Туманным адліжным надвячоркам дзяжурны прывёў мяне ў маленькі цьмяны пакойчык Надзеждзіна. Па дарозе ніяк не мог здагадацца, чым я правініўся і якая кара чакае мяне. Я зайшоў і па форме далажыў: «Па вашым выкліку зняволены такі-та з’явіўся». У кабінеціку было цёмна. Надзеждзін сядзеў на фоне акна, як заўсёды ў шапцы, за прыстаўным столікам былі відны абрысы незнаёмага. Толькі мільгала іскрынка яго цыгарэткі. Незнаёмы перапытаў: «Дык як ваша прозвішча?» Я па складах паўтараў яго. «Адкуль вы?» — і на гэта я адказаў. «У якія гады вучыліся ў школе?» Допыт і зварот на «вы» нічога добрага не абяцаў і пачынаў мяне злаваць. «А сваіх аднакласнікаў помніш?» — «А якое гэта мае дачыненне? Ды і выбілі ўсе імёны з памяці». — «Хто выбіў?» — наскочыў Надзеждзін. «Блатары і бандыты на этапе і ў шалмане», — схітраваў я.

«Успомні, Сяргей, з кім вучыўся», — здзівіў мяне такім зваротам незнаёмы. Падумалася, ці не новы «кум» з мяне нешта цягне. Нават на следстве мае школьныя сябры нікога не цікавілі. Няўжо нехта з іх засыпаўся і назваў мяне?

Незнаёмы ўстаў, пстрыкнуў выключальнікам, я зажмурыўся ад яскравага святла, прыкрыў вочы, каб агледзецца. Насупраць стаяў невысокі шыракатвары чалавек з пукатымі вачыма, у суконнай гімнасцёрцы з шырокім адкладным каўняром, глядзеў на мяне і ўсміхаўся. «Мяне ты хоць пазнаеш?» — «Здаецца, некалі бачыў, але дзе і калі, не прыпомню. Не ведаю, што ад мяне трэба». — «Тут пытанні задаём мы. А твой абавязак сумленна адказваць», — умяшаўся Надзеждзін. «Ведаю, чыстасардэчнае прызнанне і гэтак далей. У народзе гэта называюць: «кось-кось, пакуль у аглоблі». — «Эх, Сяргей, Сяргей! Як табе не сорамна? Хто цябе зацягнуў у гэтае балота контррэвалюцыі?» — «Следчыя Даўгаленка і Серашаў, а суддзя Карпік пацвердзіў і пачапіў тэрмін». — «Ну, ты даеш! Ха-ха-ха!» — зарагатаў мой субяседнік. «А Паўла Сушко помніш?» — «А як жа! Самы актывіст быў у школе, «авангардам» яго дражнілі, і сястру яго Анюту помню». — «I цяпер не пазнаеш? Я ж — Павел. Ніколі не думаў, што трапіш сюды. Ты ж быў такі прамоўца. Усе зайздросцілі табе. Значыць, ворагі не абмінулі цябе. I ты паддаўся. Эх, Сяргей, Сяргей. Мне сорамна за цябе». — «А мне няма чаго саромецца. Я і цяпер такі, як і тады ў камсамоле, такім і памру. А следчыя на маёй бядзе выканалі план, зарабілі павышэнне, а можа, і ардзянок... Я магу ісці?» — «Пачакай». — «Калі вам, грамадзянін Сушко, захацелася пацешыцца з гора пакутніка, дык у вас на лагпункце такіх і без мяне хапае». Звярнуўся да Надзеждзіна: «Дазвольце мне ісці, грамадзянін начальнік, бо прапушчу вячэру». — «Пазнаю твой характар. Ты і ў школе быў ганарысты. Вершыкі састаўляў, на сцэне іграў, задаваўся перад намі. А цяпер памяняліся ролі». Я перабіў яго: «Вязень і — турэмшчык». — «Э-э-э, не забывайся. Я не турэмшчык. Я вольны інжынер у сістэме ГУЛАГа». — «Мяне паклёп загнаў сюды, а ты па ўласным жаданні палез за калючы дрот і кожны дзень бачыш пакуты сумленных людзей».

«Маўчаць! — гыркнуў Надзеждзін. — У ізалятар захацеў?» — «Затым і выклікалі, што там не поўны камплект?» — «Заткніся! I тут прапаганду вядзеш!» — «Не трэба, Хрысанф Міканоравіч. Як-ніяк, а мой былы аднакласнічак. Пачуў знаёмае прозвішча і вушам не паверыў. Няўжо ён? I не памыліўся. Выходзіць, і ты са сваімі сцішкамі дастукаўся. Справай трэба было займацца і не думаць пра глупства. Ну што ж, ідзі, сумленна скупляй сваю віну».

Я не развітваючыся выйшаў. Сэрца закалацілася, і татахкала ў вушах. Дык вось хто той недасяжны таварыш Сушкоў? Колішні троечнік Паўлік. У школе ён хадзіў у ботах, сваёй работы суконных галіфэ і фрэнчы з накладнымі кішэнямі. На камсамольскіх сходах распінаў дзяцей «заможных бацькоў», а яго маці — Аміля Сушко была на ўвесь раён дэлегаткаю, на ўсіх мітынгах выступала. Хадзіла яна ў хромавых ботах, чырвонай касынцы, з «казлінаю ножкаю» ў зубах. Яна граміла шляхецкія засценкі, раскулачвала непаслухмяных суседзяў, на пачатку калектывізацыі ёй выдалі наган. Брахалі, што яна з ім і спала, баючыся нападу варожых элементаў. Граматы хапала на подпіс: «Суш... », а замест «ко» ставіла загагуліну. Але яна вельмі хутка засвойвала ўсе патрэбныя лозунгі і палітыку «настаяшчага мамента», ведала, хто галоўны вораг, хто падпявала, каго і як трэба знішчаць. Кожную прамову пачынала: «Таварышы, граждане і вы, несазнацельная маса! У настаяшчы мамент у кожнай шчыліне затаіўся вораг нашай савецкай улады». I ў імя сусветнай рэвалюцыі галодных жанок за жменьку каласкоў па ўказе ад сёмага жніўня 1932 года здавала на дзесяць гадоў, а іх дзетак выпраўляла жабраваць. Калектывізацыю яна праводзіла не меней як на 102 працэнты. Мужчыны цішком кпілі: «Амілька і нябожчыкаў абагуліла».

Перейти на страницу:

Похожие книги