Калі разгрэблі пілавінне, мяккія месцы на Белянове былі паабразаны, а каля печы валяўся тоўсты дрот і з загнутым канцом. На ім Петухоў смажыў шашлык са свайго зменшчыка. Божа, да чаго мы дажылі, што зрабілася з людзьмі? Дый ці людзі гэта? Петухова забралі ў цэнтральны ізалятар. Ён нічога не адмаўляў, прызнаўся, што даўно хацеў адпомсціць Белянову за тое, што ганяў яго ад сталоўкі, а сам быў сыты. Далі Петухову дзесяць гадоў «с поглощением неотбытого срока». Фактычна ён страціў адзін адбыты год. Чаму б не забіваць пасля такога пакарання адзін аднаго на шашлыкі?

Праз месяц насупраць вахты спынілася маладая жанчына ў зграбным шынялі з лейтэнанцкімі пагонамі, у хромавых ботах і берэце з зорачкаю. Ад станцыі яна ішла пехатою з ладным чамаданчыкам. Зазірнула ў адчыненую інструменталку і пачала распытваць у пілаправаў, ці не ведаюць яе брата. Тыя адварочваліся, глядзелі ў дол і казалі, што не чулі такога. Побач з інструменталкаю быў ларок для вольных. Пайшлі па хлеб жонкі стралкоў. Убачылі маладзічку ў вайсковым, загаварылі, узяліся распытваць, што чуваць на волі, ці хутка даб’юць немцаў, ці не да мужа прыехала. «Не, — кажа, — да брата. Ён адважна ваяваў, быў узнагароджаны, ды нейкі стукач загнаў за гэты калючы дрот. Можа, чулі, Федзя Беляноў?» Жанчыны змоўклі, а самая гаваркая ляснула рукамі і завойкала: «Спазнілася, маладзічка...» У гэты час з вахты выйшаў начальнік. Франтавічка падышла да яго, прадставілася па ўсёй форме, падала дазвол на асабістае спатканне з братам. Начальнік доўга ўчытваўся ў вузенькую паперку, кусаў губы, нарэшце прамармытаў: «Няма на лагпункце вашага брата. Адправілі яго па спецнарадзе, а ў другім аддзеле, відаць, не паспелі адзначыць. Прабачце. Спяшаюся», — і пабег у бок казармы ўзброенай аховы. А тая языкатая не ўтрымалася і расказала ўсю праўду пра гібель яе брата. Жанчына захлыналася слязьмі і істэрычным крыкам кляла ўсіх і ўсё на свеце: «Звяры, звяры! Гэта вас трэба трымаць за калючым дротам замест сумленных людзей. Фашысцкая куля абмінула майго братачку, дык тут паліцаі даканалі!»

Жанкі суцяшалі яе, угаворвалі як умелі. Але хіба можна суцешыць у такім горы? Начальнік загадаў адвезці на яго стаенніку сястру Белянова на станцыю, а сам так і не адважыўся падысці да яе.

Тры палкоўнікі i ўзвод баптыстаў

Чаго толькі не было на трэцім лагпункце! Апрача цэхаў шырпатрэбу і швейнай фабрыкі была даволі вялікая цагельня, падсобная гаспадарка з цяпліцаю і парнікамі, бульбяным і капусным полем, конбаза, а за ёю гарбарня. Засуджаны на восем гадоў за забойства жонкі (за анекдот давалі дзесяць), высокі, прыгожы і шчыгульны Дзмітрый Белакапытаў вырабляў хром і шаўро на паліто для начальнікаў і іх жонак. Іх абшывалі лепшыя ленінградскія майстры Саша Крылоў і Вася Рамашкін. Побач з гарбарняю была адзіная ў лагеры ветэрынарная лячэбніца і біялагічная лабараторыя. Іх узначальваў мой аднакамернік па магілёўскай турме, былы дацэнт Віцебскага ветінстытута Міхаіл Васільевіч Капітанакі. Некалі ў камеры ўсе паўтаралі яго вершык: «Паечка, паечка, как же ты мила, паечка, паечка, как же ты мала».

Пасля многіх гадоў разлукі мы з Мішам сустракаліся як браты, асабліва калі я атрымаў пропуск. У лабараторыю часта прывозілі на аналізы вантробы, мяса выбракаваных коней і кароў. Пасля даследавання Капітанакі варыў іх і рабіў катлеты, часта дзяліўся і са мною. На палявыя работы, на конбазу і цагельню трэба былі людзі, кожны дзень выгружалі метраж і загружалі вагоны прадукцыяй фабрыкі.

Пад весну з невялікім этапам прыбылі тры палкоўнікі — былы начальнік аддзела бронетанкавага ўпраўлення Генеральнага штаба Іосіф Аляксандравіч Матуль, палкоўнік хімічных войск Герман Пятровіч Арцем’еў і інжынер-палкоўнік Георгій Іванавіч Гускін.

Удзельнік грамадзянскай вайны Матуль даношваў злінялую гімнасцёрку з цьмянымі слядамі садраных ордэнаў. Высокі, статны, са светлымі вусікамі і выразным шырокім тварам, вабіў стрыманасцю і сапраўднай інтэлігентнасцю. Гускіна паслалі на шырпатрэб нешта будаваць, хіміка Арцем’ева — з капытоў варыць сталярны клей.

Перейти на страницу:

Похожие книги