Марозкін загадаў гаспадыні смажыць рыбу, кінуў на стол некалькі рублёў, каб дзе хоча дастала гарэлкі. «На чем-то жарить, начальник? Жиров нетути никаких. На сметане разве?» — «Давай на чем хошь!» Самагонку гаспадыня прынесла ў паўлітровым слоіку. На прыпечку на трынозе з трэскам смажылася рыба. Я ўсё яшчэ калаціўся пасля прымусовага купання. Марозкін разліў самагонку ў кантовыя шклянкі, адну падсунуў мне: «Погрейся и не дрожи, как шелудивый щенок, да не вякни, что уполномоченный подносил».
З непрывычкі хата і мае начальнікі паплылі кругам. Калі даелі рыбу, Марозкін захапіў свой партфель, спрытна ўскочыў у сядло і паехаў наперад. Мы з мокрымі торбамі рыбы ехалі павольна.
Я пацікавіўся ў Шылава, куды столькі рыбы. Ён змоўчаў. «Можа, ударніцам на прэмблюда?» — «Бач, чаго захацеў. Пачтароў прыязджае з праверкаю. Ён, кажуць, вельмі любіць свежую рыбу. Я сыду каля дома, а ты торбы занясеш начальніку».
Далей ехалі моўчкі. Шылаў звярнуў на разбітую лясную дарогу, і мы прыехалі да грэкаў. У іх ужо было некалькі зямлянак і шчыльных буданоў, пад стрэшкаю — кухня і сталоўка з двума доўгімі сталамі і лавамі.
Гэтыя напалову вольныя лесарубы лічыліся атрадам, а брыгадзір — камандзірам. Да нас падышоў невысокі, ладны, зарослы густою шчэццю капітан з многімі баявымі ўзнагародамі. З Шылавым ён гаварыў неахвотна, на пытанні адказваў абыякава, ды і не было ім пра што гаварыць. «А жывецца нармальна. Усім задаволены, толькі з богам не ў ладах — часта нас палівае, а мы не расцём, больш згінаемся». Гукнуў некага з лесарубаў, казырнуў і пайшоў на лесасеку.
Салдаты ў прасмоленых да хрусту гімнасцёрках, падраных на каленях штанах і брыджах, зарослыя і змрочныя, валілі векавыя сосны, церабілі іх і скочвалі ў штабелі піловачнік. Пайкі ім давалі трохі большыя, чым нам, у лазню прыводзілі два разы на месяц, але ніхто з іх не хацеў галіцца.
Канвою ў іх не было, але не было і ніякіх дакументаў. Хадзіць ім дазвалялася не далей вахты і вёскі Пруды. Прадукцыю іх прымаў вольнанаёмны дзесятнік, пайкі налічала лагерная бухгалтэрыя, хворых стралок прыводзіў у нашу санчасць. Так яны пакутавалі, пакуль не ўдарылі маразы і не закруцілі мяцеліцы. I зніклі сыны Элады гэтак жа нечакана, як і з’явіліся. А куды, ніхто не чуў і не ведаў.
Прыбыў вялікі этап з варонежскай турмы. Пераважна былыя старасты і паліцаі. Адносіны ў нас да іх былі аднолькавыя — пагарда і нянавісць. Лёсы нашых родных на акупіраванай тэрыторыі былі трагічныя, таму фашысцкіх паслугачоў ніхто не хацеў прымаць у сваю брыгаду, не хацелі з імі жыць у адным бараку, паселеных сілком заганялі пад нары, не адказвалі на пытанні.
Было ў этапе некалькі вайскоўцаў. Хто трапіў за непаслушэнства, хто за неабачліва сказанае слова, за празмерна праўдзівы ліст. Працавалі яны на шырпатрэбе і трымаліся ад аронежцаў асобна. Былы капітан, малады, інтэлігентны Федзя Беляноў на цыркулярцы раскройваў дошкі на плінтусы, на карнізы і вузенькія рэйкі. Аднойчы піла выбіла брусок, левая рука сарвалася і... далонь звалілася на станіну. У дваццаць пяць гадоў Федзя стаў інвалідам. Пасля бальніцы паставілі днявальным у сталоўцы. Ён па чарзе запускаў брыгады, сачыў, каб не выносілі міскі, потым іх збіраў на лано і адносіў мыць. Ганяў «шакалаў», каб не шасталі сярод рабацяг, не кралі пайкі і прэмблюды. Асабліва нахабны быў малы, гугнявы, з тварам, як цвікамі, пабітым чорнымі вуграмі Пеця Петухоў, Федзя быў старанны і сумленны днявальны. Рабацягі яго слухаліся і паважалі, а «шакалы» баяліся і ненавідзелі. Пры сталоўцы Федзя добра ад’еўся, пакруглеў, пачырванеў. Убачыў яго на абходзе начальнік і загадаў адправіць на шырпатрэб у сушылку. Работа там не цяжкая: падкінуў у печ абрэзкаў і пілавіння, сядзі і грэйся, пакуль не прагарыць.
Зменшчыкам у Белянова быў той самы «шакал» Петухоў. Гаварыць ім не прыходзілася: адзін здаў, другі прыняў змену, і разышліся. Трэцім сушыльшчыкам быў стары, з губернатарскаю, расчэсанаю на два бакі, сіваю барадою Віктар Шахаўцоў. Ён сябраваў з Беляновым, калі той яшчэ стаяў пры дзвярах, а Віктар качаў ваду і насіў дровы на кухню.
Аднаго разу пасля разводу мне сустрэўся спалоханы і задыханы Шахаўцоў. Я пацікавіўся, куды ён так ляціць. «На вахту, на вахту. Бяда ў нас у сушылцы». I стары расказаў: прыйшоў ён змяніць Петухова, а той не ідзе з сушылкі, нешта цягне, марудзіць, загаворвае зубы, а далей і кажа, каб не браў пілавіння з вялікай кучы, бо... там ляжыць... забіты Беляноў. Ноччу, кажа, прыйдзе на змену і да раніцы спаліць Федзю. Старому прыгразіў качаргою, а калі пікне, і ён будзе ў кучы пілавіння. Шахаўцоў думаў, што жартуе Пеця, грабянуў пілавінне, аж і праўда — тырчыць закручаная ў брудны бінт Федзева кукса. Кінуў сушылку і пабег на вахту. Я аслупянеў ад такой навіны. Здаецца, пара была прывыкнуць да смярцей, забойстваў, самарубаў, а тут страшнае было наперадзе.