісьменнік І.Шамякін, выступаючы на 4-ым Зьезьдзе беларускіх пісьменнікаў у лютым 1959 году, таксама сьцьвердзіў: «Але мы, пісьменнікі, часта чуем скаргі, што кніг не хапае. Гэтыя скаргі асабліва настойліва выказваюць вучні старэйшых клясаў і выкладчыкі беларускай літаратуры»[31]. Пра «пагардлівыя адносіны да распаўсюджваньння беларускіх кніг» найлепей сьветчыць наступны факт. У сувязі з XXII зьездам камуністычнай партыі адбыўся ў Менску 17 лістапада 1961 году адкрыты сход партарганізацыі Саюзу пісьменнікаў БССР. І характэрна: на сходзе менш за ўсё гаварылася аб партыйным зьезьдзе, а галоўная ўвага была зьвернутая на заганнае распаўсюджваньне беларускіх кнігаў. «Літаратура і Мастацтва», зьмяшчаючы справаздачу із сходу, пісала:
Старшы інспэктар праўленьня «Саюздруку» М.Палунічаў у артыкуле «Часапіс просіцца ў бібліятэку», прывёйшы некалькі фактаў байкатаваньня беларускіх кнігаў некаторымі бібліятэкамі гораду Магілева, паставіў пытаньне: «Ці ведамыя гэтыя факты Міністэрству культуры БССР і Беларускаму рэспубліканскаму савету прафсаюзаў?» І тут-жа даў адказ: «Так, ведамыя. Аднак ні Міністэрства культуры, ні Беларускі рэспубліканскі савет прафэсіянальных саюзаў па сутнасьці ніякіх практычных мер яшчэ ня прынялі... Ня выпісваюць беларускіх літаратурна-мастацкіх пэрыядычных выданьняў бібліятэкі сярэдніх і васьмігадовых школ. - Няхай гэтыя выданьні выпісваюць выкладчыкі за наяўны разьлік, - адказаў намесьнік Міністра асьветы БССР С.Умрэнка. - У нас грошай няма»[33].
Прыведзеныя факты даволі ілюструюць тую зьяву, што беларуская мова ў беларускай рэспубліцы адсунутая расейскай мовай зусім на задні плян. Яна дапушчаная да публічнага ўжываньня толькі ў некаторых галінах жыцьця, як мастацкая літаратура, у чым трэба бачыць наўперад заслугу беларускіх пісьменьнікаў, у штодзённай прэсе ды масава-прапагандавай літаратуры, што можна выясьніць палітыкай партыйнага кіраўніцтва, жыва зацікаўленага, каб гэтая літаратура й прэса даходзіла да найшырэйшых масаў жыхарства. Затое ўва ўсіх іншых галінах публічнага й грамадзкага жыцьця ўсяўладна пануе расейская мова, ня вылучаючы навет, як мы бачылі, і школьніцтва. Такім парадкам, расейская мова, як агульная для ўсяго СССР дзяржаўная мова, як мова «клясыкаў марксізму-ленінізму», «перадавой сацыялістычнай нацыі» й «вялікага рускага народу», як «мова міжнацыянальных лучнасьцяў» ды як «другая родная мова» ўсіх народаў Савецкага Саюзу, як яна афіцыйна абазначаецца, фактычна сталася першай мовай у грамадзкім, палітычным, адміністрацыйным і навет культурным жыцьці БССР. Беларуская-ж мова выціснутая на задні плян і дапушчаная фактычна да выконваньня адно падсобных ці пабочных і часткова паказальна-прапагандовых функцыяў.
Савецкая беларуская літаратурная мова