Не без удзелу Віткова зімою сорак другога года брыгада крымінальнікаў раззброіла стралка, брыгадзір надзеў яго шынель і шапку, а канваіра ў бушлаце і малахаі паставіў апошнім у строй і павёў брыгаду нібыта на пагрузку. Далёка ад ачаплення стралка прывязалі да асіны, а самі рассыпаліся куды каторы. Брыгадзір з трыма надзейнымі сябрамі спрабаваў прабіцца з тэрыторыі лагера. Уся лагерная ахова была кінута на ліквідацыю ўзброеных уцекачоў, і тры дні ўвесь лагер не выводзілі на работу. Арыштанты малілі бога, каб хоць яшчэ з тыдзень доўжылася гэтая пагоня. Задубелага стралка адшукалі позна ноччу. Да раніцы завея пазамятала сляды ўцекачоў, і знайсці іх было не так проста. Тых, што прыбіліся пагрэцца да вёсак, за невялікую ўзнагароду выдавалі «пільныя» калгаснікі, хітрэйшых доўга выпорвалі з стагоў і кінутых на зіму заімак. Калі напалі на след брыгадзіра, той адстрэльваўся да апошняга патрона. Як толькі змоўклі стрэлы, спусцілі зграю аўчарак. Праз некалькі хвілін пачуўся яшчэ стрэл і віск параненага сабакі. Скусаных і абадраных чатырох уцекачоў дабівалі па дарозе на лагпункт. Натоўп крыважэрных стралкоў вымяшчаў злосць на няшчасных хлопцах, што цаною жыцця рваліся на волю, а жывыя кляліся, што марылі трапіць на фронт.
Чатыры скрываўленыя да непазнавальнасці трупы кінулі каля вахты, каб астатнія глядзелі і не думалі ўцякаць. З тыдзень на марозе ляжалі апруцянелыя нябожчыкі з выклеванымі вачыма, падзёўбанымі тварамі, над імі з крыкам кружыліся і садзіліся на здабычу вялізныя крумкачы.
Пасля гэтага кожную брыгаду вадзілі не адзін, а два стралкі — адзін наперадзе, другі — ззаду. А дзе іх было браць? Маладыя пайшлі на фронт, а замест іх прысылалі перастаркаў — белабілетнікаў, кульгавых, касавокіх, задыхаватых, абы мог насіць вінтоўку. Па броні аставаліся маладыя чырванамордыя камандзіры ўзводаў ды паджарыя, спрытныя на нагу «сабачнікі». Гэта пераважна былі садысты. Калі не дастрэльвалі ўцекача адразу, дык доўга цешыліся здзекамі з яго: аўчарка па загадзе свайго гаспадара спускала да ніткі ўсю адзежу з няшчаснага, па другой камандзе магла перагрызці глотку, парваць да касцей.
Памятаю, у ліпеньскую спёку над лесасекаю пракаціліся два стрэлы. Значыць, нехта ўцёк. У той бок, сігаючы цераз ламачча, пянькі і завалы, паімчаліся сабачнік з аўчаркаю і начальнік канвою. Усіх цікавіла: «Хто?» Удасца ўцячы ці спаймаюць? Праз паўгадзіны рагатала ўсё ачапленне: праз лесасеку сабачнік вёў голага, як маці радзіла, няўклюдага, маруднага, блізарукага кіеўскага вучонага Федчанку. Ён звычайна хадзіў апошні ў брыгадзе інвалідаў, як іх тут называлі, «хронікаў», на акорку падтаварніка, на падчыстку дзялянкі, нарыхтоўку лазы на лапці. Федчанка насіў акуляры з тоўстымі шкельцамі, праз іх вочы здаваліся вялікімі і пукатымі, а яго лічылі дзіваком, не разумелі яго разважанняў і з’едлівага, вельмі тонкага гумару. Каб хто пажартаваў: «Федчанка збіраецца ўцякаць», — ужо ўсе б рагаталі. А то вядуць голенькага, як Езуса, у жмені заціснутыя акуляры і трымае іх ніжэй пупка. «Глядзі, глядзі, снасць паказвае праз павелічальнае шкло, гы-гы-гы», — рагочуць дасціпныя жартаўнікі. Пацяшаецца і сабачнік Ташчакоў — то адпусціць павадок, і ашчэраная аўчарка з доўгім чырвоным языком вось-вось учэпіцца ікламі ў абвіслы зад вучонага, Федчанка войкае, увесь падцінаецца, спатыкаецца аб ламачча, шчыльней прыціскае да лабка акуляры і вінавата ўсміхаецца лесарубам. Адны глядзяць спагадліва, другія пад’юджваюць і строяць кпіны.
Нават оперупаўнаважаны не надта сур’ёзна паставіўся да ўцёку Федчанкі. Загадаў апрануць у транты трэцяга тэрміну, разы два выклікаў у сваю баковачку, склаў кароценькі пратакол і адпусціў. Пакуль адправяць на новы тэрмін, Федчанка сланяўся па зоне.
Неяк мы сустрэліся з ім каля сталоўкі, і я спытаў, няўжо і праўда, што ён хацеў уцячы. «Вядома, не, — адказаў Федчанка, — ішоў на верную смерць. Больш трываць не магу. Спадзяваўся — дастрэляць, і канец маім пакутам. Аж і тут не шанцуе», — горка ўсміхнуўся гэты ціхі, сімпатычны і добры вучоны. А я спрабаваў яго суцешыць, абнадзеіць, пераконваў, што пасля вайны разбяруцца з усімі намі. Пачаўся ж перагляд у 39-м годзе, некаторым адмянілі прысуды, а цяпер не да нас. Угаворваў і сам верыў, што прыйдзе збавенне, што будзем на волі і мы. Федчанка ўсміхаўся і паблажліва ківаў галавою, паглядзеў на мяне прасветленымі вачыма. «Блажен, кто верует», — сказаў і павольна пайшоў у барак.