Людзі на спектаклях і канцэртах хоць на некалькі гадзін забываліся пра сваё гора. Ахвотна ігралі і самадзейныя артысты, каб не толькі думаць адно і тое ж, каб хоць на сцэне адчуць сябе чалавекам. Пасля прадстаўлення з дазволу начальніка нас карміў дадатковаю вячэраю загадчык сталоўкі Лазар Самуілавіч Гільман. Мы з ім былі землякі — абодва з Магілёўшчыны. Гільман у мінулым — чэкіст з вялікім стажам і вопытам, а да арышту працаваў наркамам унутраных спраў Казахстана і, вядома, з абавязкамі спраўляўся паспяхова. У канцы 1937 года яго выклікаў сам Яжоў. Гільман прыбыў у Маскву ў службовым вагоне і адразу з’явіўся да «гаспадара». Наркам спадзяваўся на павышэнне або на перавод у якую-небудзь бліжэйшую да цэнтра рэспубліку, а пра спагнанні і думкі не было: арышты казахскіх «нацыяналістаў» ішлі поўным ходам, турмы былі забітыя поўнасцю, тройкі працавалі як трэба.
Прыёму гаспадара ён прачакаў гадзін да пяці вечара. Патрымаў Яжоў яго некалькі хвілін па стойцы «смірна», папракнуў, што слаба працуе, мала выявіў ворагаў, загадаў актывізаваць аператыўную работу і зараз жа ехаць у Алма-Ату. Ноччу Гільман вяртаўся ў сталіцу Казахстана, па дарозе прыкідваў, каго яшчэ з «кітоў» можна ўзяць. Праз некалькі станцый ад Масквы ў купэ ўвайшлі тры малайцы ў цывільным, раззброілі казахстанскага наркама, прад’явілі ордэр на арышт, падпісаны Яжовым два тыдні назад, перасадзілі ў машыну і прывезлі на Лубянку ў адзіночку. Далі яму не многа, усяго пяць гадоў. Быў ён у лагеры бесканвойным начальнікам пагрузачнай калоны, загадваў прадуктовай капцёркаю і вось цяпер — сталоваю. Былы наркам цягнуўся перад лейтэнантам Цокурам і яго намеснікам, маладзенькім параненым франтавіком Лацьковым.
А начальнікам усяго лагера быў палкоўнік Пачтароў. Улада яго тут была неабмежаваная. Сто кіламетраў чыгункі, трыццаць лагпунктаў, дзесятак падкамандзіровак, сотні тысяч зняволеных, больш за тысячу вольных, уласны самалёт, салон-вагон. Лепшыя мастакі з усяго лагера распісвалі казачнымі сюжэтамі пакоі яго сына, чырванадрэўцы-разьбяры рабілі унікальную мэблю, былыя мадэльеры сталічных салонаў абшывалі яго сям’ю, начальнікі лагпунктаў даведваліся пра яго гастранамічныя густы і дагаджалі, як толькі маглі. Да яго прыезду ў зоне дарожкі пасыпалі жоўтым пясочкам, варылі гусцейшую баланду. Абходы Пачтароў часта пачынаў з кухні. Гільман перад ім цягнуўся ў струнку, хоць і вытыркалася чэрава, і зычна рапартаваў: «Гражданін начальнік, на катлавым давольствіі...» Пачтароў ляпаў яго па плячы: «Брось, старик. Как поживаешь? Не горюй. Скоро мы тебя определим». Пачтароў некалі быў у Гільмана ад’ютантам і цяпер спрыяў яму.
Увечары для Пачтарова давалі спецыяльна падрыхтаваны канцэрт. Выступалі некалі прафесійныя спявачкі Галя Істратава, Клава Крылова і выцягнуты з дахадзяг былы саліст маскоўскай аперэты Косця Штурм. Акрыялы і прыстойна апрануты, з добра пастаўленым голасам, ён зачараваў усіх рамансамі і франтавымі песнямі. А трапіў ён да нас з нейкай франтавой канцэртнай брыгады, за анекдот. Пакуль яго не падабраў Камракоў, Штурм у асноўным штурмаваў сметнікі і скрынкі з кухоннымі адкідамі. Лепшых салістаў Пачтароў загадаў прэміраваць картовымі касцюмамі па мерцы. Стрымаў ён і абяцанне свайму былому начальніку Гільману. Яго вызвалілі без права выезду з лагера і прызначылі намеснікам начальніка інваліднага лагпункта. Там адкрылі гадзіннікавую майстэрню — зборку з гатовых дэталяў. З трафейнага плексігласу дахадзягі выпілоўвалі і шліфавалі пісьмовыя прыборы з выяваю Спаскай вежы і гадзіннікам у цэнтры. I пасля вайны гэтых «шэдэўраў» лагернага мастацтва было поўна ў магазінах Масквы, Горкага, Калініна, і ніхто не здагадваўся, чыімі рукамі яны выпакутаваны.
Гільман на новай пасадзе выпрастаўся, у голасе пачуўся метал і інтанацыі загаду. Добра толькі, што не азвярэў, а некаторыя начальнікі з былых нявольнікаў, каб утрымацца на службе, станавіліся асабліва лютымі і няўмольнымі.
За зонаю прайшло і спынілася чалавек сорак вайскоўцаў без зброі, з рэчавымі мяшкамі, у многіх на злінялых прапацелых гімнасцёрках — ордэны.
Змораныя няблізкай дарогай, запыленыя і няголеныя, яны паселі на траве каля інструменталкі, здзіўлена і са страхам глядзелі на дзве рэдзі калючага дроту, на вышкі з вартавымі і паціху перагаворваліся на незнаёмай пявучай мове. Прывёў іх лейтэнант унутраных войск. Ён з вялікім партфелем прайшоў да начальніка лагпункта, праз некалькі хвілін туды ж паспяшаліся камандзір узвода аховы Грыгарэнка і «кум» Марозкін. Пакуль яны нешта вырашалі, салдаты прынеслі пайкі хлеба і два бачкі з баландою і кашаю. Агаладалыя вайскоўцы прагна елі арыштанцкую страву.
Неўзабаве да іх выйшлі Марозкін з Грыгарэнкам, нешта даволі ціха пагаварылі, падвялі да інструменталкі, салдаты пабралі пілы, сякеры і рыдлёўкі і з двума стралкамі без вінтовак пайшлі ў лес па дарозе на вёску Пруды.