Часта ў бухгалтэрыі і ў кабінеце начальніка даводзілася чуць: «Калі ўпросім, калі ўгаворым, калі ўламаем таварыша Сушкова, будзем з вагонкаю, з абразным брусам». «Сушкоў, Сушкоў», — паўтаралася на кожнай нарадзе.
На станцыі Лапшанга, пры шаснаццатым лагпункце, была галоўная лагерная пільня, і ёю камандаваў нейкі ўсемагутны Сушкоў. Усе лагпункты залежалі ад яго. А піламатэрыялы былі патрэбны пазарэз — будаваць новыя баракі на новых лагпунктах. Лагер разрастаўся ўздоўж чыгункі і ў глыб тайгі. Ушчэнт спляжаныя тысячы дзялянак зарасталі хмызняком, дагнівала сучча, шумелі і падалі адзінокія семеннікі. На новыя, яшчэ не дабудаваныя лагпункты прыбывалі і прыбывалі свежыя этапы. Хоць якія яны там былі «свежыя»? Худыя, змардаваныя ў турмах, на следствах і ў перасылках людзі яшчэ трохі рухаліся, а без вопыту і сілы пра нормы на павале не было чаго і гаварыць.
З’явіліся «акружэнцы» ў абмотках, у пакарочаных шынялях без хлясцікаў, пятліц і папруг. Прыбывалі старасты і паліцаі з вызваленай Варонежчыны, прыгажуні з адбітых у немцаў гарадоў Крыма. Часова ставілі палаткі і неяк рассялялі новы «кантынгент», а начальства зноў стукалася да Сушкова з нарадамі і лімітамі ўпраўлення, а ён іх бязлітасна скарачаў і крэсліў. Відаць, эвакуіраваныя ўжо не месціліся ў гарадах і паселішчах вобласці. I пачалі з’яўляцца ў лагеры падлечаныя франтавікі і жанчыны з акупіраванай тэрыторыі. На першым часе яны губляліся ў незразумелых акалічнасцях, не ведалі, як з кім абыходзіцца. Часам бывалі далікатныя са старэйшымі інтэлігентнымі зэкамі. Для вольнанаёмных прыдумлялі розныя пасады, якіх раней не было. Увялі цэлы ўзвод наглядчыкаў за выкананнем унутранага рэжыму, яны па начах шасталі з барака ў барак, стаялі на варце «манастырскай» маралі, сачылі, каб пасля адбою па зоне ніхто не хадзіў, каб не было крадзяжу. Чым пільней сачылі наглядчыкі, тым больш было парушэнняў, нават з’явіўся спартыўны інтарэс абвесці вакол пальца «вертухаяў».
За быт адказваў намеснік начальніка, малодшы лейтэнант Надзеждзін, маленькі, з выцягнутым вяснушкавым тварам і качынаю дзюбкаю чалавечак. Ён кульгаў на правую нагу і яшчэ не навучыўся лаяцца шматпавярховымі мацюкамі, але неўзабаве авалодаў і гэтаю неабходнаю ў лагеры якасцю. Асабліва ашчадна ён насіў новенькія блішчастыя пагоны і чэкісцкую фуражку з блакітным верхам. Я доўга не мог прывыкнуць да пагонаў, бо помніў той час, калі «залатапагоннікаў» ставілі да сценкі або пагоны рассякалі шабляю разам з афіцэрскім тулавам.