Я тады яшчэ не ведаў, што і Амілю разам з раённым начальствам пасадзілі, судзілі ў нардоме, і знікла яна разам з усімі. А Паўлік, відаць, падчысціў анкету, дадаў да прозвішча «ов» і схаваўся ў гэтай смяротнай сістэме. А сустрэцца з ім давялося яшчэ раз. Гэта ўжо на волі, пасля маёй рэабілітацыі. Вяртаўся з Дубултаў, і на Рыжскім вакзале нехта меня гукнуў. Я азіраўся на ўсе бакі і нікога не пазнаваў. Праз натоўп праціснуўся Павел Сушко, падаў руку і памкнуўся абняць, а я нагнуўся, нібыта завязаць на чаравіку шнурок, а трэба было сказаць усё, што думаў пра яго. Пашкадаваў ці пасаромеўся. Ён нібы «радаваўся» за мяне, распытваў, як жыву. «Перавыхоўваюся. Па тваёй парадзе «искупляю» віну». — «Ты, брат, не гневайся. Такі быў час. I мне было не лёгка. А стала яшчэ цяжэй: у нас цяпер адны крымінальнікі, а з імі, сам ведаеш, як упраўляцца. Чуў, што ты зноў за сцішкі ўзяўся. Брось! Прыязджай да нас, вазьму загадчыкам піларамы. Аклад — во-о! Кватэра, харч, бясплатнае абмундзіраванне. Цяпер вашага брата бяруць». Я ўсміхнуўся: «Кажаш, бяруць? Яны бралі і раней, на пэўны тэрмін, а ты ў лагеры па прымусу ці па ўласнай волі? А як жыве твая маці?» Павел заліўся чырванню, пазаікаўся і схлусіў: «Загінула ў часе вайны». — «О, у вайну асабліва ходка сыпаўся наш брат. Мабыць, і яна, пакутніца, недзе хвойкаю ўзышла». Ён нічога не паспеў адказаць, — за рукаў тузанула кароткая азызлая кабета: «Балбочаш тут, а там чарга падыходзіць» — і павалакла майго колішняга аднакласнічка да касы.

Праз некалькі гадоў мой зямляк расказаў, што па дарозе з санаторыя Павел Сушко раптоўна памёр на тым жа Рыжскім вакзале. Мне стала шкада гэтую невідушчую ахвяру нашага часу.

Непаўналеткі

У лагер прыгналі дзяцей. I іх папярэджвалі суровыя канваіры: «Крок улева, крок управа...» Да вахты беглі жанчыны — думалі, можа, і іх дзеткі трапілі ў гэтае пекла. Глядзелі на маленькіх спалоханых арыштантаў і выціралі слёзы. Кожнай, відаць, успаміналіся свае асірацелыя сынкі і дачушкі. А яны ў нейкіх невядомых дзіцячых дамах страцілі свае прозвішчы, забываліся абліччы бацькоў і мацярок, баяліся прызнацца, чые яны і адкуль. Так выхоўваўся страх і комплекс непаўнацэннасці. Пільныя выхавацелі ведалі іх радаслоўную, зневажалі як маглі, прыціскалі дзе толькі можна, каб сцвердзіць сваю адданасць і класавую непрымірымасць.

А гэтыя ж за што? Горкія ж дзеці, мурзатыя, стрыжаныя хлапчукі і дзяўчынкі, усе ў нейкіх трантах з чужога пляча, з палахлівымі і галоднымі поглядамі. Жанчыны дапытваліся, адкуль яны, за што іх забралі. Адказ быў адзін: «указнікі» — і ўся геаграфія цэнтральнай Расіі. I тэрміны былі дзіўныя — ад года да трох. Што ж гэта за ўказ на дзяцей выйшаў? Старэйшыя растлумачылі — за спазненне, нявыхад на работу і на заняткі ў рамеснае вучылішча. З дванаццаці гадоў — турма.

I пайшлі па турмах і лагерах «сагрэтыя клопатамі бацькі народаў» маленькія нявольнікі набываць жыццёвы вопыт і крымінальную кваліфікацыю.

А ў школах, на піянерскіх лінейках, на плошчах не змаўкалі галасы заўтрашніх маленькіх арыштантаў: «Спасибо товарищу Сталину за счастливое детство!» Праспала дзіця, спазнілася на 20 хвілін у «рамяслуху» ці на сваю скрыначку пад нагамі на заводзе і загрымела ў лагер набываць камерную і барачную адукацыю.

Новенькіх непаўналетак размясцілі ў асобным невялікім бараку і далі ім у выхавальнікі сімпатычнага сівагаловага Івана Міхайлавіча Віткова, разважлівага і стрыманага, з прэтэнзіяй на галантнасць і інтэлігентнасць у гаворцы, з вялікім крымінальным вопытам і стажам у многіх лагерах. У начальства Віткоў лічыўся цалкам «перакаваным» і палітычна надзейным. Ён дасканала валодаў дэмагагічнай тэрміналогіяй таго часу, бязлітасна пясочыў «ворагаў народа», «пресекал враждебные разговорчики», быў у пашане ў «кума», а па сутнасці застаўся схаваным «паханом» (старэйшым кіраўніком) рэцыдывістаў. Па яго загадзе і наводцы трашчалі капцёркі, куфэркі і мяшэчкі рабацяг, нават уцекачы рыхтаваліся з яго дапамогаю і кансультацыяй, — ён даваў адрасы надзейных «малін» (прытулкаў) для ўцекачоў у Маскве, Пскове і Горкім.

Перейти на страницу:

Похожие книги