Што за вайскоўцы, адкуль яны, навошта прыгналі сюды, ніхто не ведаў. Але і ў лагеры сакрэты трымаюцца не больш двухтрох дзён: гэта на фронце знялі з перадавой крымскіх грэкаў, пагрузілі ў вагоны і прывезлі сюды, але не загналі ў зону: яны ж не асуджаныя, амаль усе з ордэнамі, гвардзейскімі значкамі і нашыўкамі раненняў, многія члены партыі. Завялі іх у гушчар каля вёскі Пруды, загадалі ставіць сабе буданы, капаць зямлянкі і валіць лес «на патрэбы фронту».
У некага «наверсе» ўзнік недавер не толькі да крымскіх татар, але і да грэкаў. Усе яны нарадзіліся, выхаваліся на савецкай зямлі, прынялі і засвоілі патрэбную ідэалогію, сталі камуністамі, адважна ваявалі на перадавой, а ім не верылі толькі таму, што яны грэкі.
Праз пару дзён захмарыла, грымнула, рассекла небасхіл бліскавіца, з ветрам лупянуў дождж і не сціхаў двое сутак. Мы былі ў бараках, а нядаўнія воіны моклі і курчыліся ад холаду на голай зямлі ў буданах з яловага лапніку.
Іх экспедытар часам прыходзіў у лагер па прадукты. Ад вахты па зоне яго вёў стралок, каб «не ўступаў у кантакт з лагернікамі». Бесканвойныя з конбазы траплялі ў «Лясную Эладу», гаварылі з пакутнікамі-ардэнаносцамі і камуністамі без дакументаў. Іх партбілеты і вайсковыя кніжкі ляжалі ў сейфе Грыгарэнкі.
Новыя лесарубы ледзьве авалодвалі чужою для іх спецыяльнасцю. Днём іх заядалі авадні і сляпні, ноччу даймала плойма камароў, твары і рукі распухалі, гнаіліся пухіры. Жылі яны ў трохі лепш дагледжаных буданах, прыкіданых ссохлаю яловаю карою, страву варылі на вогнішчы ў вялікім казане, ваду насілі з копанкі, хадзілі зарослыя і брудныя. Але вольныя іх называлі «таварышамі», камуністаў запрашалі на партыйныя сходы ў чырвоны куток ваенізаванай аховы, а «вольныя» грэкі зайздросцілі нам, што жывём і працуем пад дахам.
Аднойчы мне давялося пабачыць іх лагер. А было гэта так: начальнік гаспадарчай часці, звольнены па раненні Шылаў, загадаў мне раніцай падаць да вахты асядланых коней начальніка, упаўнаважанага і загадчыка конбазы і самому сабрацца ў дарогу на ўвесь дзень. Куды, дзеля чаго ехаць, пытаць не дазволена.
Толькі я пад’ехаў да канавязі, з вахты выйшлі з цяжкімі партфелямі ўпаўнаважаны оперчэкісцкага аддзела Марозкін і Шылаў, селі ў сёдлы і загадалі ехаць следам. Марозкін хвастануў буланага стаенніка, закурыў пыл, і ён знік у гушчары лясной дарогі. Мы ехалі павальней. Відаць, Шылаву раненне давала сябе знаць на сядле.
Хутка пачуліся ў лесе галасы, гул і трэск спіленых сосен, пахла дымам лаўжоў. Налева ад дарогі была дзялянка «вольных» грэкаў.
Мы прыехалі ў кержацкую вёску Пруды. Марозкін ужо рассядлаў каня і чакаў нас каля вялікага, на два паверхі, дома. Унізе былі стайня, катухі для свіней, курэй і авечак, свіронак і кладоўка. Некалькі прыступак вялі ў хату. Сцены з чэсаных векавых соснаў адлівалі бурштынаваю жаўцізною, вышараваная да бляску падлога, пабеленая печ з умазаным люстэркам, мноства вазонаў здзівілі мяне чысцінёю і акуратнасцю.
Мае начальнікі пабралі партфелі, і мы пайшлі праз сталочаны кароўмі і коньмі выган. Быў пачатак верасня, дзьмуў сіверны вецер, неба засцілалі нізкія хмары, часам паміж іх бліскала і знікала сонца. Перад намі была шырокая з крутымі берагамі лясная рака Кержанец. Вада здавалася свінцова-сіняю, узвіхраныя хвалі біліся ў глеістыя берагі. За ракою стаялі скіты і каплічкі колішніх раскольнікаў. Вось чаму многіх старавераў завуць «кержакамі». Яны гэтую назву прынеслі і ў Сібір.
Марозкін загадаў мне распранацца. Дзеля чаго, я адразу не мог уцяміць. «Казалі, што ты добра плаваеш, вось і паплавай на агульную карысць. Цяпер закурвай». Закурылі і яны, дасталі з партфеля тры пляшкі з нейкім жаўтаватым парашком і правадкамі, уткнутымі ў рыльцы. Адну пляшку далі і мне. «Як толькі загарыцца шнур, кідай далей пляшку ў ваду». Папяросамі падпалілі запалы, і паляцелі пляшкі ў рэчку. Над хвалямі пагайдаліся тры дымкі, магутны выбух скалануў берагі, пасярэдзіне ўзняўся высокі фантан мутнай вады, і хвалі ўкрыліся белымі чэравамі вялізных ляшчоў, лінёў і акунёў. «Хутчэй плыві і выкідай на бераг!» Я кінуўся ў сцюдзёную ваду, хапаў коўзкія рыбіны, а яны, недаглушаныя, выкоўзваліся з рук. Штук пяцьшэсць паспяваў выкінуць на бераг, астатніх зносіла хуткая плынь.
Дрыжучы, выбіраўся з ракі, браў прыкураную папяросу, і зноў ляцелі ў ваду пляшкі з толам. Вада пакрывалася глушанаю рыбаю, я стараўся вылавіць як мага больш, але набытак быў невялікі. Больш ішло ў глум. Марозкін мацюкаўся і камандаваў: «Хапай вунь тую! Пад жабры яе! Ты што як нежывы паварочваешся?! Трымай шчупака!» Пасля апошняй закідкі я ледзьве выпаўз на бераг — біла ліхаманка, з рота лілася вада, ссінелае цела ўкрылася пупышкамі.
Невялікі набытак склалі ў дзве торбы. Прадзьмутыя ветрам, дрыжалі і мае начальнікі. Подбежкам выправіліся ў вёску.