Увага: Тэксты савецкіх аўтараў цытуюцца ў гэтым артыкуле, як і наагул у беларускіх выданьнях у вольным сьвеце, паводля беларускага, а не зрусіфікаванага савецкага правапісу, устаноўленага моўнай рэформай 1933 году. Затое прыводжаныя далей прыклады беларускае савецкае літаратурнае мовы зь пералічаных вышэй выданьняў пададзеныя бязь ніякіх зьменаў паводля савецкага правапісу.

<p>Русіцызмы ў галіне марфалёгіі</p>

Яшчэ рэформа 1933 году ўвяла ў беларускую мову некалькі чужых ёй расейскіх марфалягічных асаблівасьцяў, выкінуўшы зь яе адпаведныя ім беларускія асаблівасьці. Гэтак для бальшыні назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку рэформа ўвяла канчатак (завода, інстытута, сацыялізма), заміж ужыванага ў беларускай мове канчатку (заводу, інстытуту, сацыялізму), а таксама заміж беларускіх канчаткаў назоўнікаў мужчынскага й ніякага роду ў давальным і месным склоне множнага ліку -ом, -ох (братом, аб гарадох), уняла канчаткі з расейскае мовы -ам, -ах (братам, аб гарадах). Таксама рэформаю 1933 г. было ўведзена ў беларускую мову некалькі расейскіх марфалягічных асаблівасьцяў у галіне лічэбнікаў і дзеясловаў.

З расейскіх элемэнтаў у скланеньні назоўнікаў, якія праніклі ў беларускую мову незалежна ад рэформы й выказваюць тэндэнцыю далейшага пашырэньня, варта адцеміць капчаткі -ей у родным склоне множ. л. назоўнікаў жаноцкага роду, тымчасам як нармальна ў беларускай мове павінен быць канчатак -яў. Гэтак у разгледжаных намі друкаваных тэкстах знаходзім: непрыемнасцей, магчымасцей, масцей, выпадковасцей, нечаканасцей, абласцей, цяжкасцей, сувязей, народнасцей і г.д. заміж беларускіх формаў: няпрыемнасьцяў, магчымасьцяў, масьцяў, выпадковасьцяў, нечаканасьцяў, вобласьцяў, цяжкасьцяў, сувязяў, народнасьцяў. Формы зь -ей (-эй) нармальна сустракаюцца ў беларускай мове толькі ў некаторых рэдкіх выпадках, як у словах касьцей, мышэй, і пад. Цікава, што канчаткі -ей заміж -яў сталіся амаль агульным правілам у мове першай катэгорыі разгледжаных намі савецкіх друкаваных тэкстаў (навуковая, палітычная, тэхнічная й публіцыстычная літаратура), затое ў мове другой катэгорыі тэкстаў (творы мастацкае літаратуры) выступаюць шмат радзей і звычайна зьяўляюцца паралельна - -яў побач зь -ей - навет у тых самых словах.

Гэтта варта адцеміць яшчэ адну русіфікацыйную зьяву ў галіне назоўнікаў, якая асабліва апошнім часам выказвае тэндэнцыю далейшага пашырэньня, хоць яна належыць не да марфалёгіі, а да этымалёгіі. Гэта чужыя беларускай мове суфіксы назоўнікаў -цель (парасейску -тель): Амялян Кручын у марах бачыў ужо сябе вызваліцелем родных мясцін (ТХ-ДП, 54); ён з'яўляецца самым лепшым выхавацелем (КБ, 45); Камуністычная партыя была натхніцелем і арганізатарам усенароднай барацьбы (ГБССР, 427); Польскія правіцелі... самі праводзілі каляніяльную палітыку (тамсама, 326); Асаднікі былі злейшымі ворагамі беларускага народа, ...душыцелямі яго нацыянальна-вызвольнай барацьбы (тамсама, 337). Узноў-жа, тымчасам як у тэкстах першай катэгорыі словы із суфіксам -цель зьяўляюцца вельмі часта, у тэкстах другой катэгорыі зьнаходзім іх адно як рэдкія выняткі.

Асабліва пашыраным сяньня русіцызмам у галіне прыметнікаў ёсьць паралельнае будаваньне найвышэйшае ступені прыраўнаньня прыметнікаў, побач з прыстаўкай най-, як нармальна ў беларускай мове, яшчэ й пры дапамозе займеньніка самы й звычайнай формы ступені прыраўнаньня. Прыкл.: Мой калгас самы багаты (АБ-ДЛ, 126); У атрадзе ён лічыўся лепшым знаўцам самых глухіх і самых кароткіх сцежак (МП-ЗП, III, 1956, 21); вырасце будынак самага справядлівага грамадзтва на зямлі (З, 15.09.1961); прадукцыйнасць працы, гэта... самае важнае, самае галоўнае для перамогі новага грамадзкага ладу (З, 15.09.61); калектыў... здольны вырашаць самыя цяжкія задачы (КБ, 43); будуецца Бярозаўская ДРЭС - самая буйная ў Беларусі (КБ,5); Камуністычны лад стварыў самыя спрыяльныя ўмовы для росквіту талентаў народа (З, 15.06.61). Пабеларуску апрача звычайнай формы з прыстаўкай най-, найвышэйшая ступень прыметнікаў можа быць створана таксама апісальным спосабам, пры дапамозе прыслоўя сама, але ня пры дапамозе займеньніка самы. Прыкл.: Мой калгас сама багаты, у атрадзе ён лічыўся найлепшым знатаком сама глухіх і сама кароткіх сьцежак, і г.д.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги